Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Захарыі 12 Захарыі 12 разьдзел

1 Цяжар слова ГОСПАДА пра Ізраіля. Кажа ГОСПАД, Які расьцягнуў неба, і заснаваў зямлю, і ўкшталтаваў дух чалавека ў нутры ягоным.
2 Вось, Я зраблю Ерусалім келіхам хістаньня для ўсіх народаў навокал, і таксама будзе для Юды, калі будуць аблягаць Ерусалім.
3 І станецца ў той дзень, што Я зраблю Ерусалім цяжкім камянём для ўсіх народаў. Усе, якія будуць падымаць яго, калецтвам скалечацца, і зьбяруцца супраць яго ўсе народы зямлі.
4 У той дзень, кажа ГОСПАД, Я ўдару кожнага каня жахам, а вершніка ягонага — шаленствам; і на дом Юды Я адкрыю вочы Мае, а ўсіх коней народаў Я ўдару сьлепатою.
5 І скажуць князі Юды ў сэрцы сваім: «Сіла для жыхароў Ерусаліму — у ГОСПАДЗЕ Магуцьцяў, Богу іхнім».
6 У той дзень Я зраблю князёў Юды як казан з агнём сярод дроваў і як паходню запаленую сярод снапоў, і яны пажаруць справа і зьлева ўсе народы навокал, і Ерусалім будзе зноў населены на месцы сваім, у Ерусаліме.
7 І збавіць ГОСПАД спачатку намёты Юды, каб не вывышалася слава дому Давіда і слава жыхароў Ерусаліму па-над Юду.
8 У той дзень будзе бараніць ГОСПАД жыхароў Ерусаліму, і той, які спатыкаецца сярод іх, у той дзень будзе як Давід, а дом Давіда будзе як Бог, як анёл ГОСПАДА перад абліччам іхнім.
9 І станецца ў той дзень, што Я буду шукаць, каб зьнішчыць усе тыя народы, якія выйдуць супраць Ерусаліму.
10 І Я выльлю на дом Давіда і на жыхароў Ерусаліму Дух ласкі і маленьня, і яны будуць глядзець на Таго, Якога яны прабілі, і будуць галасіць па Ім, як галосяць па адзіным [сыне], і будуць горка плакаць па Ім, як горка плачуць па першародным.
11 У той дзень будзе вялікае галашэньне ў Ерусаліме, як галашэньне Гадад-Рымона ў даліне Мэгідо.
12 І зямля будзе галасіць, кожная сям’я асобна: сям’я дому Давіда асобна, і жанчыны іхнія асобна; сям’я дому Натана асобна, і жанчыны іхнія асобна;
13 сям’я дому Левія асобна, і жанчыны іхнія асобна; сям’я Шымэя асобна, і жанчыны іхнія асобна,
14 усе сем’і, якія засталіся, кожная сям’я асобна, і жанчыны іхнія асобна.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Захарыі, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023