Яна 1 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
У пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
Яно было ў Бога на пачатку.
Яно было ў пачатку ў Бога.
Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не было з таго, што сталася.
Усё праз Яго ўзнікла, і без Яго нічога не ўзнікла, што ўзнікла.
У Ім жыцьцё было, і жыцьцё было сьвятлом для людзей.
У ім было жыццё, і жыццё было святпо людзям.
І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго.
А святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго.
Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яго Ян.
Быў чалавек, пасланы ад Бога, імя яму Іаан.
Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыў пра Сьвятло, каб усе мелі веру праз яго.
Ён прыйшоў для сведчання, каб засведчыць пра Святло, каб усе ўверавалі праз яго.
Ня быў ён сьвятлом, але [прыйшоў,] каб сьведчыць пра Сьвятло.
Ён не быў Святлом, але меў сведчыць пра Святло.
Было Сьвятло праўдзівае, якое прасьвятляе ўсякага чалавека, што прыходзіць у сьвет.
Было Святло праўдзівае, Якое асвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць на свет.
Было Яно ў сьвеце, і сьвет праз Яго стаўся, і сьвет Яго не пазнаў.
У свеце Яно было, і свет праз Яго ўзнік, але свет не пазнаў Яго.
Да сваіх прыйшло, і свае Яго не прынялі.
Да сваіх прыйшоў, і свае не прынялі Яго.
А тым, што прынялі Яго, дало Яно ім уладу дзецьмі Божымі стацца, тым, якія вераць у імя Яго,
Тым жа, што Яго прынялі, даў права стаць Божымі дзецьмі, тым, што веруюць у Яго імя,
тым, што не ад крыві, не ад жаданьня цела, не ад жаданьня мужа, але ад Бога нарадзіліся.
якія не з крыві, ані з жадання цела, ані з жадання мужа, але з Бога нарадзіліся.
І Слова Целам сталася, і пасялілася між нас, поўнае ласкі і праўды, і мы бачылі славу Яго, славу, як Адзінароднага ў Айца.
І Слова зрабілася целам і жыло між нас, і мы ўбачылі Яго славу, славу як Адзінароднага ад Бацькі, — поўнага ласкі і праўды.
Ян сьведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта Той, пра Якога я сказаў: “Той, Які пасьля мяне ідзе, наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў”».
Іаан сведчыць пра Яго і, ўсклікваючы, кажа: «Гэта быў Той, пра Каго я сказаў: Той, Хто за мною ідзе, спераду мяне стаў, бо Ён быў раней за мяне».
І ад поўнасьці Яго ўсе мы прынялі ласку [Божую] за ласкай [Божай].
Бо з Яго паўнаты мы ўсе прынялі ласку за ласкаю;
Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка [Божая] і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста.
таму што Закон быў дадзены праз Майсея, ласка і праўда з’явіліся праз Ісуса Хрыста.
Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, Які ва ўлоньні Айца, Той зьявіў.
Бога ніхто не бачыў ніколі. Адзінародны Сын, што ёсць у лоне Бацькі, Ён паказаў.
І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі з Ерусаліму паслалі сьвятароў і лявітаў, каб спыталіся ў яго: «Хто ты?»
І вось сведчанне Іаана, калі паспалі да яго Іудзеі з Ерусаліма святароў І левітаў, каб спыталіся ў яго: «Хто ты?»
І ён вызнаў, і ня выракся, і вызнаў: «Я — не Хрыстос».
І ён вызнаў і не зарокся, а вызнаў: «Я не Хрыстос».
І спыталіся ў яго: «Дык што? Ты — Ільля?» І гаворыць: «Не». «Прарок?» І адказаў: «Не».
І спыталіся ў яго: «Што жі Ты Ілля?» А ён кажа: «Не!» — «Ты прарок?» А ён адказаў: «Не».
Дык сказалі яму: «Хто ж ты? Каб нам даць адказ тым, якія нас паслалі, што ты кажаш пра самога сябе?»
Тады сказалі яму: «Хто ты, каб нам даць адказ тым, што паслалі нас? Што ты кажаш пра самога сябе?»
