Выхад 39 разьдзел

Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Рeraklad V. Hadleuski

 
 

А з блакіту, пурпуру і барвовага кармазыну зрабілі яны службовыя адзеньні для служэньня ў сьвятыні; і зрабілі адзеньні сьвятыя для Аарона, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 

І зрабіў [Бэцалеэль] эфод з золата, блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону.
 

І выкляпалі яны бляшкі залатыя, і павыціналі з іх ніткі, каб уплесьці іх у блакіт, пурпур, барвовы кармазын і вісон мастацкаю работаю.
 

Нараменьнікі зрабілі да яго злучаныя; на двух канцах сваіх яны былі злучаныя.
 

І пас эфоду, які [падпярэзвае] яго, аднолькавае з ім работы, з золата, блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 

І зрабілі камяні оніксу, асадзіўшы іх у аправы залатыя, і выразалі на іх, як выразаюць пячатку, імёны сыноў Ізраіля.
 

І палажыў ён іх на нараменьнікі эфоду, як камяні на ўспамін пра сыноў Ізраіля, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 

І зрабіў нагруднік мастацкаю работаю, такою самаю работаю, як эфод, з золата, блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону.
 

Ён быў чатырохкутны; падвойным зрабілі яны нагруднік, у пядзю даўжыня ягоная і ў пядзю шырыня ягоная, ён падвойны.
 

І напоўнілі яго чатырма шэрагамі камянёў у шэраг. Рубін, тапаз і шмарагд — шэраг адзін.
 

А шэраг другі — гранат, шафір і дыямэнт.
 

А шэраг трэці — яхонт, агат і амэтыст.
 

А шэраг чацьвёрты — хрызаліт, онікс і ясьпіс. Яны асаджаныя ў золата ў аправах сваіх.
 

І камяні паводле [імёнаў] імёнаў сыноў Ізраіля, іх дванаццаць паводле імёнаў іхніх, і выразанае як пячатка на кожным імя сваё паводле дванаццаці плямёнаў.
 

І зрабілі для нагрудніку ланцужкі плеценыя вітою работаю, са шчырага золата.
 

І зрабілі дзьве аправы залатыя і два колцы залатыя, і прымацавалі два колцы да двух канцоў нагрудніку.
 

І ўклалі два плеценыя залатыя ланцужкі ў абодва колцы па канцах нагрудніку.
 

А [іншыя] два канцы двух ланцужкоў прычапілі да двух аправаў і прымацавалі іх да нараменьнікаў эфоду з пярэдняга боку яго.
 

І зрабілі два колцы залатыя, і прымацавалі да двух канцоў нагрудніку на тым краі ягоным, які пры ўнутраным боку эфоду.
 

І зрабілі два колцы залатыя, і прымацавалі іх да двух нараменьнікаў эфоду зьнізу, з пярэдняга боку ягонага, каля злучэньня ягонага, над пасам эфоду.
 

І прымацавалі нагруднік колцамі ягонымі да колцаў эфоду шнурком з блакіту, каб ён быў над пасам эфоду, і каб ня ссоваўся нагруднік з эфоду, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 

І зрабіў [Бэцалеэль] верхнюю шату да эфоду, тканую ўсю з блакіту,
 

і адтуліну шаты ў сярэдзіне яе, як адтуліна панцыра, і абшыўку наўкола адтуліны, каб не разьдзёрлася.
 

І зрабілі яны на прыполе верхняе шаты яблыкі гранатовыя з блакіту, пурпуру і барвовага кармазыну кручанага.
 

І зрабілі званочкі са шчырага золата, і памясьцілі званочкі паміж гранатовых яблыкаў на прыполе верхняе шаты наўкола, паміж гранатовых яблыкаў,
 

званочак і гранатовы яблык, званочак і гранатовы яблык, на прыполе верхняе шаты наўкола для служэньня, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 

І зрабілі хітоны з вісону, тканае работы, для Аарона і сыноў ягоных,
 

і мітру з вісону, і турбаны аздобныя з вісону, і нагавіцы ільняныя з кручанага вісону,
 

і пояс з кручанага вісону, блакіту, пурпуру і барвовага кармазыну, гафтаванае работы, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 

І зрабілі дыядэму вянца сьвятасьці са шчырага золата, і напісалі на ёй пісьмом, як выразаюць на пячатцы: “Сьвятыня для ГОСПАДА”,
 

і прымацавалі да яе шнурок з блакіту, каб прывязваць яе да мітры зьверху, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 

І скончылася ўся праца пабудовы Сялібы, Намёту Спатканьня, і зрабілі сыны Ізраіля ўсё; як загадаў ГОСПАД Майсею, так і зрабілі.
 

І прынесьлі да Майсея Сялібу, намёт і ўсе прыналежнасьці ягоныя, гачыкі ягоныя, дошкі ягоныя, жэрдкі ягоныя, слупы ягоныя і падстаўкі ягоныя,
 

і пакрыцьцё са скураў бараноў, фарбаваных на чырвона, і пакрыцьцё са скураў тахаш, і заслону, якая вісіць,
 

Каўчэг Сьведчаньня, і насілы ягоныя, і накрыўку ягоную,
 

стол, усе начыньні ягоныя і хлябы пакладныя,
 

сьвечнік чысты, лямпы ягоныя, лямпы ў шэрагах, і ўсё начыньне ягонае, і алей для асьвятленьня,
 

і ахвярнік залаты, і алей памазаньня, і пахкае кадзіла, і заслону на ўваходзе ў намёт,
 

ахвярнік мядзяны і крату мядзяную да яго, насілы ягоныя і ўсё начыньне ягонае, мыцельнік і падставу ягоную,
 

заслоны панадворку, слупы ягоныя і падстаўкі ягоныя, заслону да брамы панадворку, вяроўкі ягоныя і калкі ягоныя, і ўсе прыналежнасьці да служэньня Сялібы ў Намёце Спатканьня,
 

адзеньні службовыя да служэньня ў сьвятыні, адзеньні сьвятыя для Аарона сьвятара і адзеньні для сыноў ягоных да служэньня сьвятарскага.
 

Усё, як загадаў ГОСПАД Майсею, так і зрабілі сыны Ізраіля, усю працу.
 

І ўбачыў Майсей усё зробленае, і вось, яны зрабілі гэта; як загадаў ГОСПАД, так і зрабілі. І дабраславіў іх Майсей.