Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Захарыі 9 Захарыі 9 разьдзел

1 Прысуд. «Слова Госпада ў зямлі Гадрах і ў Дамаску, дзе будзе яго адпачынак, бо Госпадава ёсць вока Арама, як і ўсе пакаленні Ізраэля.
2 Таксама Эмат у яго межах, і Тыр, і Сідон, які з’яўляецца вельмі мудрым.
3 І Тыр пабудаваў свой вал абароны і назбіраў срэбра, як пылу, і золата, быццам смецця на дарогах.
4 Вось, Госпад авалодае ім і знішчыць моц яго на моры; і ўсё будзе спалена агнём.
5 Убачыць гэта Аскалон — і спалохаецца, і Газа ўстрывожыцца надта, ды Акарон, бо пасаромлена яго надзея; і прападзе цар Газы, і Аскалон стане бязлюдным.
6 І ў Азоце будзе жыць народ, што народжаны па-за шлюбам, ды сатру пыхлівасць філістынца.
7 І выму яго кроў з вуснаў яго і агіднасць яго з зубоў яго, і ён таксама будзе пакінуты Богам нашым, і будзе як бы правадыром у Юдзе, і Акарон, як евусей.
8 І Я пастаўлю дом Свой, як абарону ад уваходзячых і выходзячых; і не ўвойдзе болей да іх крыўдзіцель, бо Я цяпер гляджу Маімі ўласнымі вачамі.
9 Цешся радасна, дачка Сіёна, гамані, дачка Ерузаліма. Вось, ідзе да цябе Валадар твой, Ён справядлівы і збаўца, ціхмяны, Які сядзіць на асліцы і на асляняці, сыне пад’ярэмнай.
10 І Я знішчу калясніцы Эфраіма і коней у Ерузаліме; і будзе зламаны лук ваенны, і Ён абвясціць супакой народам. І Яго валадаранне ад мора аж да мора, і ад ракі аж да канцоў зямлі.
11 Ты таксама: дзеля крыві прымірэння твайго выцягваю вязняў тваіх са студні, у якой няма вады.
12 Вярніцеся ў крэпасць, вязні надзеі; сёння таксама абвяшчаю, што аддам табе ў два разы.
13 Бо нацягнуў Сабе Юду, як лук, напоўніў Эфраім; і падыму сыноў тваіх, Сіёне, супраць сыноў тваіх, Грэцыя, і зраблю з цябе меч магутны.
14 І з’явіцца над імі Госпад, і, як маланка, вылеціць яго страла; і загрыміць Госпад Бог у трубу, і пойдзе ў бурах паўднёвых.
15 Госпад Магуццяў бараніць іх будзе; і знішчаць яны, і стопчуць камяні прашчаў, і будуць піць, шумець, як віно, і напоўняцца, як ахвярныя чашы і як рогі ахвярніка.
16 І ў той дзень збавіць іх Госпад, Бог іх, як статак народа Свайго, бо яны, як каштоўныя камяні ў вянцы, будуць свяціцца над Яго зямлёй.
17 Што бо ёсць добрае ў Яго і што ёсць прыгожае ў Яго! Збожжа будзе расціць юнакоў, і маладое віно — дзяўчын.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Захарыі, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017