Ён сказаў: «Я — голас таго, хто кліча ў пустыні: “Прастуйце шлях Госпаду”, як сказаў прарок Ісая».
Ён сказаў: «Я вокліч прапаведніка ў пустэльні: падрыхтуйце дарогу Гасподнюю», як сказаў Ісая-прарок.
А пасланыя былі з фарысэяў.
А пасланыя былі з фарысеяў.
І яны спыталіся ў яго, і сказалі яму: «Дык чаму ты хрысьціш, калі ты не Хрыстос, ані Ільля, ані прарок?»
І яны спыталіся ў яго і сказалі яму: «Што ж ты хрысціш, калі ты не Хрыстос, ані Ілля, ані прарокі?»
Адказаў ім Ян, кажучы: «Я хрышчу вадой, але паўстаў сярод вас Той, Якога вы ня ведаеце;
Адказаў ім Іаан, кажучы: «Я хрышчу вадою, сярод вас стаіць Той, Каго вы не ведаеце,
гэта Той, Які ідзе за мною, але наперадзе мяне быў, Якому я ня варты разьвязаць рамень сандала Ягонага».
Які за мною ідзе і Якому я не годны, каб развязаць рэмень абутку».
Сталася гэта ў Бэтабары, за Ярданам, дзе хрысьціў Ян.
Гэта адбылося ў Віфаніі, на тым баку Іярдана, дзе Іаан хрысціў.
На наступны дзень бачыць Ян Ісуса, Які ішоў да яго, і кажа: «Вось Ягня Божае, Які бярэ на Сябе грэх сьвету.
На другі дзень бачыць ён Ісуса, што да яго ідзе, і кажа: «Вось Божы Баранчык, Які бярэ на Сябе грэх свету.
Гэта Той, пра Якога я сказаў: “Ідзе за мною Муж, Які наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў”.
Гэта той, пра Каго я сказаў: «За мною, ідзе Муж, Які спераду мяне стаў, бо быў раней за мяне.
І я ня ведаў Яго; але дзеля таго, каб Ён быў зьяўлены Ізраілю, прыйшоў я, хрысьцячы вадою».
І я не ведаў Яго, але каб Ён Ізраілю з’явіўся, — на тое прыйшоў я хрысціць вадою».
І засьведчыў Ян, кажучы: «Я бачыў Духа, Які зыходзіў з неба як голуб і застаўся на Ім.
І засведчыў Іаан, кажучы: «Я ўбачыў Духа, што зыходзіў, як галубка, з неба, І Ён заставаўся на Ім.
І я ня ведаў Яго, але Той, Які паслаў мяне хрысьціць вадою, сказаў мне: “На Кім угледзіш Духа, Які зыходзіць і застаецца на Ім, Ён і ёсьць Той, Які хрысьціць Духам Сьвятым”.
І я не ведаў Яго, але Той, Хто паслаў мяне хрысціць вадою, мне сказаў: «На Кім убачыш Духа, што сходзіць і застаецца на Ім, гэта Той, Хто хрысціць Святым Духам».
І я ўбачыў і засьведчыў, што Ён і ёсьць Сын Божы».
І я бачыў і засведчыў, што Ён — Божы Сын».
На наступны дзень ізноў стаяў Ян і двое з вучняў ягоных.
На другі дзень зноў стаяў Іаан і два з яго вучняў.
І, угледзеўшы, што ідзе Ісус, ён гаворыць: «Вось, Ягня Божае!»
І, глянуўшы на Ісуса, што праходзіў, ён кажа: «Вось Божы Баранчык».
І пачулі двое вучняў ягоных, як казаў гэта, і пайшлі за Ісусам.
І пачулі два вучні яго словы і пайшлі ўслед за Ісусам.
Ісус жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа ім: «Што шукаеце?» Яны ж сказалі Яму: «Раббі, — што перакладаецца Настаўнік, — дзе жывеш?»
А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ішлі ўслед, кажа ім: «Што вы шукаеце?». Яны ж сказалі Яму: «Раббі (што ў перакладзе значыць: Настаўніку), дзе Ты жывеш?»
