Да Рымлянаў 8 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Таму цяпер няма ніякага асуджэньня тым, што ў Хрысьце Ісусе не паводле цела, але паводле духа ходзяць.
Значыць, няма цяпер ніякага асуджэння тым, што ў Хрысце Ісусе не паводле цела, а паводле Духа ходзяць;
Бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Ісусе вызваліў мяне ад закону грэху і сьмерці.
бо закон Духа жыцця ў Хрысце Ісусе вызваліў мяне ад закону граху і смерці.
Бо як Закон быў бяссільны, таму што быў нядужы праз цела, Бог, паслаўшы Сына Свайго ў падабенстве цела грахоўнага і дзеля грэху, асудзіў грэх у целе,
Бо што было немагчымым для закону, у якім была нядужасць праз цела, Бог, паслаўшы Сына Свайго ў падобнасці грэшнага цела ды дзеля граху, асудзіў грэх у целе,
каб праведнасьць Закону споўнілася ў нас, якія не паводле цела, але паводле духа ходзяць.
каб апраўданне закону споўнілася ў нас, што жывём не паводле цела, але паводле Духа.
Бо тыя, што паводле цела, — пра цялеснае думаюць; а тыя, што паводле духа, — пра духоўнае.
Бо тыя, што жывуць паводле цела, думаюць пра цялеснае, а тыя, што жывуць паводле Духа, — пра духоўнае.
Бо думкі цялесныя — сьмерць, а думкі духоўныя — жыцьцё і супакой.
Бо задумы цела ёсць смерць, а задумы Духа — жыццё ды супакой;
Бо думкі цялесныя — варожасьць да Бога, бо яны не падпарадкоўваюцца закону Божаму, дый ня могуць.
бо задумы цела варожыя Богу, таму што не скараюцца закону Божаму, дый не могуць.
Дык тыя, якія ў целе, Богу дагадзіць ня могуць.
І тыя, што жывуць паводле цела, не могуць падабацца Богу.
Вы ж ня ў целе, але ў духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. А калі хто Духа Хрыстовага ня мае, той не Ягоны.
Вы, аднак, не жывяце паводле цела, але паводле Духа, калі толькі Божы Дух жыве ў вас. А калі хто не мае Духа Хрыстова, той не Яго.
Калі ж Хрыстос у вас, дык цела мёртвае праз грэх, а дух жывы праз праведнасьць.
А калі Хрыстос ёсць у вас, то хоць цела смяротнае дзеля граху, але дух жывы дзеля справядлівасці.
А калі Дух Таго, Які ўваскрасіў Ісуса з мёртвых, жыве ў вас, Той, Які ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і вашыя сьмяротныя целы Духам Сваім, Які жыве ў вас.
А калі ў вас жыве Дух Таго, Хто ўваскрасіў Ісуса з мёртвых, дык Той, Хто ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і смяротныя целы вашы праз Духа Свайго, Які жыве ў вас.
Дык таму, браты, мы не вінаватыя цела, каб жыць паводле цела;
Дык вось, браты, мы не даўжнікі цела, каб жыць паводле цела.
бо калі вы жывяцё паводле цела, памрацё, а калі духам цялесныя ўчынкі забіваеце, жыць будзеце.
Бо калі будзеце жыць паводле цела, памраце, а калі духам памярцвіце ўчынкі цела, будзеце жыць.
Бо ўсе, якія Духам Божым ведзеныя, ёсьць сыны Божыя.
Бо ўсе тыя, якіх вядзе Дух Божы, ёсць сыны Божыя.
Бо вы не атрымалі духа няволі ізноў на страх, але атрымалі Духа ўсынаўленьня, у Якім крычым: «Абба, Ойча!»
Вы ж не атрымалі духа няволі, ізноў на страх, але атрымалі вы Духа ўсынаўлення, у Якім клічам: «Абба, Ойча!»
Гэты Дух сьведчыць духу нашаму, што мы — дзеці Божыя.
Той Самы Дух сведчыць духу нашаму, што мы — сыны Божыя.
А калі дзеці, дык і спадкаемцы, спадкаемцы Божыя, суспадчыньнікі Хрыста, калі толькі церпім з Ім, каб з Ім і ўславіцца.
А калі сыны, дык і спадкаемцы: спадкаемцы Бога, суспадчыннікі Хрыста; калі толькі з Ім разам церпім, каб разам з Ім і ўславіцца.
Бо я лічу, што пакуты цяпершняга часу [нічога] ня вартыя [ў параўнаньні] з той славаю, што мае адкрыцца ў нас.
Бо мяркую, што цяперашніх цярпенняў нельга параўнаць з будучай славай, якая мае аб’явіцца ў нас.
Бо стварэньне са спадзяваньнем чакае адкрыцьця сыноў Божых,
Стварэнне бо прагна чакае аб’яўлення сыноў Божых.
бо стварэньне падпарадкаванае марнасьці не сваёй ахвотай, але праз Таго, Які падпарадкаваў, у надзеі,
Бо стварэнне скарылася марнасці не самахоць, але па волі Таго, Хто пакарыў, з надзеяй,
што і само стварэньне будзе вызвалена з няволі сапсутасьці на свабоду славы дзяцей Божых.
