Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Захарыі 10 Захарыі 10 разьдзел

1 Прасіце ў ГОСПАДА дождж у час позьняга дажджу. ГОСПАД блісьне маланкаю і дасьць залеву дажджу, [дасьць] кожнаму траву ў полі.
2 Бо балваны гавораць беззаконьне, і прадказальнікі бачаць хлусьню і распавядаюць пра сны марныя, пацяшаюць марнасьцю. Дзеля гэтага яны бадзяюцца, як авечкі; яны прыгнечаныя, бо няма пастыра.
3 На пастыраў Я загневаўся гневам Маім, і казлоў Я наведаю, бо наведае ГОСПАД Магуцьцяў чараду Сваю, дом Юды, і паставіць іх, як слаўнага каня Свайго на бітву.
4 З яго — кутні [камень], з яго — калок [намёту], з яго — лук баявы, з яго выйдуць усе кіраўнікі разам.
5 І яны будуць, як волаты, якія топчуць вулічнае балота ў бітве, і будуць ваяваць, бо ГОСПАД з імі, і асаромяць вершнікаў на конях.
6 І Я ўмацую дом Юды, і дом Язэпа выбаўлю, і вярну іх; бо Я зьлітуюся над імі, і яны будуць, быццам Я не кідаў іх, бо Я — ГОСПАД, Бог іхні, і Я адкажу ім.
7 І будзе Эфраім, як волат, і ўзрадуецца сэрца іхняе, як ад віна. І сыны іхнія ўбачаць і ўзрадуюцца; сэрца іхняе будзе цешыцца ў ГОСПАДЗЕ.
8 Я засьвішчу ім і зьбяру іх, бо Я адкупіў іх, і яны будуць множыцца, як множыліся [раней].
9 І Я расьсею іх паміж народамі, але ў [зямлі] далёкай яны будуць узгадваць Мяне, і будуць жыць з сынамі сваімі, і вернуцца.
10 І Я вярну іх з зямлі Эгіпецкай, і з Асірыі зьбяру іх, і ў зямлю Гілеад і на Лібан прывяду іх, і ня [будзе хапаць] месца для іх.
11 І ён пройдзе праз мора нядолі, і разаб’е хвалі марскія, і высахнуць усе глыбіні ракі, і ўпадзе пыхлівасьць Асірыі, і скіпетр Эгіпту будзе забраны.
12 І Я ўмацую іх у ГОСПАДЗЕ, і ў імя Ягонае яны будуць хадзіць, кажа ГОСПАД.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Захарыі, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023