Яна 8 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Ісус жа пайшоў на гару Аліўную.
Ісус жа пайшоў на Алейную гару.
Нараніцы Ён ізноў прыйшоў у сьвятыню, і ўвесь народ ішоў да Яго. І, сеўшы, Ён вучыў іх.
А раніцаю зноў прыйшоў у святыню, і ўвесь народ сходзіўся да Яго, і Ён, сеўшы, навучаў іх.
Тут кніжнікі і фарысэі прыводзяць да Яго жанчыну, злоўленую на чужалостве, і, паставіўшы яе пасярэдзіне,
І прыводзяць кніжнікі і фарысеі жанчыну, заспетую ў пералюбе, і, паставіўшы яе пасярэдзіне,
кажуць Яму: «Настаўнік, гэтая жанчына злоўленая на чужалостве.
Кажуць Яму: «Настаўніку, гэтую жанчыну заспелі на месцы пералюбу;
Майсей жа ў Законе загадаў нам гэткіх каменаваць. А Ты што скажаш?»
А ў Законе Майсей загадаў нам такіх забіваць каменнем. Дык што Ты скажаш?»
Казалі ж яны гэта, спакушаючы Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. А Ісус, нізка нахіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі.
Гэта ж яны казалі, спакушаючы Яго, каб мець абвінавачванне супроць Яго. Ісус жа, нізка нахіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі.
Калі ж яны працягвалі пытацца ў Яго, Ён, выпрастаўшыся, сказаў ім: «Хто з вас бязгрэшны, няхай першы кіне камень у яе».
Капі ж яны ўсё пыталіся ў Яго, Ён выпрастаўся і сказаў ім: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе каменем».
І, зноў нізка нахіліўшыся, пісаў на зямлі.
І, зноў нахіліўшыся, пісаў на зямлі.
Яны ж, пачуўшы гэтае і дакараныя сумленьнем, павыходзілі адзін за адным, пачаўшы ад старшыняў, аж да апошніх. І застаўся адзін Ісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне.
Яны ж, пачуўшы, сталі выходзіць адзін за адным, пачынаючы са старэйшын, і астаўся адзін Ісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне.
Ісус выпрастаўся, і, ня бачачы нікога, акрамя жанчыны, сказаў ёй: «Жанчына! Дзе тыя, хто абвінавачваў цябе? Ніхто не асудзіў цябе?»
І Ісус, выпрастаўшыся, кажа ёй: «Жанчына, дзе яны! Ніхто цябе не асудзіў?»
Яна сказала: «Ніхто, Госпадзе!» Ісус жа сказаў ёй: «І Я не асуджаю цябе; ідзі і больш не грашы».
Яна ж сказала: «Ніхто, Госпадзе». І сказаў Ісус: «І Я цябе не асуджаю; ідзі [і] з гэтага часу больш не грашы.»
Тады ізноў сказаў Ісус да іх, кажучы: «Я — сьвятло сьвету. Хто ідзе за Мною, той ня будзе хадзіць у цемры, але будзе мець сьвятло жыцьця».
І зноў Ісус прамаўляў да іх, кажучы: «Я — Святло свету. Той, хто ідзе ўслед за Мною, не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця».
Тады фарысэі сказалі Яму: «Ты Сам пра Сябе сьведчыш, непраўдзівае сьведчаньне Тваё».
Тады сказалі Яму фарысеі: «Ты сведчыш Сам пра Сябе; Тваё сведчанне не праўдзівае».
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Калі Я і Сам пра Сябе сьведчу, праўдзівае сьведчаньне Маё, бо Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, адкуль Я прыходжу і куды іду.
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Хоць Я і сведчу пра Самога Сябе, праўдзівае Маё сведчанне, бо Я ведаю, адкуль Я прыйшоў і куды іду; вы ж не ведаеце, адкуль Я прыходжу ці куды Я іду.
Вы судзіце паводле цела; Я не суджу нікога.
Вы паводле цела судзіце, Я не суджу нікога.
А калі Я і суджу, суд Мой праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Айцец, Які паслаў Мяне.
Калі ж і Я суджу, то Мой суд праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Бацька, што паслаў Мяне.
І ў Законе вашым напісана, што сьведчаньне двух чалавек праўдзівае.
А ў вашым жа Законе запісана, што сведчанне двух чаравек праўдзівае.
Я Сам сьведчу пра Сябе, і сьведчыць пра Мяне Айцец, Які паслаў Мяне».
Я сведчу пра Самога Сябе, і сведчыць пра Мяне Бацька, што паслаў Мяне».
Тады сказалі Яму: «Дзе Айцец Твой?» Адказаў Ісус: «Вы ня ведаеце ані Мяне, ані Айца Майго. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго».
Тады казалі яны Яму: «Дзе Твой Бацька?» Адказаў Ісус: «Ні Мяне вы не ведаеце, ні Майго Бацькі. Калі б вы Мяне ведалі, то і Майго Бацьку ведалі б».
Гэтыя словы гаварыў Ісус ля скарбніцы, калі навучаў у сьвятыні; і ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не прыйшла гадзіна Ягоная.
Гэтыя словы казаў Ён пры скарбніцы, навучаючы ў святыні; і ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не надышла Яго гадзіна.
Зноў жа сказаў ім Ісус: «Я іду, і будзеце шукаць Мяне; і паўміраеце ў грэху вашым. Куды Я іду, вы прыйсьці ня можаце».
І зноў сказаў Ён ім: «Я іду, і вы будзеце шукаць Мяне і ў сваім граху памраце; куды Я іду, вы не можаце пайсці».
Юдэі ж казалі: «Ці не заб’е Ён Сябе Сам, бо кажа: “Куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці”?»
Казалі тады іудзеі: «Ці не заб’е Ён Сам Сябе, калі кажа: Куды Я іду, вы не можаце пайсці?»
І сказаў Ён ім: «Вы — з нізу, а Я — з вышыні; вы — з гэтага сьвету, Я — ня з гэтага сьвету.
І казаў Ён ім: «Вы ад ніжэйшых. Я ад вышэйшых; вы з гэтага свету, Я не з гэтага свету.
Таму сказаў Я вам, што вы паўміраеце ў грахах вашых; бо калі не паверыце, што гэта Я, паўміраеце ў грахах вашых».
Таму сказаў Я вам, што памраце ў сваіх грахах; бо калі вы не ўверуеце, што гэта Я, то памраце ў сваіх грахах».
Тады яны сказалі Яму: «Хто ж Ты?» І сказаў ім Ісус: «Адпачатны, як і кажу вам.
Тады яны казалі Яму: «Хто ты?» Сказаў ім Ісус: «Той, Хто ад пачатку, пра што і кажу вам.
Шмат маю казаць пра вас і судзіць, але Той, Які паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чуў ад Яго, тое і кажу сьвету».
Шмат Мне трэба казаць пра вас і судзіць, але Той, Хто паслаў Мяне, праўдзівы, і што Я чую ад Яго, гэта і кажу свету».
Яны не зразумелі, што Ён казаў ім пра Айца.
Не зразумелі яны, што Ён казаў ім пра Бацьку.
Тады сказаў ім Ісус: «Калі падымеце Сына Чалавечага, тады даведаецеся, што гэта Я і што нічога не раблю ад Сябе, але як навучыў Мяне Айцец Мой, так і кажу.
Таму сказаў [ім] Ісус: «Калі вы ўздымеце Чалавечага Сына, тады зразумееце, што гэта Я, і што Сам ад Сябе Я нічога не раблю, але як навучыў Мяне Бацька, тое кажу.
І Той, Які паслаў Мяне, разам са Мною. Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што падабаецца Яму».
І Той, Хто паслаў Мяне, са Мною: Ён не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю тое, што Яму даспадобы».
Калі ён гаварыў гэтае, многія паверылі ў Яго.
