Быццё 10 разьдзел

Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Вось радавод сыноў Ноя: Сэма, Хама і Яфэта. І нарадзіліся ім сыны пасьля патопу.
 

Сыны Яфэта: Гамэр, Магог, Мадай, Яван, Туваль, Мэшэх і Тырас.
 

Сыны Гамэра: Ашкеназ, Рыфат і Тагарма.
 

Сыны Явана: Эліша і Таршыш, Кіттым і Даданім.
 

Ад іх паходзяць астравы народаў у землях іхніх, кожны паводле мовы сваёй і паводле плямёнаў сваіх, у народах сваіх.
 

Сыны Хама: Куш, Міцраім, Пут і Ханаан.
 

Сыны Куша: Сэва, Хавіля, Саўта, Раама і Саўтэха. Сыны Раамы: Шэва і Дэдан.
 

А Куш нарадзіў Німрода. Ён пачаў быць волатам на зямлі.
 

Ён быў магутны паляўнічы перад абліччам ГОСПАДА. Таму кажуць: «Як Німрод, магутны паляўнічы перад абліччам ГОСПАДА».
 

І пачаткам валадараньня яго былі Бабілон, Эрэх, Акад і Кальнэ ў зямлі Шынаар.
 

З той зямлі выйшаў Ашур і пабудаваў Нініву, Рэхавот-Ір, Калях
 

і Рэсэн, вялікі горад між Нінівай і Каляхам.
 

А Міцраім нарадзіў Людыма, Анаміма, Легавіма, Нафтухіма,
 

Патрусіма і Касьлюхіма, ад якіх паходзяць Філістынцы, і Кафторыма.
 

А Ханаан нарадзіў Сідона, першароднага свайго, і Хета,
 

Евусэя, Амарэя, Гіргашэя,
 

Хівея, Аркея, Сінэя,
 

Арвадэя, Цэмарэя і Хаматэя; а пасьля расьсеяліся плямёны Хананейскія.
 

І была мяжа Хананейцаў ад Сідону ў накірунку Герару аж да Газы, а ў накірунку Садома і Гаморы, Адмы і Цэвоіма — аж да Ляшы.
 

Гэта сыны Хама паводле плямёнаў сваіх, паводле моваў сваіх, у землях сваіх і ў народах сваіх.
 

А Сэм, бацька ўсіх сыноў Эвэра, старэйшы брат Яфэта, нарадзіў [сыноў].
 

Сыны Сэма: Элям, Ашур, Арпахшад, Люд і Арам.
 

Сыны Арама: Уц, Хуль, Гетэр і Маш.
 

А Арпахшад нарадзіў Шэляха, а Шэлях нарадзіў Эвэра.
 

А ў Эвэра нарадзіліся два сыны: аднаго імя Пэлег, таму што ў дні ягоныя разьдзялілася зямля, а імя брата ягонага — Ёктан.
 

Ёктан нарадзіў Альмадада, Шалефа, Хацармавэта, Яраха,
 

Гадарама, Узаля, Дыклю,
 

Аваля, Авімаэля, Шэву,
 

Афіра, Хавіля і Ёвава. Гэтыя ўсе — сыны Ёктана.
 

Месца іх пражываньня было ад Мэшы ў накірунку Сэфару на ўсход.
 

Гэта сыны Сэма паводле плямёнаў сваіх, паводле моваў сваіх, у землях сваіх і ў народах сваіх.
 

Гэта вось плямёны сыноў Ноя паводле радаводаў у народах сваіх. Ад іх распаўсюдзіліся народы на зямлі пасьля патопу.