Быццё 29 разьдзел
Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
І пусьціўся Якаў у дарогу, і пайшоў да зямлі сыноў Усходу.
І глянуў — і во, студня на полю, і во, там тры чарады драбнога статку ляжаць каля яе; бо із студні тае паілі стады. І вялікі камень быў на адтуліне студні.
І зьбіраліся туды ўсі стады, і адкочавалі камень з адтуліны студні, на свае месца.
І сказаў ім Якаў: «Браты мае! скуль вы?» І казалі яны: «З Гарану мы».
І сказаў ім: «Ці знаеце вы Лавана, сына Нагоравага?» Яны сказалі: «Знаем».
І сказаў ім: «Добра ён маецца?» Яны сказалі: «Добра; і вось, Рахеля, дачка ягоная, прыходзе з авечкамі».
І сказаў: «Вось, адылі, яшчэ шмат дня; не пара зьбіраць статак; напаіце авечкі, і пайдзіце, пасіце».
А яны сказалі: «Ня можам, пакуль не зьбяруцца ўсі стады, і не адкоцяць каменя з адтуліны студні; тады напоім авечкі».
Яшчэ ён гукаў ізь імі, як і Рахіль прышла з драбным статкам айца свайго, бо пастушка яна.
І было, як абачыў Якаў Рахіль, дачку Лаванову, брата маці свае, і статак Лаваноў, брата маці свае, то падышоў Якаў, адкаціў камень з адтуліны студні і напаіў стаду Лаванову, брата маці свае.
І пацалаваў Якаў Рахелю, і ўзьняў голас свой, і заплакаў.
І паведаў Якаў Рахелі, што ён свой айцу яе, і што ён сын Рэвечын. І яна пабегла, і паведала айцу свайму.
І было, як пачуў Лаван ведамкі празь Якава, сына сястры свае, і выбег яму на пярэймы, і абняў яго, і пацалаваў яго, і прывёў яго до дому свайго, і ён паведаў Лавану ўсі стацьці гэтыя.
І сказаў яму Лаван: «Вось ты косьць мая і цела мае». І жыў у яго цэлы месяц.
І сказаў Лаван Якаву: «Хоць ты сваяк мой, то ціж табе служыць імне дарма? Скажы імне, якая плата твая?»
І ў Лавана дзьве дачкі, імя вялікае: Лія; і імя малое: Рахіль.
А вочы Лііны былі кволыя, а Рахіль была харошага складу і харошага віду.
І палюбіў Якаў Рахіль, і сказаў: «Я буду служыць тэ сем год за Рахіль, дачку тваю малую».
І сказаў Лаван: «Валей аддаць імне яе за цябе, чымся аддаць за іншага чалавека; жыві з імною».
І служыў Якаў за Рахіль сем год; і былі яны ў ваччу ягоным як колькі дзён, бо ён любіў яе.
І сказаў Якаў Лавану: «Дай жонку маю, бо споўніліся дні мае, і я уйду да яе».
І зьбер Лаван усіх людзёў таго месца, і зрабіў чэсьць.
І было ўвечары, і ўзяў Лію, дачку сваю, і ўвёў яе да яго; і ўвыйшоў да яе.
І даў Лаван Зылпу, нявольніцу сваю, Ліі, дачцэ сваёй, за нявольніцу.
І было нараніцы: і во, гэта Лія. І сказаў Лавану: «Што гэта ты ўчыніў імне? Ці не за Рахіль я служыў у цябе? Чаму ж ты ашукаў мяне?»
І сказаў Лаван: «Ня робіцца так у нашым месцу, каб малодшую выдаваць перад старшай;
Споўні тыдзень гэты, і дана будзе табе таксама гэна, за службу, каторую ты будзеш служыць у мяне яшчэ сем год іншых».
І зрабіў Якаў так; і споўніў тыдзень гэты. І даў Рахіль, дачку сваю, яму за жонку.
І даў Лаван Рахілі, дачцэ сваёй, Валу, нявольніцу сваю, ёй за нявольніцу.
І ўвыйшоў таксама да Рахілі, і любіў, таксама Рахіль, болей за Лію; і служыў у яго яшчэ сем год іншых.
І бачыў СПАДАР, што ненавіджана Лія, і адчыніў дзетніцу ейную, а Рахіль бясплодная.
І зачала Лія, і нарадзіла сына, і назвала імя яго: Рувін; бо сказала яна: «Во бачыў СПАДАР маю гароту; бо цяпер будзе любіць мяне муж мой».
І зачала ізноў, і нарадзіла сына, і сказала: «Бо пачуў СПАДАР, што ненавіджана я, і даў імне таксама гэтага». І назвала імя ягонае Сымон.
І зачала яшчэ, і нарадзіла сына, і сказала: «Гэтым разам прыстане муж мой да мяне, бо я нарадзіла яму трох сыноў». Затым назвала імя ягонае: Леў.
І зачала яшчэ, і нарадзіла сына, і сказала: «Гэтым разам я буду хваліць СПАДАРА». Затым назвала імя ягонае: Юда. І перастала радзіць.