Да Рымлянаў 6 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Дык штож скажам? Трывацімем у граху, каб памнажалася ласка? Барані Божа!
 
Дык што скажам? Ці будзем трываць у граху, каб памнажалася ласка? Ніякім чынам!

Мыж умярлі для граху, якжа тады ў ім будзем жыць?
 
Бо калі мы памерлі для граху, дык як жа жыць у ім будзем?

Няўжэ ня ведаеце, што ўсе мы ахрышчаны ў Езусе Хрыстусе, ў Ягонай сьмерці хрысьціліся?
 
Ці ж вы не ведаеце, што мы ўсе, ахрышчаныя ў Ісуса Хрыста, ахрышчаны ў смерць Яго?

Праз хрост бо мы разам зь Ім пахаваныя ў сьмерці, каб як Хрыстус хвалаю Айца ўстаў ізь мяртвых, гэтак і мы ў вабноўленым жыцьці хадзілі.
 
Таму праз хрост мы разам з Ім пахаваны ў смерць, каб, як Хрыстос быў уваскрашоны з мёртвых славаю Айца, так і мы пачалі жыць абноўленым жыццём.

Бо-ж калі мы сталіся прышчэпленымі падобе Ягонай сьмерці, дык таксама і — згробуўстання будзем.
 
Бо калі мы аб’яднаны з Ім падобнасцю Яго смерці, дык будзем аб’яднаны падобнасцю і ўваскрэсення.

Ведаючы тое, што стары чалавек разам зь Ім укрыжаваны, каб грэшнае цела было зьліквідавана ды мы болей ня служылі граху.
 
Ведаем гэта, што для знішчэння грэшнага цела даўнейшы наш чалавек быў разам з Ім укрыжаваны на тое, каб мы больш не служылі граху.

Хто ўмёр, той ад граху вызваліўся.
 
Хто бо памёр, апраўдаўся ад граху.

А калі мы ўмярлі з Хрыстусам, дык верым, што і жыць будзем разам зь Ім.
 
Калі ж мы памерлі разам з Хрыстом, дык верым, што разам з Ім і жыць будзем,

Ведаючы, што Хрыстус згробуўстаўшы, болей ня ўмірае: сьмерць над Ім ужо не валадарыціме.
 
ведаючы, што Хрыстос, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае, смерць над Ім не мае ўлады.

Бо што Ён памёр для граху, дык раз памёр, а што жыве, то для Бога жыве.
 
Калі Ён памёр, дык памёр толькі раз для граху, а што жыве, то жыве для Бога.

Гэтак і вы лічэце сябе памёршымі для граху, жывымі-ж для Бога ў Езусе Хрыстусе Усеспадару нашым.
 
Так і вы лічыце сябе памерлымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым.

Дык хайжа не валадарыць грэх у сьмяротным целе вашым, каб паняволіцца ягоным похацям;
 
Дык хай жа грэх не валадарыць у вашым смяротным целе, каб вам слухацца яго ў пажадлівасцях.

і ня выдавайце граху спатрабляць чэлесы вашага цела на ганьбу, а паручайце сябе, як згробуўсталых, ды чэлесы вашыя 0 Богу на знадобу праведнасьці.
 
Не аддавайце граху члены вашы як зброю несправядлівасці, але аддавайце сябе Богу як тыя, што пасля смерці ажылі, ды члены вашы Богу як зброю справядлівасці.

Грэх бо над вамі валадарыць ня будзе, бож вы не пад Законам, але пад ласкаю.
 
Няхай грэх не пануе над вамі, бо вы не пад законам, але пад ласкаю.

Тады што? Ці будзем грашыць дзеля таго, што мы не пад Законам, але пад ласкаю? Ніколі!
 
Дык што ж? Будзем грашыць, бо мы не пад законам, але пад ласкай? Аніяк!

Няўжэ ня ведаеце, што каму аддаяцеся ў паслухмяную службу, таго вы і слугі, каго слухаеце: або граху — на сьмерць, або послуху — на праведнасьць.
 
Ці ж не ведаеце, што, каму аддаяце сябе паслугачом на паслухмянасць, становіцеся таго вы паслугачамі, каму паслухмяныя: ці граху на смерць, ці паслухмянасці на справядлівасць.

Богу дзякаваць, што будучы ўпярод нявольнікамі граху, вы сталіся шчыра паслушнымі той форме навукі, якой аддаліся.
 
Дзякуй Богу, што вы, якія былі нявольнікамі граху, ад шчырага сэрца паслухаліся таго ладу навукі, у якую вы аддалі сябе.

Асвабадзіўшыся ад граху, сталіся паслушнымі праведнасьці.
 
Вызваленыя ж ад граху, вы сталіся паслугачамі справядлівасці.

Гавару палюдзку дзеля прыроднай слабасьці вашай: бо як аддавалі вы чэлесы вашыя на услугі нячыстасьці й ганьбе, каб гразнуць у нягоднасьці, гэтак цяпер аддайце вашае цела ў службу праведнасьці на усьвячэнне.
 
Гавару, як прынята ў людзей, дзеля кволасці цела вашага. Як аддавалі вы члены вашы на службу нячыстасці і нягоднасці на беззаконне, так аддавайце цяпер члены вашы на службу справядлівасці на асвячэнне.

Бо-ж як былі вы нявольнікамі граху, тады былі вольнымі ад праведнасьці.
 
Калі вы былі нявольнікамі граху, тады былі вы свабоднымі ад справядлівасці.

І штож за карысьць вы мелі з таго, чаго цяперака даводзіцца саромецца? Бо канец таго — сьмерць.
 
Які ж вы мелі плод тады з таго, чаго цяпер саромеецеся? Бо канец гэтага — смерць!

А вось цяпер вы вольныя ад граху і стаўшыся Божымі слугамі, маеце пажытак ваш у-ва ўсьвячэнні, а мэту — ў жыцьці вечным.
 
Цяпер жа, вызваленыя ад граху ды ўчыненыя паслугачамі Бога, маеце плод ваш на асвячэнне, а канец — жыццё вечнае!

Заплата бо за грэх — гэта сьмерць; а ласка Божа — гэта жыцьцё вечнае ў Езусе Хрыстусе Усеспадару нашым.
 
Бо плата за грэх — смерць, а дар Божы — жыццё вечнае ў Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым.