Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Захарыі 2 Захарыі 2 разьдзел

1 І падняў вочы свае і ўбачыў: і вось, чалавек, у руцэ якога землямерная вяроўка.
2 І я запытаўся: «Куды ты ідзеш?» І ён адказаў мне: «Хачу вымераць Ерузалім, каб пазнаць: якая яго шырыня і якая яго даўжыня».
3 І вось, анёл, які гаварыў да мяне, выйшаў, і другі анёл выйшаў яму насустрач; і яму ён сказаў: «Паспяшайся,
4 скажы юнаку таму, кажучы: “Ерузалім застанецца без муроў дзеля мноства людзей і жывёлы ў ім”.
5 “І Я яму буду, — кажа Госпад, — агністым мурам вакол і праслаўлюся пасярод яго.
6 Бяда, бяда! Уцякайце з паўночнае зямлі, — кажа Госпад, — бо на чатыры вятры нябесныя Я расцерушыў вас”, — кажа Госпад».
7 Гора табе, Сіёне, уцякай, які пражываеш у дачкі Бабілона!
8 Бо вось што кажа Госпад Магуццяў дзеля Яго славы паслаў Ён Мяне да народаў, якія абрабавалі вас: «“Хто кране вас, той кране зрэнку вока Майго.
9 Бо вось, падыму Я руку Сваю супраць іх, і яны стануць здабычай паслугачоў сваіх; і пазнаеце, што Госпад Магуццяў паслаў Мяне”.
10 “Радуйся і цешся, дачка Сіёна! Бо Я ўжо іду і пасялюся сярод цябе, — кажа Госпад. —
11 І ў той дзень многія народы звернуцца да Госпада і будуць Яму народам. І абжывуся ў цябе, і ты будзеш ведаць, што Госпад Магуццяў паслаў Мяне да цябе”».
12 І будзе валодаць Госпад Юдаю, Сваёй спадчынай у святой зямлі, і выбера Сабе зноў Ерузалім.
13 Хай замаўчыць усякі чалавек перад абліччам Госпада, бо паўстаў Ён са святога Свайго жытла.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Захарыі, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017