Да Каласянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Гаспадары, абыходзьцеся з рабамі па-добраму і справядліва, ведаючы, што і вы маеце Госпада ў Нябёсах.
Паны, аказвайце слугам справядлівасьць і роўнасьць, ве́даючы, што і вы маеце Госпада на нябёсах.
Трывайце ў малітве, чуваючы ў ёй з удзячнасьцю,
Трывайце ў малітве, чуваючы ў ёй з падзякаю;
молячыся ў той жа час і аб нас, каб Бог адчыніў нам дзьверы для слова, каб нам апавяшчаць тайну Хрыста, з-за якой я і ў кайданах;
молячыся разам і за нас, каб Бог адчыніў нам дзьве́ры слова абвяшчаць тайну Хрыстовую, за якую я й закаваны,
каб я раскрыў яе так, як і належыць мне яе апавяшчаць.
каб я выявіў яе, як сьле́д мне́ казаці.
Абыходзьцеся мудра з вонкавымі, (максімальна) выкарыстоўваючы час (для Дабравешчаньня).
Мудра паступайце з тымі, што вонках, выкупляючы час.
Слова вашае хай будзе заўсёды ласкавае, прыпраўленае сольлю, каб вы ведалі, як належыць вам адказаць кожнаму.
Слова вашае няхай будзе заўсёды ласкавае, прыпраўленае соляй, каб вы ве́далі, як кожнаму адказаць.
Пра мяне ўсё вам раскажа Тыхік, любасны брат і верны служыцель і супрацоўнік у Госпадзе,
Аба мне́ ўсё скажа вам Тыхік, умілаваны брат і ве́рны слуга і супрацоўнік у Госпадзе,
якога я паслаў да вас дзеля таго, каб мне даведацца пра вашыя абставіны, і каб ён суцешыў сэрцы вашыя;
якога я дзеля таго паслаў да вас, каб ён даве́даўся, што́ ў вас, і паце́шыў сэрцы вашыя,
(паслаў жа разам) з Анісімам, верным і любасным братам, які ёсьць ад вас. Яны раскажуць вам усё пра тутэйшыя справы.
з Анісімам, ве́рным і ўмілаваным братам, што спаміж вас: яны раскажуць вам усё, што тутака.
Вітае вас Арыстарх, які зьняволены разам са мною, і Марк, сваяк Барнабы, адносна якога вы атрымалі даручэньні: калі прыйдзе да вас, прымеце яго,
Вітае вас Арыстарх, вязень разам са мною, і Марка, пляме́ньнік Варнавы, (аб якім прынялі вы загад: калі прыдзе да вас, прыме́це яго),
і Ісус, называны Юстам, абодва з абрэзаных. Яны — адзіныя супрацоўнікі дзеля Валадарства Бога, якія былі дзеля мяне ўцехаю.
дый Ісус, называны Юстам, якія з абрэзаньня; яны — адзіныя супрацоўнікі дзеля Царства Божага, якія былі мне́ патоляй.
Вітае вас Эпатрас, які з вашых, раб Хрыста, які заўсёды змагаецца за вас у малітвах, каб вы стаялі дасканалымі і напоўненымі ва ўсім воляй Бога.
Вітае вас Эпафрас, што із вашых, раб Хрыста, што заўсёды стараецца за вас у малітвах, каб вы трывалі дасканалымі і напоўненымі ўсякай воляй Божай.
Сьведчу пра яго, што ён мае вялікую рупнасьць аб вас і аб тых, што ў Ляодыкіі і ў Яраполі.
Сьве́дчу-ж аб ім, што ма́е вялікую рупнасьць аб вас і аб тых, што ў Ляодыкіі ды Іераполі.
Вітае вас Лукаш, любасны лекар, і Дзімас.
Вітае вас Лукаш, ле́кар умілаваны, і Дымас.
Вітайце братоў, што ў Ляодыкіі і Німтана, і царкву, што ў яго доме.
Прывітайце братоў у Ляодыкіі, і Німфана, і дамовую царкву яго.
А калі гэтае Пасланьне будзе прачытана ў вас, зрабіце так, каб яно было прачытана і ў царкве Ляодыкіі; а якое з Ляодыкіі, прачытайце і вы;
Калі-ж гэтае пасланьне будзе прачытана ў вас, зрабе́це, каб яно было прачытана ў Ляодыкійскай Царкве́; а тое, што з Ляодыкіі, прачытайце і вы.
і скажэце Архіпу: «пільнуй служэньне, якое ты прыняў у Госпадзе, каб ты яго выконваў».
Ды скажэце Архіпу: пілнуй служэньня, што прыняў ты ў Госпадзе, каб табе́ выпаўніць яго.
Прывітаньне маёй рукою, Паўлаваю. Памятайце пра мае кайданы. Багадаць з вамі. Амін.
Вітаньне мае́ю рукою, Паўлаваю. Памятайце аб кайдано́х маіх! Ласка з вамі. Амін.