Калі Ён гэта казаў, шмат хто ўвераваў у Яго.
Тады сказаў Ісус Юдэям, якія паверылі ў Яго: «Калі застанецеся ў слове Маім, дык сапраўды вы — вучні Мае.
Тады казаў Ісус іудзеям, што ўверавалі ў Яго: «Калі застанецеся ў Маім слове, вы сапраўды Мае вучні.
І спазнаеце праўду, і праўда вызваліць вас».
І пазнаеце праўду, і праўда вызваліць вас».
Яму адказалі: «Мы — насеньне Абрагама і нікому ніколі не былі нявольнікамі. Як жа Ты кажаш: “Станецеся вольнымі”?».
Адказалі яны Яму: «Мы Аўраамава патомства і нікому ніколі не былі рабамі. Як Ты кажаш: «Вы зробіцеся вольнымі?»
Адказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: усякі, хто робіць грэх, ёсьць нявольнік грэху.
Адказаў ім Ісус: «Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, той раб граху.
Але нявольнік не жыве ў доме вечна, сын застаецца вечна.
Ды раб не застаецца ў доме навекі, Сын застаецца навекі.
Дык вось, калі Сын вызваліць вас, праўдзіва станецеся вольнымі.
Калі ж Сын вызваліць вас, вы сапраўды будзеце вольныя.
Ведаю, што вы — насеньне Абрагама, але вы шукаеце, каб забіць Мяне, бо слова Маё не зьмяшчаецца ў вас.
Ведаю, што вы Аўраамава патомства; аднак вы шукаеце Мяне забіць, бо Маё слова не змяшчаецца ў вас.
Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага».
Што бачыў Я ў Свайго Бацькі, тое кажу; і вы ж, што чулі ў вашага бацькі, тое робіце».
Яны адказалі і сказалі Яму: «Бацька наш — Абрагам». Кажа ім Ісус: «Калі б вы былі дзеці Абрагама, дык рабілі б справы Абрагама.
Адказалі яны і сказалі Яму: «Бацька наш Аўраам». Кажа ім Ісус: «Калі б вы былі Аўраамавы дзеці, то рабілі б Аўраамавы ўчынкі.
А цяпер вы шукаеце, каб забіць Мяне, Чалавека, Які сказаў вам праўду, якую чуў ад Бога. Абрагам гэтага не рабіў.
Цяпер жа вы шукаеце Мяне забіць: Чалавека, Які казаў вам праўду, якую пачуў Я ад Бога. Гэтага Аўраам не рабіў.
Вы робіце справы бацькі вашага». Тады сказалі Яму: «Мы не з распусты народжаныя; аднаго Айца маем, Бога».
Вы робіце ўчынкі вашага бацькі». Яны [ж] адказалі Яму: «Не нарадзіліся мы ў блудзе, адзін у нас Бацька: Бог».
Ісус тады сказаў ім: «Калі б Бог быў ваш Айцец, дык вы любілі б Мяне, бо Я з Бога выйшаў і прыходжу; бо Я ня Сам ад Сябе прыйшоў, але Ён паслаў Мяне.
Сказаў ім Ісус: «Калі б Бог быў ваш Бацька, вы любілі б Мяне, бо Я ад Бога выйшаў і прыйшоў, не ад Самога Сябе Я прыйшоў, але Ён Мяне паслаў.
Чаму вы не разумееце гаворкі Маёй? Бо ня можаце чуць слова Маё.
Чаму вы Маёй мовы не разумееце! Бо вы не можаце чуць Майго слова.
Ваш бацька — д’ябал, і вы хочаце выконваць пажаданьні бацькі вашага. Ён быў чалавеказабойца ад пачатку і ня вытрываў у праўдзе, бо няма ў ім праўды. Калі ён гаворыць хлусьню, гаворыць сваё, бо ён — хлус і бацька хлусьні.
Вы — ад вашага бацькі д’ябла і хочаце рабіць пажадлівасці свайго бацькі. Ён чалавеказабойца быў спаконвеку і ў праўдзе не стаяў, бо праўды няма ў ім. Калі ён кажа хлусню, то кажа са свайго, бо ён хлус і бацька хлусні.
