Да Каласянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Гаспадары, аказвайце рабам патрэбнае і справядлівае, ведаючы, што і вы маеце Госпада на нябёсах.
Паны, аказвайце слугам справядлівасьць і роўнасьць, ве́даючы, што і вы маеце Госпада на нябёсах.
Будзьце трывалыя ў малітве, чуваючы ў ёй з удзячнасьцю;
Трывайце ў малітве, чуваючы ў ёй з падзякаю;
малецеся таксама і за нас, каб Бог адчыніў нам дзьверы для слова, абвяшчаць тайну Хрыстовую, за якую я ў кайданах,
молячыся разам і за нас, каб Бог адчыніў нам дзьве́ры слова абвяшчаць тайну Хрыстовую, за якую я й закаваны,
каб я адкрыў, як павінен яе абвяшчаць.
каб я выявіў яе, як сьле́д мне́ казаці.
З чужымі абыходзьцеся разумна, карыстаючыся часам.
Мудра паступайце з тымі, што вонках, выкупляючы час.
Слова ваша (хай будзе) заўсёды зь мілатою, прыпраўлена сольлю, каб вы ведалі, як адказваць кожнаму.
Слова вашае няхай будзе заўсёды ласкавае, прыпраўленае соляй, каб вы ве́далі, як кожнаму адказаць.
пра мяне ўсё скажа Тыхік, любасны брат і верны слуга і супрацоўнік у Госпадзе,
Аба мне́ ўсё скажа вам Тыхік, умілаваны брат і ве́рны слуга і супрацоўнік у Госпадзе,
якога я на тое паслаў да вас, каб ён даведаўся пра вашыя справы і суцешыў сэрцы вашыя,
якога я дзеля таго паслаў да вас, каб ён даве́даўся, што́ ў вас, і паце́шыў сэрцы вашыя,
з Анісімам, верным і любасным братам (нашым), які ад вас: яны раскажуць вам пра ўсё тутэйшае.
з Анісімам, ве́рным і ўмілаваным братам, што спаміж вас: яны раскажуць вам усё, што тутака.
Вітае вас Арыстарх, увязьнены разам са мною, і Марк, нябож Варнаваў, — пра якога вы атрымалі наказы: як прыйдзе да вас, прымеце яго, —
Вітае вас Арыстарх, вязень разам са мною, і Марка, пляме́ньнік Варнавы, (аб якім прынялі вы загад: калі прыдзе да вас, прыме́це яго),
таксама Ісус, называны Юстам, абодва з абрэзаных; яны — адзіныя супрацоўнікі для Царства Божага, яны былі мне на радасьць.
дый Ісус, называны Юстам, якія з абрэзаньня; яны — адзіныя супрацоўнікі дзеля Царства Божага, якія былі мне́ патоляй.
Вітае вас Эпафрас, раб Ісуса Хрыста, які заўсёды дабразычыць вам у малітвах, каб вы былі дасканалыя і напоўненыя ўсім, што даспадобы Богу.
Вітае вас Эпафрас, што із вашых, раб Хрыста, што заўсёды стараецца за вас у малітвах, каб вы трывалі дасканалымі і напоўненымі ўсякай воляй Божай.
Сьведчу пра яго, што ён мае вялікую рупнасьць (і клопат) за вас і за тых, якія ў Лаадыкіі і Ераполі.
Сьве́дчу-ж аб ім, што ма́е вялікую рупнасьць аб вас і аб тых, што ў Ляодыкіі ды Іераполі.
Вітае вас Лукаш, лекар любасны, і Дымас.
Вітае вас Лукаш, ле́кар умілаваны, і Дымас.
Вітайце братоў у Лаадыкіі, і Німфана, і хатнюю царкву ягоную.
Прывітайце братоў у Ляодыкіі, і Німфана, і дамовую царкву яго.
Калі гэта пасланьне прачытана будзе ў вас, дык распарадзецеся, каб яно было прачытана і ў Лаадыкійскай царкве; а тое, якое з Лаадыкіі, прычытайце і вы.
Калі-ж гэтае пасланьне будзе прачытана ў вас, зрабе́це, каб яно было прачытана ў Ляодыкійскай Царкве́; а тое, што з Ляодыкіі, прачытайце і вы.
Скажэце Архіпу: глядзі, каб табе выканаць служэньне, якое ты прыняў у Госпадзе.
Ды скажэце Архіпу: пілнуй служэньня, што прыняў ты ў Госпадзе, каб табе́ выпаўніць яго.
Прывітаньне маёю рукою, Паўлаваю. Памятайце мае кайданы. Мілата з (усімі) вамі. Амін.
Вітаньне мае́ю рукою, Паўлаваю. Памятайце аб кайдано́х маіх! Ласка з вамі. Амін.