Да Рымлянаў 9 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Праўду кажу ў Хрысьце, не хлушу, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым,
Праўду кажу ў Хрысце, не маню, сведчыць аб гэтым маё сумленне ў Духу Святым,
што вялікі смутак мой і няспынны боль у сэрцы маім,
што вялікі смутак у мяне і няспынны боль у сэрцы маім.
бо я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных мне паводле цела,
Я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных мне паводле цела,
якія ёсьць Ізраільцяне, якіх ёсьць усынаўленьне, і слава, і запаветы, і даньне законаў, і служэньне, і абяцаньні,
якія ёсць ізраэльцы, маючыя ўсынаўленне, і славу, і запаветы, і ўклад законаў, і служэнне Богу, і абяцанні,
якіх і бацькі, і з якіх Хрыстос паводле цела, Які ёсьць над усімі Бог, Які дабраслаўлёны на вякі. Амэн.
з іх і бацькі, з іх і Хрыстос паводле цела: Ён — Бог па-над усім, дабраславёны навечна. Амін.
Але ня так, што слова Божае ня споўнілася. Бо ня ўсе тыя, што з Ізраіля, Ізраіль,
Гэта не значыць, што слова Божае не здзейснілася. Бо не ўсе, што з Ізраэля, — ізраэльцы.
і ня ўсе тыя, якія насеньне Абрагама, дзеці [ягоныя], але: «У Ісааку будзе названае насеньне табе».
Ды не ўсе нашчадкі Абрагама яго сыны, але: «Ад Ізаака будуць называцца твае нашчадкі».
Гэта значыць, ня дзеці цела ёсьць дзеці Божыя, але дзеці абяцаньня лічацца за насеньне.
Гэта значыць, што не сыны паводле цела ёсць сынамі Божымі, але сыны абяцання лічацца нашчадкамі;
Бо слова абяцаньня гэткае: «У гэту пару прыйду, і ў Сары будзе сын».
слова ж абяцання такое: «Прыйду ў той самы час, і ў Сары будзе сын».
І ня толькі, але і Рэбэка зачала за адзін раз ад Ісаака, бацькі нашага.
Ды не толькі, але і Рэбэка пачала за адзін раз ад бацькі нашага Ізаака.
Бо калі яны яшчэ не былі нарадзіўшыся і не зрабілі нічога добрага ці ліхога, каб вызначэньне Божае заставалася паводле выбраньня, не праз учынкі, але праз Таго, Хто кліча,
Калі яны былі яшчэ не народжаны ды нічога не ўчынілі: ані дабра, ані зла, — каб заставаўся Божы намер адносна выбрання, —
сказана было ёй: «Большы будзе служыць меншаму»,
сказана было ёй не дзеля ўчынкаў іх, але дзеля Таго, Хто заклікае: «Старэйшы будзе служыць малодшаму»,
як напісана: «Якуба Я палюбіў, а Эзава зьненавідзеў».
як напісана: «Якуба Я палюбіў, а Эзава ўзненавідзеў».
Дык што скажам? Няўжо няправеднасьць у Бога? Няхай ня станецца!
Што скажам на гэта? Няўжо Бог несправядлівы? Ніякім чынам!
Бо Ён кажа Майсею: «Зьлітуюся над тым, над кім зьлітуюся, і зьяўлю міласэрнасьць таму, каму зьяўлю міласэрнасьць».
Бо Ён кажа Майсею: «Я пашкадую таго, каго шкадую, ды буду літасцівы да таго, да каго літасцівы».
Таму [выбраньне залежыць] не ад таго, хто хоча, і не ад таго, хто бяжыць, але ад Бога, Які літуецца.
Гэта залежыць ані ад таго, хто хоча, ані ад таго, хто намагаецца, але ад Бога міласэрнага.
Бо Пісаньне кажа фараону: «Дзеля таго Я падняў цябе, каб зьявіць на табе сілу Маю і каб імя Маё было абвешчана на ўсёй зямлі».
Бо ў Пісанні кажа фараону: «Дзеля таго Я паставіў цябе, каб паказаць на табе магутнасць Сваю ды каб абвяшчалася імя Маё па ўсёй зямлі».
Дзеля гэтага над кім хоча, літуецца, а каго хоча, закамяняе.