Гаворыць ім: «Прыйдзіце і ўбачыце». Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго той дзень. Было ж каля дзясятае гадзіны.
Ён кажа ім: «Ідзіце і ўбачыце». І пайшлі яны і ўбачылі, дзе Ён жыве, і прабылі ў Яго той дзень. Было каля дзесятай гадзіны.
Адзін з двух, якія пачулі ад Яна і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.
Андрэй, брат Сімана і Пятра, быў адзін з двух, што пачулі ад Іаана і пайшлі ўслед за Ім.
Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: «Мы знайшлі Мэсію, — што перакладаецца Хрыстос».
Ён знайшоў першым свайго брата Сімана і кажа яму: «Мы знайшлі Месію (што ў перакладзе значыць: Хрыстос)».
І ён прывёў яго да Ісуса. Ісус жа, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты — Сымон, сын Ёны, ты будзеш называцца Кіфа, — што перакладаецца Скала».
Прывёў ён яго да Ісуса. Глянуўшы на яго, Ісус сказаў: «Ты, Сіман, сын Іаанаў, ты будзеш называцца Кіфа [што ў перакладзе значыць: Пятро]».
На наступны дзень Ісус хацеў ісьці ў Галілею, і знаходзіць Філіпа, і кажа яму: «Ідзі за Мною».
На другі дзень захацеў Ён пайсці ў Галілею і знайшоў Піліпа. І кажа яму Ісус: «Ідзі ўслед за Мною».
Філіп жа быў з Бэтсаіды, з гораду Андрэя і Пятра.
Быў жа Піліп з Віфсаіды, з горада Андрэя і Пятра.
Філіп знаходзіць Натанаэля і кажа яму: «Мы знайшлі Таго, пра Каго пісаў Майсей у Законе і Прарокі, — Ісуса, сына Язэпа, што з Назарэту».
Знаходзіць Піліп Нафанаіла і кажа яму: «Таго, пра Каго напісаў Майсей у Законе і Прарскі, мы знайшлі: Ісуса, Іосіфавага сына, з Назарэта».
І сказаў яму Натанаэль: «Ці ж можа быць што добрае з Назарэту?» Гаворыць яму Філіп: «Прыйдзі і паглядзі».
І сказаў яму Нафанаіл: «Ці ж можа быць з Назарэта што добрае?» Кажа яму Піліп: «Прыйдзі і паглядзі».
Ісус убачыў Натанаэля, які ішоў да Яго, і кажа пра яго: «Вось, сапраўды, Ізраільцянін, у якім няма подступу».
Убачыў Ісус Нафанаіла, што ішоў да Яго, і кажа пра яго: «Вось сапраўдны ізраільцянін, у якім няма прытворства».
Натанаэль кажа Яму: «Адкуль Ты даведаўся пра мяне?» Адказаў Ісус і сказаў яму: «Раней, чым Філіп паклікаў цябе, калі ты быў пад дрэвам фігавым, Я бачыў цябе».
Кажа яму Нафанаіл: «Адкуль Ты мяне ведаеш?» У адказ Ісус сказаў яму: «Перад тым, як паклікаў цябе Піліп, калі ты быў пад фігавым дрэвам, Я бачыў цябе».
Адказаў Яму Натанаэль: «Раббі! Ты — Сын Божы! Ты — Валадар Ізраіля!»
Адказаў яму Нафанаіл: «Раббі, Ты Божы Сын, Ты цар Ізраілеў».
Адказаў Ісус і сказаў яму: «Ты верыш, бо Я сказаў табе: “Я бачыў цябе пад дрэвам фігавым”? Угледзіш больш за гэтае».
У адказ Ісус сказаў яму: «З-за таго, што Я сказаў табе: Я бачыў цябе пад фігавым дрэвам, — ты ўвераваў? Болей за гэта пабачыш».
І кажа яму: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: ад цяпер угледзіце неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і зыходзяць да Сына Чалавечага».
І кажа яму: «Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: убачыце неба адкрытае і Божых анёлаў, што ўзнімаюцца і апускаюцца на Чалавечага Сына».