Быццё 5 разьдзел
Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Гэта кніга родаў Адамовых: у дзень, як Бог стварыў чалавека, подле падобнасьці Божае ўчыніў яго.
Мужчыну й жонку стварыў іх, і дабраславіў іх, і назваў іх імя: людзіна, у дзень стварэньня іх.
І Адам жыў сто трыццаць год, і нарадзіў на падобнасьць сваю і подле абраза свайго, і назваў імя ягонае: Сыф.
І былі дні Адамовы, па нараджэньню ягоным Сыфа, асьмісот год, і радзіў сыноў і дачкі.
І былі ўсі дні Адамовы, каторыя жыў, дзевяцьсот трыццаць год; і ён памер.
І жыў Сыф сто пяць год і нарадзіў Еноса.
І жыў Сыф, па ягоным нараджэньню Еноса, асьмісот год, і радзіў сыноў і дачкі.
І былі ўсі дні Сыфавы дзевяцьсот двананцаць год; і ён памер.
І жыў Енос дзевяцьдзясят год, і нарадзіў Каінана.
І жыў Енос, па нараджэньню ягоным Каінана, асьмісот пятнанцаць год, і радзіў сыноў і дачкі.
І былі ўсі дні Еносавы дзевяцьсот пяць год; і ён памер.
І жыў Каінан семдзясят год, і нарадзіў Магалал’эля.
І жыў Каінан, па ягоным нараджэньню Магалал’эля, асьмісот сорак год, і радзіў сыноў і дачкі.
І былі ўсі дні Каінановы дзевяцьсот дзесяць год; і ён памер.
І жыў Магалал’эль шасьцьдзясят пяць год, і нарадзіў Ярэда.
І жыў Магалал’эль, па ягоным нараджэньню Ярэда, асьмісот трыццаць год, і радзіў сыноў і дачкі.
І былі ўсі дні Магалал’эля асьмісот дзевяцьдзясят пяць год; і ён памер.
І жыў Ярэд сто шасьцьдзясят два гады, і нарадзіў Гэноха.
І жыў Ярэд, па нараджэньню ягоным Гэноха, асьмісот год, і радзіў сыноў і дачкі.
І былі ўсі дні Ярэдавы дзевяцьсот шасьцьдзясят два гады; і памер.
І жыў Гэнох шасьцьдзясят пяць год, і нарадзіў Мафусала.
І хадзіў Гэнох із Богам, па нараджэньню Мафусала, трыста год, і радзіў сыноў і дачкі.
І былі ўсі дні Гэнохавы трыста шасьцьдзясят пяць год.
І хадзіў Гэнох із Богам; і ня было яго болей, бо ўзяў яго Бог.
І жыў Мафусал сто асьмідзясят сем год, і нарадзіў Ламеха.
І жыў Мафусал, па нараджэньню ягоным Ламеха, сямсот асьмідзясят два гады, і радзіў сыноў і дачкі.
І былі ўсі дні Мафусалавы дзевяцьсот шасьцьдзясят дзевяць год; і ён памер.
І жыў Ламех сто асьмідзясят два гады, і нарадзіў сына.
І назваў імя ягонае: Ной, кажучы: «Гэты пацеша нас ад работы нашае і ад атугі рук нашых ад зямлі, каторую пракляў СПАДАР.
І жыў Ламех, па нараджэньню ягоным Ноя, пяцьсот дзевяцьдзясят пяць год, і радзіў сыноў і дачкі.
І былі ўсі дні Ламехавы сямсот семдзясят сем год; і ён памер.
І было Ною пяцьсот год, і нарадзіў Сэма, Хама а Яфэта.