Быццё 29 разьдзел

Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

І ўстаў Якуб на ногі свае, і пайшоў у зямлю сыноў Усходу.
 

І ўбачыў, і вось, студня на полі, і вось, там тры чарады авечак ляжаць каля яе, бо са студні гэтай паілі чароды, і вялікі камень быў на адтуліне студні.
 

І зьбіраліся туды ўсе чароды, і адкочвалі камень з адтуліны студні, і паілі авечак, і зноў вярталі камень на месца сваё.
 

І сказаў ім Якуб: «Браты мае, адкуль вы?» І яны сказалі: «Мы з Харану».
 

І ён сказаў ім: «Ці ведаеце вы Лявана, сына Нахора?» І яны сказалі: «Ведаем».
 

І ён сказаў ім: «Ці добра ён маецца?» І яны сказалі: «Добра. А вось, Рахель, дачка ягоная, прыйшла з авечкамі».
 

І ён сказаў: «Вось, яшчэ вялікі дзень [наперадзе]; ня час зьбіраць статак; напаіце авечак, і ідзіце, і пасьвіце».
 

А яны сказалі: «Ня можам, аж пакуль не зьбяруцца ўсе чароды, і не адкоцяць камень з адтуліны студні, і тады напоім авечак».
 

Яшчэ ён гаварыў з імі, і вось, Рахель прыйшла з авечкамі бацькі свайго, бо яна пасьвіла [іх].
 

І сталася, калі ўбачыў Якуб Рахель, дачку Лявана, брата маці сваёй, і авечкі Лявана, брата маці сваёй, падыйшоў Якуб, і адкаціў камень з адтуліны студні, і напаіў авечак Лявана, брата маці сваёй.
 

І пацалаваў Якуб Рахель, і ўзвысіў голас свой, і заплакаў.
 

І распавёў Якуб Рахелі, што ён брат бацьку ейнаму, і што ён сын Рэбэкі. І яна пабегла, і распавяла бацьку свайму.
 

І сталася, калі пачуў Ляван навіну пра Якуба, сына сястры сваёй, выбег яму насустрач, і абняў яго, і пацалаваў яго, і прывёў яго ў дом свой, і ён распавёў Лявану пра ўсе падзеі.
 

І сказаў яму Ляван: «Вось, ты — костка мая і цела маё». І жыў у яго цэлы месяц.
 

І сказаў Ляван Якубу: «Хоць ты брат мой, ці ж будзеш служыць мне задарма? Скажы мне, якая плата твая?»
 

А ў Лявана былі дзьве дачкі, імя старэйшай — Лея, а імя малодшай — Рахель.
 

Вочы Леі былі кволыя, а Рахель была прыгожая пастацьцю і прыгожая абліччам.
 

І пакахаў Якуб Рахель, і сказаў: «Я буду служыць табе сем гадоў за Рахель, дачку тваю малодшую».
 

І сказаў Ляван: «Лепш, калі я аддам яе за цябе, чым аддам за іншага чалавека. Жыві са мною».
 

І служыў Якуб за Рахель сем гадоў, і былі яны ў вачах ягоных як некалькі дзён, бо ён кахаў яе.
 

І сказаў Якуб Лявану: «Дай жонку маю, бо споўніліся дні мае, і я пайду да яе».
 

І сабраў Ляван усіх людзей таго месца, і справіў гасьціну.
 

І быў вечар, і ўзяў ён Лею, дачку сваю, і ўвёў яе да яго, і той увайшоў да яе.
 

І даў Ляван Зільпу, нявольніцу сваю, Леі, дачцэ сваёй, за нявольніцу.
 

І сталася раніцаю, што [ўбачыў Якуб], вось, гэта Лея. І сказаў [Якуб] Лявану: «Што ты зрабіў мне? Ці не за Рахель я служыў у цябе? Чаму ж ты ашукаў мяне?»
 

І сказаў Ляван: «Ня робіцца так у мясцовасьці нашай, каб малодшую выдаваць перад старэйшай.
 

Споўні тыдзень з гэтай, і дам табе таксама тую, за якую ты будзеш служыць у мяне яшчэ сем іншых гадоў».
 

І зрабіў Якуб так, і споўніў тыдзень з гэтай. І [Ляван] даў Рахель, дачку сваю, яму за жонку.
 

І даў Ляван Рахелі, дачцэ сваёй, Більгу, нявольніцу сваю, за нявольніцу для яе.
 

І ўвайшоў [Якуб] да Рахелі, і кахаў Рахель больш за Лею; і служыў у яго яшчэ сем іншых гадоў.
 

І бачыў ГОСПАД, што зьненавіджана Лея, і адчыніў улоньне ейнае, а Рахель была бясплодная.
 

І зачала Лея, і нарадзіла сына, і назвала імя яго Рубэн, бо сказала: «Бо ўбачыў ГОСПАД гора маё, бо цяпер будзе кахаць мяне муж мой».
 

І зачала яна ізноў, і нарадзіла сына, і сказала: «Бо пачуў ГОСПАД, што я зьненавіджана, і даў мне гэтага [сына]». І назвала імя ягонае Сымон.
 

І зачала яшчэ, і нарадзіла сына, і сказала: «Цяпер, гэтым разам прытуліцца муж мой да мяне, бо я нарадзіла яму трох сыноў». І таму назвала імя ягонае Левій.
 

І зачала яшчэ, і нарадзіла сына, і сказала: «Гэтым разам я буду славіць ГОСПАДА». І таму назвала імя ягонае Юда, і перастала нараджаць.