што і стварэнне таксама будзе вызвалена з няволі сапсаванасці на волю славы дзяцей Божых.
Бо ведаем, што ўсё стварэньне супольна ўздыхае і мучыцца, родзячы, аж да цяпер.
Бо ведаем, што ўсё стварэнне дагэтуль стогне і пакутуе супольна.
І ня толькі яно, але і мы самі, маючы пачатак Духа, і мы самі ў сабе ўздыхаем, чакаючы ўсынаўленьня, адкупленьня цела нашага.
Ды не толькі, але і мы самі, маючы пачатак Духа, і мы ўнутры сябе ўздыхаем, чакаючы ўсынаўлення, адкуплення цела нашага.
Бо мы збаўленыя надзеяй. А надзея ўбачаная ня ёсьць надзея, бо калі хто бачыць, чаго яму спадзявацца?
Бо мы ўжо збаўлены надзеяй, аднак надзея бачная — гэта не надзея; бо калі хто бачыць, дык хіба спадзяецца хтосьці на тое, што бачыць?
А калі спадзяемся на тое, чаго ня бачым, чакаем з цярплівасьцю.
Калі, аднак, мы спадзяёмся на тое, чаго не бачым, то з цярплівасцю чакаем.
Гэтаксама і Дух дапамагае ў слабасьцях нашых, бо мы ня ведаем, пра што маліцца, як трэба, але Сам Дух заступаецца за нас стагнаньнямі невымоўнымі.
Падобна і Дух успамагае нашай кволасці; бо мы не ведаем, пра што маліцца, як трэба, але Сам Дух заступаецца за нас у невымоўных уздыханнях.
А Той, Які дасьледуе сэрцы, ведае, што за думка ў Духа, Які паводле [волі] Бога заступаецца за сьвятых.
Той жа, Хто пранікае сэрцы, ведае, чаго прагне Дух, бо Ён заступаецца за святых згодна з Богам.
А мы ведаем, што тым, якія любяць Бога, пакліканым паводле [Яго] вызначэньня, усё дапамагае на дабро.
Ведаем таксама, што ўсё садзейнічае на дабро тым, што любяць Бога ды якія пакліканы па Яго пастанове.
Бо тым, каго наперад ведаў, Ён і прадвызначыў быць падобнымі да вобразу Сына Ягонага, каб Ён быў Першародны між многімі братамі.
Бо тых, якіх Ён спрадвеку пазнаў, тых Ён прызначыў стацца падобнымі да вобразу Сына Свайго, каб Ён быў першародным між многімі братамі.
А каго прадвызначыў, тых і паклікаў; а каго паклікаў, тых і апраўдаў; а каго апраўдаў, тых і ўславіў.
Тых жа, якіх прызначыў, тых і паклікаў, а якіх паклікаў, тых і апраўдаў, а якіх апраўдаў, тых і ўславіў.
Дык што скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас?
Дык што на гэта скажам? Калі Бог за нас, дык хто супраць нас?
Той, Які Сына Свайго не пашкадаваў, але аддаў Яго за ўсіх нас, як не даруе і нам з Ім усяго?
Той, Хто не пашкадаваў Сына Свайго, але выдаў Яго за ўсіх нас, як жа Ён не даруе і нам разам з Ім усяго?
Хто стане супраць выбраных Божых? Бог, Які апраўдвае!
Хто будзе вінаваціць выбраннікаў Божых? Бог апраўдвае іх.
Хто той, хто асуджае? Хрыстос, Які памёр, але і ўваскрос! Ён і праваруч Бога, Ён і заступаецца за нас.
Хто той, які асуджае? Хрыстос Ісус, Які памёр, але Які і ўваскрос, і Які сядзіць праваруч Бога, Ён заступаецца за нас.
Хто адлучыць нас ад любові Хрыстовае? Прыгнёт, ці ўціск, ці перасьледваньне, ці голад, ці галізна, ці небясьпека, ці меч?
Дык хто ж можа адлучыць нас ад любові Хрыстовай? Прыгнёт, ці ўціск, ці пераследаванне, ці голад, ці нястача, ці небяспека, ці меч?
Як напісана: «За Цябе забіваюць нас цэлы дзень; лічаць нас за авечак на зарэз».
Як напісана: «Дзеля Цябе забіваюць нас увесь дзень, лічаць нас авечкамі на зарэз».
Але ў-ва ўсім гэтым мы перамагаем праз Таго, Які палюбіў нас.
Але ва ўсім гэтым атрымліваем перамогу праз Таго, Хто палюбіў нас.
Бо я ўпэўнены, што ані сьмерць, ані жыцьцё, ані анёлы, ані начальствы, ані сілы, ані цяперашняе, ані будучае,
Бо я ўпэўнены, што ані смерць, ані жыццё, ані анёлы, ані ўлады, ані сённяшні дзень, ані будучыня, ані магутнасці,
ані вышыня, ані глыбіня, ані другое якое стварэньне ня зможа адлучыць нас ад любові Божае, што ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
ані вышыня, ані глыбіня, ані якое-колечы стварэнне не зможа нас адлучыць ад любові Бога, якая ў Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым.