Яна 10 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не дзьвярыма ўваходзіць у авечы двор, але ўлазіць іначай, той злодзей і разбойнік.
Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: Хто не ўваходзіць праз дзверы ў авечы двор, а пералазіць з другога месца, — той злодзей і разбойнік;
А хто ўваходзіць дзьвярыма, той — пастыр авечак.
А хто ўваходзіць праз дзверы, той пастыр авечкам.
Яму прыдзьвернік адчыняе, і авечкі слухаюць голас ягоны, і ён кліча сваіх авечак па імёнах, і выводзіць іх.
Яму брамнік адчыняе, і авечкі яго голас чуюць, і сваіх авечак ён кліча на імя і выводзіць іх.
І калі выведзе сваіх авечак, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць голас ягоны.
Калі ён усіх сваіх выганіць, наперадзе іх ідзе, і авечкі ідуць услед за ім, бо ведаюць голас яго.
За чужым жа ня пойдуць, але ўцякуць ад яго, бо ня ведаюць чужога голасу».
За чужым жа ўслед не пойдуць, але будуць уцякаць ад яго, бо не ведаюць чужога голасу».
Гэтую прыказку сказаў ім Ісус, але яны не зразумелі, што такое Ён гаварыў ім.
Гэтае прыпадабненне сказаў ім Ісус: тыя ж не зразумелі значэння таго, што Ён ім казаў.
Тады ізноў сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што Я — дзьверы авечак.
Зноў тут сказаў ім Ісус: «Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: Я — дзверы авечкам.
Усе, якія прыходзілі раней за Мяне, — злодзеі і разбойнікі, але авечкі не паслухаліся іх.
Усе, колькі іх ні прыходзіла [перада Мною], злодзеі і разбойнікі, ды не паслухалі іх авечкі.
Я — дзьверы. Хто ўвойдзе праз Мяне, збаўлены будзе, і ўвойдзе, і выйдзе, і пашу знойдзе.
Я — дзверы: праз Мяне, калі хто ўвойдзе, уратуецца, і ўвойдзе, і выйдзе, і пашу знойдзе.
Злодзей прыходзіць, каб толькі ўкрасьці, забіць і загубіць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыцьцё і мелі ўдосталь.
Злодзей прыходзіць толькі каб украсці і забіць, і знішчыць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і паддастаткам мелі.
Я — Пастыр добры. Добры пастыр аддае душу сваю за авечак,
Я — Добры Пастыр. Добры пастыр сваё жыццё кладзе за авечак.
а найміт, які ня пастыр, для якога авечкі не свае, бачыць, што прыходзіць воўк, і пакідае авечак, і ўцякае, і воўк хапае іх, і разганяе авечак.
Найміт, а не пастыр, той, каму авечкі не свае, бачыць, як воўк прыходзіць, і пакідае авечак і ўцякае (і воўк хапае іх і разганяе),
Найміт жа ўцякае, бо ён найміт і ня рупіцца пра авечак.
Бо ён найміт, і яму не абходзяць авечкі.
Я — Пастыр добры і ведаю, хто Мае, і Мае ведаюць Мяне.
Я — добры Пастыр і Маіх, і ведаюць Мяне мае.
Як Айцец ведае Мяне, і Я ведаю Айца, і душу Маю аддаю за авечак.
Як ведае Мяне Бацька, ведаю і Я Бацьку, і сваё жыццё кладу за авечак.
Маю Я і іншых авечак, якія ня з гэтага двара, і іх Я мушу прывесьці. І яны пачуюць голас Мой, і станецца адзін статак і адзін Пастыр.
І іншых авечак Я маю — не з гэтага двара, і тых Мне трэба прывесці, і Мой голас яны пачуюць, і будзе адна чарада, адзін Пастух.
За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю душу Маю, каб ізноў узяць яе.
За гэта любіць Мяне Бацька, што Я кладу Сваё жыццё, каб зноў прыняць яго.
Ніхто не забірае яе ў Мяне, але Я Сам аддаю яе. Маю ўладу аддаць яе і маю ўладу ізноў узяць яе. Гэтае прыказаньне атрымаў Я ад Айца Майго».
Ніхто не забірае яго ў Мяне, але Я кладу яго Сам. Маю ўладу аддаць яго і маю ўладу зноў прыняць яго: гэты запавет Я атрымаў ад Свайго Бацькі».
Тады ізноў стаўся падзел між Юдэямі дзеля гэтых словаў.
Зноў адбыўся разлад між іудзеямі з-за гэтых слоў.
Многія з іх казалі: «Ён мае дэмана і вар’яцее; што вы слухаеце Яго?»
І казаў шмат хто з іх: «У ім дэман, і Ён шалее; што вы Яго слухаеце?»
Другія казалі: «Гэта словы не апанаванага дэманам. Ці ж можа дэман адчыняць вочы сьляпым?»