А калі Я кажу праўду, вы ня верыце Мне.
А таму, што Я праўду кажу, вы не верыце.
Хто з вас давядзе Мой грэх? Калі ж Я кажу праўду, чаму вы ня верыце Мне?
Хто з вас выкрые Мяне ў граху? Калі Я кажу праўду, чаму вы не верыце Мне?
Хто ад Бога, той слухае словы Божыя; вы таму ня слухаеце, што вы не ад Бога».
Хто ад Бога, той Божыя словы чуе; вы таму не чуеце, што вы не ад Бога».
Адказалі тады Юдэі і сказалі Яму: «Ці ж ня слушна мы кажам, што Ты — Самаранін і дэмана маеш?»
Адказалі іудзеі і сказалі Яму: «Ці ж не правільна мы кажам, што Ты самаранін і ў Табе дэман?»
Адказаў Ісус: «Я дэмана ня маю, але Я шаную Айца Майго, а вы зьневажаеце Мяне.
Адказаў Ісус: «Ува Мне няма дэмана, ды Я шаную Свайго Бацьку, а вы ганьбіце Мяне.
Але Я не шукаю Сваёй славы; ёсьць Той, Хто шукае і судзіць.
Я ж не шукаю Сваёй славы, ёсць Такі, Хто шукае і судзіць.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто захавае слова Маё, ня ўбачыць сьмерці на вякі».
Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: калі хто Маё слова будзе выконваць, не ўбачыць смерці вавек».
Тады сказалі Яму Юдэі: «Цяпер мы ведаем, што маеш дэмана. Абрагам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: хто захавае слова Маё, не пакаштуе смерці на вякі.
Сказалі [тады] Яму Іудзеі: «Цяпер мы ведаем, што ў Табе дэман. Аўраам памёр і прарокі, а Ты кажаш: «Калі хто Маё слова выканае, не паспытае смерці вавекі».
Няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр, і прарокі памерлі? Кім Ты Сябе робіш?»
Няўжо Ты большы за нашага бацьку Аўраама, які памёр? І прарокі памерлі. Кім Ты Сябе робіш?»
Адказаў Ісус: «Калі Я Сам Сябе праслаўляю, дык слава Мая — нішто. Мяне праслаўляе Айцец Мой, пра Якога вы кажаце, што Ён — Бог ваш.
Адказаў Ісус: «Калі Я Сам Сябе слаўлю, Мая слава — нішто; ёсць Бацька Мой, які праслаўляе Мяне, пра Яго вы кажаце, што Ён ваш Бог.
І вы не спазналі Яго, а Я ведаю Яго, і калі скажу, што ня ведаю Яго, буду падобны да вас хлус. Але Я ведаю Яго і захоўваю слова Ягонае.
І выне пазналі Яго, Я ж ведаю Яго. І калі скажу, што не ведаю Яго, Я буду падобны на вас хлус. Але Я ведаю Яго і выконваю слова Яго.
Абрагам, бацька ваш, рады быў бачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся».
Аўраам, ваш бацька, рад быў убачыць дзень Мой, і ўбачыў і ўсцешыўся».
Тады сказалі Яму Юдэі: «Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў, і Ты бачыў Абрагама?»
Сказалі тады Яму іудзеі: «Табе і пяцідзесяці гадоў яшчэ няма, і Ты Аўраама бачыў?»
Сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: перш, чым Абрагам быў, Я ёсьць».
Сказаў ім Ісус: «Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: Перш чым Аўраам быў, Я ёсць».
Узялі тады камяні, каб кінуць у Яго, але Ісус схаваўся і выйшаў са сьвятыні, прайшоўшы між імі, і пайшоў далей.
Тады яны схапілі каменне, каб кінуць у Яго. Ісус жа схаваўся і выйшаў са святыні, [прайшоўшы між імі, і пайшоў далей].