Да Каласянаў 4 разьдзел

Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Паны, давайце слугам тое, што справядліва і што адпаведна, ведаючы, што і вы маеце Госпада ў небе.
 
Паны, аказвайце слугам справядлівасьць і роўнасьць, ве́даючы, што і вы маеце Госпада на нябёсах.

Трывайце ў малітве, чуваючы ў ёй з падзякаю;
 
Трывайце ў малітве, чуваючы ў ёй з падзякаю;

молячыся таксама і за нас, каб Бог адчыніў нам дзьверы слова абвяшчаць тайну Хрыстовую, дзеля якой я зьвязаны,
 
молячыся разам і за нас, каб Бог адчыніў нам дзьве́ры слова абвяшчаць тайну Хрыстовую, за якую я й закаваны,

каб я выявіў яе так, як мушу пра яе казаць.
 
каб я выявіў яе, як сьле́д мне́ казаці.

У мудрасьці хадзіце з тымі, што вонкі, выкупляючы час.
 
Мудра паступайце з тымі, што вонках, выкупляючы час.

Слова вашае [няхай будзе] заўсёды ў ласцы [Божай], прыпраўленае сольлю, каб вы ведалі, як кожнаму адказаць.
 
Слова вашае няхай будзе заўсёды ласкавае, прыпраўленае соляй, каб вы ве́далі, як кожнаму адказаць.

Пра мяне ўсё паведаміць вам Тыхік, улюбёны брат, і верны служыцель, і таварыш у Госпадзе,
 
Аба мне́ ўсё скажа вам Тыхік, умілаваны брат і ве́рны слуга і супрацоўнік у Госпадзе,

якога я паслаў да вас дзеля таго, каб мне даведацца, што ў вас, і ён пацешыў сэрцы вашыя,
 
якога я дзеля таго паслаў да вас, каб ён даве́даўся, што́ ў вас, і паце́шыў сэрцы вашыя,

разам з Анісімам, верным і ўлюбёным братам, які з вашых. Яны паведамяць вам усё, што тут [робіцца].
 
з Анісімам, ве́рным і ўмілаваным братам, што спаміж вас: яны раскажуць вам усё, што тутака.

Вітае вас Арыстарх, вязень са мною, і Марк, пляменьнік Барнабы, пра якога вы атрымалі прыказаньне: калі ён прыйдзе да вас, прыйміце яго,
 
Вітае вас Арыстарх, вязень разам са мною, і Марка, пляме́ньнік Варнавы, (аб якім прынялі вы загад: калі прыдзе да вас, прыме́це яго),

і Ісус, называны Юстам, якія з абрэзаных. Яны — адзіныя супрацоўнікі дзеля Валадарства Божага, якія былі мне суцяшэньнем.
 
дый Ісус, называны Юстам, якія з абрэзаньня; яны — адзіныя супрацоўнікі дзеля Царства Божага, якія былі мне́ патоляй.

Вітае вас Эпафрас, які з вашых, слуга Хрыста, які заўсёды змагаецца за вас у малітвах, каб вы стаялі дасканалымі і напоўненымі ўсякай воляй Божай.
 
Вітае вас Эпафрас, што із вашых, раб Хрыста, што заўсёды стараецца за вас у малітвах, каб вы трывалі дасканалымі і напоўненымі ўсякай воляй Божай.

Бо сьведчу пра яго, што мае вялікую руплівасьць адносна вас і тых, што ў Ляадыкеі і Гераполі.
 
Сьве́дчу-ж аб ім, што ма́е вялікую рупнасьць аб вас і аб тых, што ў Ляодыкіі ды Іераполі.

Вітае вас Лука, лекар улюбёны, і Дымас.
 
Вітае вас Лукаш, ле́кар умілаваны, і Дымас.

Прывітайце братоў у Ляадыкеі, і Німфана, і царкву ў доме ягоным.
 
Прывітайце братоў у Ляодыкіі, і Німфана, і дамовую царкву яго.

І калі гэтае пасланьне будзе прачытана ў вас, зрабіце, каб яно было прачытана ў Ляадыкейскай царкве; і тое, якое з Ляадыкеі, прачытайце і вы.
 
Калі-ж гэтае пасланьне будзе прачытана ў вас, зрабе́це, каб яно было прачытана ў Ляодыкійскай Царкве́; а тое, што з Ляодыкіі, прачытайце і вы.

І скажыце Архіпу: «Зважай на служэньне, якое ты атрымаў у Госпадзе, каб табе споўніць яго».
 
Ды скажэце Архіпу: пілнуй служэньня, што прыняў ты ў Госпадзе, каб табе́ выпаўніць яго.

Прывітаньне маёю рукою, Паўлаваю. Памятайце пра путы мае. Ласка з вамі. Амэн.
 
Вітаньне мае́ю рукою, Паўлаваю. Памятайце аб кайдано́х маіх! Ласка з вамі. Амін.