Іншыя казалі: «Гэта словы не таго, у кім дэман: хіба можа дэман адкрываць сляпым вочы?»
І сталася ў Ерусаліме сьвята Абнаўленьня, і была зіма.
Настала тады ў Ерусаліме свята Аднаўлення; была зіма.
І хадзіў Ісус у сьвятыні ў прысенку Салямонавым.
І хадзіў Ісус у святыні, у Саламонавым прытворы.
Тады абступілі Яго Юдэі і сказалі Яму: «Дакуль будзеш трымаць душу нашу? Калі Ты — Хрыстос, скажы нам адкрыта».
Акружылі тады Яго іудзеі і казалі Яму: «Дакуль будзеш трымаць у няпэўнасці нашы душы? Калі Ты Хрыстос, скажы нам адкрыта».
Адказаў ім Ісус: «Я казаў вам, і ня верыце; справы, якія Я раблю ў імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне.
Адказаў ім Ісус: «Я сказаў вам, і вы не верыце; учынкі, што Я раблю ў імя Майго Бацькі, сведчаць пра Мяне;
Але вы ня верыце, бо вы не з Маіх авечак, як Я сказаў вам.
Але вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак.
Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.
Мае авечкі Мой голас чуюць, і Я ведаю іх, і яны ідуць услед за Мною,
І Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць на вякі, і ніхто ня выхапіць іх з рукі Маёй.
І Я даю ім вечнае жыццё і не загінуць яны вавекі, і не схопіць іх ніхто з Маёй рукі.
Айцец Мой, Які даў Мне іх, большы за ўсіх, і ніхто ня можа выхапіць іх з рукі Айца Майго.
Мой Бацька, Які даў Мне іх, большы за ўсіх, і ніхто не можа выхапіць іх з Бацькавай рукі.
Я і Айцец — адно».
Я і Бацька — адно».
Тады ізноў Юдэі ўзялі камяні, каб укаменаваць Яго.
Зноў схапілі каменне іудзеі, каб пабіць Яго.
Адказаў ім Ісус: «Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго. За які з іх хочаце Мяне ўкаменаваць?»
Адказаў ім Ісус: «Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Бацькі. За які з гэтых учынкаў хочаце Мяне забіць каменнем?»
Юдэі адказалі Яму, кажучы: «Не за добры ўчынак хочам укаменаваць Цябе, але за блюзьнерства, і што Ты, будучы чалавекам, робіш Сябе Богам».
Адказалі Яму іудзеі: «Не за добры ўчынак мы б’ем Цябе каменнем, але за блюзнерства і за тое, што Ты, будучы чалавекам, робіш Сябе Богам».
Ісус адказаў ім: «Ці не напісана ў Законе вашым: “Я сказаў: 'Вы — богі'”?
Адказаў ім Ісус: «Ці не напісана ў вашым Законе: «Я сказаў: вы — багі»?
Калі Ён назваў багамі тых, да якіх было слова Божае, і ня можа быць парушана Пісаньне,
Калі Ён назваў багамі тых, да якіх было Божае слова, а Пісанне не можа быць парушана, —
як Таму, Каго Айцец асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце: “Блюзьніш”, таму што сказаў: “Я — Сын Божы”?
То ці Таму, Каго Бацька асвяціў і паслаў у свет, вы кажаце: «Ты блюзнерыш» з-за таго, што Я сказаў: «Я — Сын Божы»?
Калі Я не раблю ўчынкаў Айца Майго, ня верце Мне.
Калі Я не раблю спраў Свайго Бацькі, не верце Мне;
Калі ж раблю, а вы Мне ня верыце, дык верце ўчынкам Маім, каб спазналі і паверылі, што Айцец у-ва Мне, і Я ў Ім».
А калі Я раблю, то хоць бы вы Мне не верылі, паверце справам, каб пазналі і ведалі, што ўва Мне Бацька і Я ў Бацьку».
Тады ізноў шукалі схапіць Яго, але Ён выйшаў з рук іхніх
Тады зноў шукалі яны, каб схапіць Яго, ды Ён ухіліўся ад іх рук.
і пайшоў ізноў за Ярдан, у тое месца, дзе раней хрысьціў Ян, і застаўся там.
І пайшоў Ён зноў на той бок Іярдана, на тое месца, дзе раней Іаан хрысціў, і астаўся там.
І многія прыйшлі да Яго, і казалі, што Ян не ўчыніў ніводнага знаку, але ўсё, што сказаў Ян пра Яго, было праўдзівым.
І многія прыйшлі да Яго і казалі, што хоць Іаан ніякага цуду не зрабіў, ды ўсё, што сказаў Іаан пра Яго, было праўдзівае.
І многія там паверылі ў Яго.
І многія ўверавалі ў Яго там.