Да Рымлянаў 8 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І вось цяпер няма ніякага асуду тым, што ў Хрыстусе Езусе не паводле цела, а паводле духа ходзяць;
Значыць, няма цяпер ніякага асуджэння тым, што ў Хрысце Ісусе не паводле цела, а паводле Духа ходзяць;
Закон бо духа жыцьця ў Езусе Хрыстусе звольніў мяне ад закону граху і сьмерці.
бо закон Духа жыцця ў Хрысце Ісусе вызваліў мяне ад закону граху і смерці.
Што было немагчымым для Закону аслабленага целам, тое умагчыміў Бог, пасылаючы Сына свайго ў форме грэшнага цела на ахвяру за грэх і асудзіў грэх у целе;
Бо што было немагчымым для закону, у якім была нядужасць праз цела, Бог, паслаўшы Сына Свайго ў падобнасці грэшнага цела ды дзеля граху, асудзіў грэх у целе,
каб у нас паступаючых ня водле цела, а паводле духа, споўнілася апраўданне Закону.
каб апраўданне закону споўнілася ў нас, што жывём не паводле цела, але паводле Духа.
Тые, што ёсьць паводле цела, аб цялесным і подумкі маюць, а тые, што паводле духа — аб духовым.
Бо тыя, што жывуць паводле цела, думаюць пра цялеснае, а тыя, што жывуць паводле Духа, — пра духоўнае.
Бо мудрасьцю цела ёсьць сьмерць, а мудрасьцю духа — жыцьцё й супакой;
Бо задумы цела ёсць смерць, а задумы Духа — жыццё ды супакой;
цялесная мудрасьць варожая Богу: не паддаецца, дый ня можа паддавацца, Божаму праву.
бо задумы цела варожыя Богу, таму што не скараюцца закону Божаму, дый не могуць.
Тые, што ў целе, Богу падабацца ня могуць.
І тыя, што жывуць паводле цела, не могуць падабацца Богу.
Але вы не паводле цела жывяце, а водле духа, калі толькі Дух Божы ў вас прабывае; каліж хто Хрыстовага Духа ня мае, той ня ёсьць Ягоны.
Вы, аднак, не жывяце паводле цела, але паводле Духа, калі толькі Божы Дух жыве ў вас. А калі хто не мае Духа Хрыстова, той не Яго.
А калі ў вас ёсьць Хрыстус, дык хоць цела мяртвае дзеля граху, але дух жывы дзеля праведнасьці.
А калі Хрыстос ёсць у вас, то хоць цела смяротнае дзеля граху, але дух жывы дзеля справядлівасці.
І калі Дух Таго, Які збудзіў ад сьмерці Езуса, у вас прабывае, дык Той, Хто ажывіў зь мяртвых Хрыстуса, ажывіць і вашы сьмяротныя целы прабываючым у вас Духам сваім,
А калі ў вас жыве Дух Таго, Хто ўваскрасіў Ісуса з мёртвых, дык Той, Хто ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і смяротныя целы вашы праз Духа Свайго, Які жыве ў вас.
Дык вось, браты, ня цела мы даўжнікі, каб жыць водле цела;
Дык вось, браты, мы не даўжнікі цела, каб жыць паводле цела.
бо каліб жылі паводле цела, то памраце; а як духам будзеце ўтаймоўваць паступкі цела, жыць будзеце.
Бо калі будзеце жыць паводле цела, памраце, а калі духам памярцвіце ўчынкі цела, будзеце жыць.
Тые бо, што кіруюцца Духам Божым, ёсьць сынамі Божымі;
Бо ўсе тыя, якіх вядзе Дух Божы, ёсць сыны Божыя.
таму што вы-ж ня духа няволі атрымалі зноў на страх, а прынялі Духа усынаўлення, якім і клічам Абба (Ойча)!
Вы ж не атрымалі духа няволі, ізноў на страх, але атрымалі вы Духа ўсынаўлення, у Якім клічам: «Абба, Ойча!»
Гэты самы Дух сьветчыць нашаму духу, што мы сыны Божыя.
Той Самы Дух сведчыць духу нашаму, што мы — сыны Божыя.
А калі сыны, дык і насьледнікі Бога, а сунасьледнікі Хрыстуса: як разам зь Ім мукі церпім, каб разам зь Ім і уславіцца.
А калі сыны, дык і спадкаемцы: спадкаемцы Бога, суспадчыннікі Хрыста; калі толькі з Ім разам церпім, каб разам з Ім і ўславіцца.
Бо, думаю, цяперашніх дачасных горкіх дакудаў нельга й параўняць з будучай хвалою, што аб’явіцца ў нас.
Бо мяркую, што цяперашніх цярпенняў нельга параўнаць з будучай славай, якая мае аб’явіцца ў нас.
Стварэнне бо прагна чакае аб’яўлення сыноў Божых:
Стварэнне бо прагна чакае аб’яўлення сыноў Божых.
бо яно пакарылася нікчомасьці не самахоць, але з волі таго, які абнадзеіў яго,
Бо стварэнне скарылася марнасці не самахоць, але па волі Таго, Хто пакарыў, з надзеяй,
што й само яно (стварэнне) будзе вызвалена зь няволі тлення на вольнасьць хвалы Божых сыноў.
