Быццё 44 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

І загадаў Язэп дамаверу свайму, кажучы: «Напоўні мяхі гэтых людзёў емінаю, колькі яны могуць несьці, і палажы і срэбла кажнага ў вадтуліну мяха ягонага;
 

А чару маю, чару срэбную, палажы ў вадтуліну мяха малога, і срэбла за збожжа ягонае». І ён зрабіў подле слова Язэпавага, каторае сказаў.
 

Нараніцы расьсьвітала, і гэтыя людзі адаслалі іх і аслы іхныя.
 

І яны вышлі зь места; не адышлі далёка, і Язэп сказаў дамаверу свайму: «Устань, ганіся за тымі людзьмі, і дагоніш іх, і скажаш ім: "Чаму вы адплацілі ліхам за дабро?
 

Ціж ня гэта тая чара, з каторай п’ець спадар мой, і ён звычайна варожа на ёй? Ліха вы ўчынілі, гэтак учыніўшы"».
 

Ён дагнаў іх і гукаў ім гэтыя словы.
 

Яны сказалі: «Чаму спадар наш кажа такія словы? Крый Божа, каб слугі твае ўчынілі гэткі ўчынак.
 

Вось, срэбла, што мы знайшлі ў вадтуліне мяхоў сваіх, мы назад прынесьлі табе ізь зямлі Канаанскае: як жа мелі б красьці з дому спадара твайго срэбла альбо золата?
 

У каго із слугаў тваіх знойдзецца гэта, тый хай памрэць, і мы таксама будзем слугамі спадару нашаму».
 

Ён сказаў: «Дык цяпер подле словаў вашых няхай будзе гэтак: у каго знойдзецца яна, тый будзе імне слугою, а вы будзеце ня вінныя».
 

Яны пабарзьдзілі, спусьцілі кажны мех свой на зямлю, і разьвязалі кажны свой мех.
 

Ён трос, пачаў зь вялікага і скончыў малым; і знайшоў чару ў мяху Веняміновым.
 

І разарвалі яны адзецьці свае, і налажылі кажны на асла свайго, і зьвярнуліся да места.
 

І прышлі Юда а браты ягоныя да дому Язэпавага, — ён яшчэ быў там, — і білі чалом яму.
 

І сказаў ім Язэп: «Што за ўчынак гэта вы ўчынілі? Ціж вы ня ведалі, што, варожачы, вываража такі чалавек, як я?»
 

І сказаў Юда: «Што нам сказаць спадару нашаму? што гукаць і чым правіцца? Бог знайшоў бяспраўе слугаў тваіх; вось, мы слугі спадару нашаму, і мы, і тый, у чыіх руках знайшлася чара».
 

І сказаў: «Крый Божа, каб я ўчыніў гэта; тый чалавек, у чыіх руках знайшлася чара, ён будзе ім не слугою, а вы ўзыходзьце ў супакою да айца свайго».
 

І дабліжыўся Юда да яго, і сказаў: «О спадару мой, няхай скажа, калі ласка, слуга твой слова ў вушы спадара свайго, і не загневайся на слугу свайго, бо як сам Фараон, так і ты.
 

Спадар мой пытаўся ў слугаў сваіх, кажучы: "Ці ёсьць у вас ацец альбо брат?"
 

Мы сказалі спадару нашаму, што ў нас ёсьць ацец стары і дзецянё старасьці ягонае малое, а брат ягоны памер, і ён адзін астаўся ў маці сваей, і ацец любе яго.
 

І ты сказаў слугам тваім: "Зьвядзіце яго да мяне, і я ўцемлюся ў яго".
 

Мы сказалі спадару майму: "Ня можа хлапец пакінуць айца свайго; і калі ён пакіне айца свайго, дык гэты памрэць",
 

І сказаў ты слугам тваім: "Калі ня зыйдзе брат вашы малы, наперад ня важчася бачыць віду майго".
 

І сталася, што як мы ўзышлі да слугі твайго, айца майго, дык пераказалі яму словы спадара майго.
 

І сказаў ацец наш: "Зьвярніцеся, купіце нам троху еміны!"
 

І мы сказалі: "Ня можам зысьці; хіба будзе з намі малы брат ваш, дык зыйдзем, бо нельга нам бачыць віду таго чалавека, калі ня будзе з намі малога брата нашага".
 

І сказаў нам слуга твой, ацец мой: "Вы ведаеце, што двух нарадзіла імне жонка мая.
 

І вышаў адзін ад мяне, і я сказаў: "Пэўне ён разарваны, і я не абачыў яго дагэтуль’.
 

І возьмеце таксама й гэтага ад мяне, і здарыцца зь ім няшчасьце, дык зьвядзіце вы сівізну маю ў ліху да магілы".
 

Цяпер, калі я прыду да слугі тваго, айца майго, і хлапца няма з намі, і душа ягоная зьвязана з душой ягонай:
 

І будзе, што як ён абача, што няма хлапца, то памрэць; і зьвядуць слугі твае сівізну слугі твайго, айца майго, із смуткам да шэолю.
 

Бо слуга твой паручыўся за хлапца айцу свайму, сказаўшы: "Калі не прывяду яго да цябе, то буду грэшным перад айцом сваім на ўсі дні".
 

І цяпер няхай жа застанецца слуга твой замест хлапца слугою спадару майму, а хлапец хай узыйдзе з братамі сваімі;
 

Бо як узыйду я да айца свайго, а хлапца няма з імною? Каб не абачыў я ліха, у якім апынецца ацец мой».