Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Захарыі 10 Захарыі 10 разьдзел

1 Прасіце ў Госпада дажджу ў час, калі дождж спазняецца. Госпад выклікае маланкі і дасць дождж з хмараў кожнай раслінцы ў полі.
2 Бо тэрафімы гавораць пустое, і вешчуны бачаць падман, і сны — падманныя, цешаць надарма; таму блукаюць яны, як статак, вынішчаюць іх, бо не маюць яны пастуха».
3 «Разгарэлася абурэнне Маё супраць пастухоў, і казлоў я пакараю: напэўна, наведае Госпад Магуццяў статак свой, дом Юды, і зробіць з імі, як з канём славы Сваёй у баі.
4 З яго — вугал, з яго — калок, з яго — лук баявы, з яго выйдзе кожны загадчык разам.
5 І будуць яны — як мужныя ваяры, якія ў баі топчуць смецце дарогі, і будуць ваяваць, бо Госпад з імі; і вершнікі на конях будуць пасаромлены.
6 І ўзмацую дом Юды, і збаўлю дом Язэпа, і прывяду назад іх, бо пашкадую іх; і будуць яны, як быццам Я іх не адкінуў: бо Я Госпад, Бог іх, ды выслухаю іх.
7 І будуць яны — як мужныя ваяры Эфраіма, ды будзе цешыцца сэрца іх, як ад віна, і дзеці іх будуць гэта бачыць і цешыцца, і будзе радавацца сэрца іх у Госпадзе.
8 Засвішчу ім і збяру іх, бо адкупіў іх, і стануць яны шматлікімі, як былі шматлікімі раней.
9 І расцярушу іх паміж народамі, і будуць памятаць пра Мяне, знаходзячыся далёка; і выгадуюць дзяцей сваіх, і вернуцца.
10 І вярну іх з зямлі Егіпецкай, і з Асірыі забяру іх, і завяду іх у зямлю Галаад і Лібан, ды не знойдзецца ім месца.
11 І будуць праходзіць праз мора трывогі, і ўдарыць іх хваля марская, і высахнуць усе глыбіні ракі; ды будзе ўпакорана пыхлівасць Асірыі і валадаранне Егіпта спыніцца.
12 Зраблю іх моцнымі ў Госпадзе, і будуць хадзіць яны ў імя Яго», — кажа Госпад.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Захарыі, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017