Да Рымлянаў 3 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Дык што за першаважнасьць мае Юдэй, або што за карысьць з абразання?
 
У чым жа перавага юдэяў? Або якая карысць з абразання?

Вялікую, і-то з кажнага гледзішча! Перш за ўсё ў тым, што ім здаверана слова Божае.
 
Вялікая ва ўсіх адносінах. Перш таму, што ім даверана слова Божае.

Што з таго, калі некаторыя зь іх і ня ўверылі? Ціж недаверства іхняе зьнівечыць вернасьць Божую? Ніколі!
 
Што з таго, што некаторыя не паверылі? Ці ж іх нявер’е знішчыць вернасць Бога?

Бог бо праўдамоўны, а чалавек ілжывы (Пс. 115:11), як напісана: Каб апраўдаўся ты у словах тваіх ды перамог, як суджаны будзеш (Пс. 50:6).
 
Ніякім чынам! Бо Бог верны, а кожны чалавек ілжывы, як напісана: «Ты справядлівы ў прысудзе Тваім і пераможаш на судзе Тваім».

Каліж нашая паганасьць унаяўнівае Божую справядлівасьць, дык што скажам? Што Бог несправядлівы (палюдзку гаворачы), калі аказвае гнеў?
 
Калі ж наша несправядлівасць падкрэслівае Божую справядлівасць, дык што мы скажам? Ці Бог несправядлівы, калі выяўляе гнеў? — Кажу па-чалавечы.

Ніякім чынам! Як бо тады Богу судзіць сьвет?
 
Ніякім чынам! Бо як жа тады Бог будзе судзіць свет?

Бо-ж калі праўда Бога маёю беспраўднасьцю унаяўніваецца Яму на хвалу, дык заштож тады я асуджаюся, як грэшнік?
 
Бо калі праз маю хлусню праўда Божая тым больш выяўляецца на славу Яго, дык якім чынам я маю быць суджаны як грэшнік?

І чамуб тады нам не рабіць благое, каб на дабро выйшла, як некаторыя й ачарняюць нас, цьвердзячы, быццам мы гэтак навучаем? Справядлівы засуд гэткім!
 
І ці не так нас ачарняюць, ці не так гавораць, што мы кажам: «Будзем чыніць зло, каб выйшла дабро». Справядлівая кара такіх чакае.

Дык штож — перавышаем іх? Зусім не; бо-ж мы ўжо даказалі, што ўсе — так Юдэі, як і Грэкі — у граху,
 
Дык што? Ці мы маем перавагу? Аніякай! Ужо раней мы даказалі, што і юдэі, і грэкі — усе пад грахом,

як напісана: Няма праведніка ніводнага.
 
як напісана: «Нікога няма справядлівага,

Няма разумеючых, няма нікога шукаючага Бога (Пс. 13:2−3);
 
ніхто не разумее, ніхто не шукае Бога.

усе з дарогі зьбіліся і усе поспал няпрыгонымі сталіся; няма, хтоб дабро тварыў (Пс. 5:11), няма да-аднаго.
 
Усе збочылі, усе разам сталіся нягоднымі. Няма, хто б чыніў дабро, няма аніводнага.

Іхняе горла — гэта гроб адчынены; языком сваім ману мелюць; а пад вуснамі у іх яд змяіны (Пс. 139:4).
 
Горла іх — магіла адкрытая, языкамі сваімі падманваюць, у вуснах іх — яд змяіны,

Вусны іх поўныя праклёну й горычы.
 
вусны іх поўныя праклёнаў і горычы,

Ногі іх борздыя да праліцця крыві.
 
ногі іх скорыя да праліцця крыві,

Пустэча й бяздолле на шляхох іхніх (Із. 59:7−8).
 
знішчэнне ды няшчасце на іх шляхах,

не пазналі шляху супакою (згоды) (Прып. 1:16);
 
яны не спазналі шляху супакою.

няма боязі Бога прад вачыма іхнімі.
 
Няма страху Божага перад вачамі іх».

А мы-ж ведаем, што Закон калі нешта гаворыць, то да тых гаворыць, якіе пад Законам, каб усякі рот быў заткнёны і ўвесь сьвет падлягаў Богу;
 
А мы ведаем, што ўсё, што гаворыць закон, гаворыць да тых, што пры законе, каб замкнуць любыя вусны ды каб увесь свет прызнаў сябе вінаватым перад Богам;

бо-ж ніякае цела (чалавек) не апраўдаецца перад Ім справамі Закону, праз Закон бо — пазнанне граху.
 
бо ўчынкамі закону не апраўдаецца аніякае цела перад Ім; бо праз закон пазнаецца грэх.

Але цяпер Божая справядлівасьць аб’явілася без Закону, пасьветчаная Законам і Прарокамі.
 
Але цяпер выявілася справядлівасць Божая незалежна ад закону, аб якой сведчаць закон і прарокі,

А справядлівасьць тая — праз веру ў Езуса Хрыстуса — для ўсіх і над усімі, што ў яго вераць; няма бо роьніцы!
 
справядлівасць Божая праз веру ў Ісуса Хрыста для ўсіх і на ўсіх, што вераць. Бо няма розніцы,

таму, што ўсе зграшылі й пазбаўлены Божае хвалы,
 
таму што ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божай,

апраўданне-ж атрымоўваюць дарма, праз ласку Ягону, праз адкупленне, што ў Хрыстусе Езусе,
 
апраўданы ж дарма праз ласку Яго, праз адкупленне, якое ў Ісусе Хрысце;

Якога Бог аддаў на крывавую ахвяру ўласкаўлення празь веру, дзеля аказання свае справядлівасьці ў адпушчэнні грахоў, перш учыненых,
 
Яго прапанаваў Бог перамольнай ахвярай праз веру ў Кроў Яго для выяўлення справядлівасці Сваёй, бо не стаў зважаць на папярэднія злачынствы,

калі яшчэ іх цярпеў, каб выявіць сваю справядлівасьць цяпер і аказацца самому справядлівым ды апраўдваючым кажнага веручага ў Езуса Хрыстуса.
 
у цярплівасці Божай: для выяўлення справядлівасці Яго ў гэты час, каб Ён Сам стаўся справядлівым і апраўдваючым таго, хто веруе ў Ісуса.

Дзеж тады тваё самадумства? Выключана. Якім Законам? Учынкаў? Не, але Законам веры.
 
Дзе ж тады падстава для хвальбы? Адкідаецца! Якім законам? Ці [законам] учынкаў? Не, але законам веры.

Бо мы прызнаём, што чалавек апраўдваецца вераю без учынкаў Закону.
 
Бо мы мяркуем, што чалавек атрымлівае апраўданне праз веру, незалежна ад учынкаў закону.

Няўжож Бог ёсьць толькі Богам Юдэеў, а і не паганаў таксама? Пэўнаж і паганаў.
 
Ці ж Бог толькі юдэяў? Ці не паганаў таксама? Вядома, і паганаў,

Бог бо ёсьць і адзін, які апраўдвае абразаных празь веру.
 
адзін бо ёсць Бог, Які апраўдвае і абрэзанага з веры, і неабрэзанага — праз веру.

Дык ціж мы вераю касуем Закон? Ніколі! Але пацьвярджаем яго.
 
Дык ці праз веру касуем закон? Ніякім чынам! Але закон сцвярджаем.