Да Рымлянаў 16 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Даручаю ж вам Фэбу, сястру нашую, якая ёсьць служыцелькай царквы ў Кенхрэях,
 
Даручаю вам Фебу, сястру нашу, якая ёсць служкаю царквы, што ў Кенхрах,

каб вы прынялі яе ў Госпадзе, як дастойна сьвятым, і дапамаглі ёй, у чым яна будзе мець у вас патрэбу, бо і яна была падтрымкай для многіх і для мяне самога.
 
каб прынялі яе ў Госпадзе, як належыць святым, і дапамаглі ёй ва ўсім, у чым яна будзе мець ад вас патрэбу, бо яна дапамагала многім і мне самому.

Прывітайце Прыскілу і Акілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысьце Ісусе,
 
Прывітайце Прыску і Аквілу, супрацоўнікаў маіх у Хрысце Ісусе,

якія за душу маю падстаўлялі шыі свае, якім ня я адзін дзякую, але і ўсе цэрквы паганаў, і царкву, якая ў іхнім доме.
 
якія за маю душу падставілі свае галовы, якім не толькі я ўдзячны, але ўсе цэрквы паганаў,

Прывітайце Эпэнэта, улюбёнага майго, які ёсьць зачаткам Ахаі для Хрыста.
 
а таксама і хатнюю іх царкву. Прывітайце мне мілага Эпенета, першынца ў Хрысце з Азіі.

Прывітайце Марыю, якая шмат працавала дзеля нас.
 
Прывітайце Марыю, якая многа папрацавала для нас.

Прывітайце Андроніка і Юнію, сваякоў маіх і вязьняў са мною, якія знакамітыя між апосталаў і якія раней за мяне былі ў Хрысьце.
 
Прывітайце Андраніка і Юнію, сваякоў маіх, увязненых разам са мною, праслаўленых сярод Апосталаў, якія перш за мяне былі з Хрыстом.

Прывітайце Амплія, улюбёнага майго ў Госпадзе.
 
Прывітайце любага мне ў Госпадзе Амплія.

Прывітайце Урбана, супрацоўніка нашага ў Хрысьце, і Стахія, улюбёнага майго.
 
Прывітайце нашага супрацоўніка ў Хрысце Урбана ды мілага мне Стахія.

Прывітайце Апэлеса, выпрабаванага ў Хрысьце. Прывітайце тых, якія Арыстабулавы.
 
Прывітайце выпрабаванага ў Хрысце Апэлеса. Прывітайце тых, што з дому Арыстабула.

Прывітайце Ірадыёна, сваяка майго. Прывітайце з Наркісавых тых, якія ў Госпадзе.
 
Прывітайце Герадыёна, сваяка майго. Прывітайце тых, што з дому Нарцыза, якія ў Госпадзе.

Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, якія працуюць у Госпадзе. Прывітайце любую Пэрсіду, якая шмат працавала ў Госпадзе.
 
Прывітайце Трыфэну і Трыфосу, што працуюць для Госпада. Прывітайце мілую Пэрсыду, якая многа папрацавала для Госпада.

Прывітайце Руфа, выбранага ў Госпадзе, і маці ягоную і маю.
 
Прывітайце выбранніка ў Госпадзе Руфа і маці яго і маю.

Прывітайце Асінкрыта, Флегонта, Германа, Патроба, Гермеса і братоў, якія з імі.
 
Прывітайце Асынкрыта, Флегонта, Герма, Патроба, Гермія ды братоў, што разам з імі.

Прывітайце Філялёга і Юлію, Нэрэя і сястру ягоную, і Алімпана, і ўсіх сьвятых, якія з імі.
 
Прывітайце Філалога і Юлію, Нэрэя і яго сястру, Алімпа ды ўсіх святых, што разам з імі.

Прывітайце адзін аднаго ў сьвятым пацалунку. Вітаюць вас цэрквы Хрыстовыя.
 
Прывітайце ўзаемна адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас цэрквы Хрыстовы.

Прашу вас, браты, зважайце на тых, якія робяць нязгоду і згаршэньні насуперак вучэньню, якому вы навучыліся, і ўхіляйцеся ад іх.
 
Прашу вас яшчэ, браты, каб асцерагаліся тых, што чыняць нязгоду і перашкоды супраць навукі, якой вы навучыліся. Ухіляйцеся ад іх!

Бо гэткія служаць ня Госпаду нашаму Ісусу Хрысту, але свайму жывату, і красамоўствам ды ласкавасьцю зводзяць сэрцы нявінных.
 
Такія людзі не служаць Госпаду нашаму Ісусу Хрысту, але жывату свайму, і салодкімі словамі і красамоўствам зводзяць сэрцы нявінных.

Бо вашая паслухмянасьць вядомая ўсім, дык я радуюся дзеля вас, але хачу, каб вы былі мудрыя на добрае і не зьмешаныя з ліхім.
 
Бо ваша паслухмянасць вядома ўсім. Дык радуюся за вас, але прагну, каб вы былі мудрымі на дабро і беззаганнымі ў ліхім.

А Бог супакою неўзабаве скрышыць шатана пад нагамі вашымі. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амэн.
 
Бог жа супакою хутка скрышыць шатана пад нагамі вашымі. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі!

Вітаюць вас Цімафей, супрацоўнік мой, і Луцый, і Язон, і Сасіпатр, сваякі мае.
 
Вітаюць вас Цімафей, супрацоўнік мой, і Луцый, і Язон, і Сасіпатар, сваякі мае.

Вітаю вас у Госпадзе я, Тэрцый, які пісаў гэтае пасланьне.
 
Вітаю вас у Госпадзе і я, Тэрцый, які напісаў ліст у Госпадзе.

Вітае вас Гай, гасьцінны для мяне і для ўсяе царквы. Вітае вас Эраст, скарбнік гораду, і брат Кварт.
 
Вітае вас Гай, гасцінны для мяне і для ўсёй царквы. Вітае вас Эраст, скарбнік горада, і брат Кварт.

Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн.
 
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.

А Таму, Які можа ўмацаваць вас паводле Эвангельля майго і пропаведзі Ісуса Хрыста, паводле адкрыцьця таямніцы, пра якую замоўчвалася ад часоў адвечных,
 

і якая цяпер яўлена праз прарочыя Пісаньні і, паводле загаду Адвечнага Бога, абвешчана ўсім народам, [каб прыйшлі да] паслухмянасьці веры,
 

Адзінаму Мудраму Богу праз Ісуса Хрыста слава на вякі. Амэн.