Быццё 8 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

І ўспомнеў Бог Ноя, і ўсю жывёлу, і ўвесь статак, і што былі зь ім у караблю; і правёў Бог вецер па зямлі, і апалі воды.
 

І заперліся жаролы бяздоньня і адтуліны нябёсныя, і скончыўся дождж ізь нябёсаў.
 

І зварачаліся воды ізь зямлі спакваля, і пачало менець водаў па сту пяцьдзясят днёх.
 

І спыніўся караб сёмага месяца, сямнанцатага дня таго ж месяца на горах Арарат.
 

І водаў менела спакваля да дзясятага месяца; першага дня дзясятага месяца былі відаць вярхі гораў.
 

І было пры канцу сараку дзён: і адчыніў Ной акно карабля, зробленае ім.
 

І паслаў гругана, каторы выляцеў, адлятаў і прылятаў, пакуль ня высахлі воды на зямлі.
 

І паслаў ад сябе галубу, каб абачыць, ці паменелі воды на відзе зямлі.
 

І не знайшла галуба месца прыпынку ступе нагі свае, і зьвярнулася да яго да карабля; бо воды былі на відзе ўсяе зямлі; і ён выцягнуў руку сваю, і ўзяў яе, і прыняў да сябе да карабля.
 

І паждаў яшчэ сем дзён іншых, і ўзноў паслаў галубу з карабля.
 

І прыбыла да яго галуба ўвечары; і во, ушчыкнены аліўны ліст у дзёўбе ў яе: і Ной даведаўся, што вада апала ізь зямлі.
 

І ён паждаў яшчэ сем дзён іншых, і паслаў галубу, і яна ўжо не зьвярнулася да яго болей.
 

І было шасьцьсот першага году першага дня першага месяца: высахла вада на зямлі; і адняў Ной пакрыцьце карабля, і глянуў, і во, абсох від зямлі.
 

І другога месяца, на дваццаць сёмы дзень месяца высах від зямлі.
 

І казаў Бог Ною, кажучы:
 

«Выйдзі з карабля ты, і жонка твая, і сыны твае, і жонкі сыноў тваіх із табою.
 

Усю жывёлу, што з табою, з усялякага цела, у птустве а ў статку а ў вусіх паўзунох, што поўзаюць па зямлі, вывядзі із сабою: хай рояцца яны па зямлі, і хай плодзяцца а множацца на зямлі».
 

І вышаў Ной, і сыны ягоныя, і жонка ягоная, і жонкі сыноў ягоных ізь ім.
 

Кажная жывёла, кажны паўзун, і ўсе птуства, усе, што кратаецца на зямлі, подле радзімаў сваіх вышлі з карабля.
 

І збудаваў Ной аброчнік СПАДАРУ; і ўзяў з усялякага статку чыстага, і з усёга птуства чыстага, і аброк усепаленьне на аброчніку тым.
 

І пачуў СПАДАР прыемныя пахі, і сказаў СПАДАР у сэрцу Сваім: «Ня буду болей праклінаць зямлі за людзіну, бо творства сэрца людзкога ліхое з маладосьці яго; і ня зражу болей усяго жывучага, як Я зрабіў.
 

Адгэтуль, пакуль зямля трываць будзе, сяўба й жніво, і сьцюжа й вад, і лета й зіма, і дзень і ноч не перастануць».