Дык, каго хоча, літуе і, каго хоча, закамяняе.
Дык ты скажаш мне: «Што Ён яшчэ вінаваціць? Бо хто супрацьстане пастанове Яго?»
А ты скажаш мне: «Чаму тады дакарае? Хто бо зможа супрацівіцца волі Яго?»
Наадварот, чалавеча! Хто ты такі, што спрачаешся з Богам? Ці скажа зьлепленае таму, хто зьляпіў: «Навошта ты мяне гэтак зрабіў?»
Чалавеча! Хто ты такі, каб мог адказваць Богу? Няўжо выраб будзе казаць таму, хто яго зляпіў: «Чаму ты мяне такім зляпіў?»
Ці ня мае ўлады ганчар над глінаю, каб з таго самага месіва зрабіць адно начыньне на пашану, а другое — на ганьбу?
Ці ж ганчар над глінай не мае ўлады, каб з таго самага месіва зрабіць адну пасудзіну для пачэснага ужытку, а другую — для непачэснага?
Што, калі Бог, хочучы зьявіць гнеў і зрабіць вядомай магутнасьць Сваю, з вялікай доўгацярплівасьцю ашчаджаў начыньні гневу, прыгатаваныя на загубу,
Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў Свой або выявіць магутнасць Сваю, з вялікім цярпеннем ашчаджаў пасудзіны гневу, прызначаныя на загубу,
каб таксама зрабіць вядомым багацьце славы Сваёй над начыньнямі міласэрнасьці, якія Ён загадзя прыгатаваў на славу,
ды, каб выявіць багацце славы Сваёй над пасудзінамі міласэрнасці, якія наперад прыгатаваў на славу,
і над намі, якіх паклікаў ня толькі з Юдэяў, але і з паганаў?
паклікаў нас не толькі з юдэяў, але таксама з паганаў?
Як і ў Осіі Ён кажа: «"Ня Мой народ" назаву Маім народам, і "Нялюбую" — улюбёнай.
Як кажа таксама праз Осію: «“Не Мой народ” назаву “Маім народам”, а “Нялюбую” — “Любай”».
І будзе, што на месцы, дзе сказана было ім: “Вы — ня Мой народ”, — там будуць названыя сынамі Бога Жывога».
І будзе: на месцы, дзе ім было сказана: “Вы — не Мой народ”, там назавуцца сынамі Бога жывога.
А Ісая крычыць пра Ізраіль: «Хаця б лічба сыноў Ізраіля была, як пясок марскі, рэштка будзе збаўлена;
А Ісая ўсклікае пра Ізраэля: «Хоць бы колькасць сыноў Ізраэля была як пясок марскі, толькі рэшта будзе збаўлена.
бо, сканчваючы слова і прысьпешваючы ў праведнасьці, хутка зьдзейсьніць Госпад слова на зямлі».
Бо слова спаўняецца, і рашуча здзейсніцца паводле справядлівасці, Госпад здзейсніць на зямлі Сваё слова без адкладу».
І як раней сказаў Ісая: «Калі б Госпад Магуцьцяў не пакінуў нам насеньня, мы сталіся б, як Садом, і былі б падобнымі да Гаморы».
І як таксама прадказаў Ісая: «Калі б Госпад Сабаот не пакінуў нам нашчадкаў, сталі б мы як Садом ды былі б падобнымі да Гаморы».
Дык што скажам? Пагане, якія не імкнуліся да праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць праз веру.
Дык што можам сказаць? Што пагане, якія не імкнуліся да справядлівасці, атрымалі справядлівасць, але справядлівасць, якая ёсць з веры.
А Ізраіль, які імкнуўся да закону праведнасьці, не дасягнуў закону праведнасьці.
А Ізраэль, імкнучыся да закону справядлівасці, да закону не дайшоў.
Чаму? Бо не праз веру, але праз учынкі закону. Бо яны спатыкнуліся аб камень спатыкненьня,
Чаму? Бо імкнуўся не з веры, але з учынкаў. Яны спатыкнуліся аб камень спатыкнення,
як напісана: «Вось, Я кладу на Сыёне камень спатыкненьня і скалу згаршэньня; і кожны, хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены».
як напісана: «Вось жа, кладу на Сіёне камень спатыкнення і камень згаршэння. І ўсякі, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».