што і стварэнне таксама будзе вызвалена з няволі сапсаванасці на волю славы дзяцей Божых.
Бо-ж ведаем, што ўсё стварэнне стогне й мучыцца;
Бо ведаем, што ўсё стварэнне дагэтуль стогне і пакутуе супольна.
дый ня толькі яно, але і мы самы, маючыя задатак Духа, і мы ўсабешне ўздыхаем, вычэкваючы ўсынаўлення выкуплення нашага цела.
Ды не толькі, але і мы самі, маючы пачатак Духа, і мы ўнутры сябе ўздыхаем, чакаючы ўсынаўлення, адкуплення цела нашага.
Мы бо збаўлёныя надзеяй; надзея-ж бачучая ня ёсьць надзеяй; калі бо ўжо хто бачыць, дык чаго яму йшчэ спадзявацца?
Бо мы ўжо збаўлены надзеяй, аднак надзея бачная — гэта не надзея; бо калі хто бачыць, дык хіба спадзяецца хтосьці на тое, што бачыць?
А вось, як спадзяёмся таго, чаго ня відзім, дык цярпліва чакаем.
Калі, аднак, мы спадзяёмся на тое, чаго не бачым, то з цярплівасцю чакаем.
Такжа й Дух падтрымоўвае нашу немач; бо ня ведаем яксьлед чаго маліць; але сам Дух зя нас моліць нявыказнымі ўздыханнямі.
Падобна і Дух успамагае нашай кволасці; бо мы не ведаем, пра што маліцца, як трэба, але Сам Дух заступаецца за нас у невымоўных уздыханнях.
Той, што пранікае сэрцы, ведае чаго просіць Дух: Ён па волі Божай рупіцца аб сьвятых.
Той жа, Хто пранікае сэрцы, ведае, чаго прагне Дух, бо Ён заступаецца за святых згодна з Богам.
Дый ведаем, што любячым Бога з празначэння пакліканым усё на дабро абяртаецца;
Ведаем таксама, што ўсё садзейнічае на дабро тым, што любяць Бога ды якія пакліканы па Яго пастанове.
каго бо Ён прадузнаў, тым і прызначыў стацца падобнымі вобразу ягонага Сына, які меў быць першародным між многімі братамі;
Бо тых, якіх Ён спрадвеку пазнаў, тых Ён прызначыў стацца падобнымі да вобразу Сына Свайго, каб Ён быў першародным між многімі братамі.
а каго Ён празначыў, тых і паклікаў; каго-ж паклікаў, тых і апраўдаў; каго апраўдаў, тых і ўславіў.
Тых жа, якіх прызначыў, тых і паклікаў, а якіх паклікаў, тых і апраўдаў, а якіх апраўдаў, тых і ўславіў.
І штож скажам на гэта? Калі за нас Бог, дык хтож насуперак нам?
Дык што на гэта скажам? Калі Бог за нас, дык хто супраць нас?
Ён, што Сына свайго не пашчадзіў, а выдаў за ўсіх нас, якжаб і нам разам зь Ім не дараваў усяго?
Той, Хто не пашкадаваў Сына Свайго, але выдаў Яго за ўсіх нас, як жа Ён не даруе і нам разам з Ім усяго?
Хтож будзе абвінавачваць выбраных Божых? Бог, які апраўдывае?
Хто будзе вінаваціць выбраннікаў Божых? Бог апраўдвае іх.
Хто асуджаціме? Езус Хрыстус, які ўмёр, алеж і згробуўстаў ды праваруч Бога за нас заступаецца?
Хто той, які асуджае? Хрыстос Ісус, Які памёр, але Які і ўваскрос, і Які сядзіць праваруч Бога, Ён заступаецца за нас.
Хтож тады адлучыць нас ад любасьці Божай? Гора, прыгноба, ці прасьлед? Галіта ці голад? Меч ці небясьпека?
Дык хто ж можа адлучыць нас ад любові Хрыстовай? Прыгнёт, ці ўціск, ці пераследаванне, ці голад, ці нястача, ці небяспека, ці меч?
Як напісана: За Цябе ўвесь дзень мораць нас; лічаць авечкамі зданымі на зарэз (Пс. 43:22).
Як напісана: «Дзеля Цябе забіваюць нас увесь дзень, лічаць нас авечкамі на зарэз».
Але ўсё гэта паконываем праз Таго, што ўмілаваў нас.
Але ва ўсім гэтым атрымліваем перамогу праз Таго, Хто палюбіў нас.
Я упэўнены, што ні сьмерць, ні жыцьцё, ні Анелы, ні Уладзтвы й Магуцтвы, ні цяперашнясьць,
Бо я ўпэўнены, што ані смерць, ані жыццё, ані анёлы, ані ўлады, ані сённяшні дзень, ані будучыня, ані магутнасці,
ні вышыня, ні глыбіня, ані які іншы твор ня ў сіле адлучыць нас ад любасьці Бога ў Езусе Хрыстусе, Усеспадару нашым.
ані вышыня, ані глыбіня, ані якое-колечы стварэнне не зможа нас адлучыць ад любові Бога, якая ў Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым.