Быццё 5 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Вось запіс радаводу Адама. У дзень, калі Бог стварыў чалавека, зрабіў яго на падабенства Божае.
 

Мужчынам і жанчынай стварыў іх, і дабраславіў іх, і даў ім імя «чалавек» тады, калі былі створаны.
 

Пражыў Адам сто трыццаць гадоў, і нарадзіўся ў яго сын, на вобраз і падабенства яго, і ён даў яму імя Сэт.
 

І было дзён Адама па нараджэнні Сэта восемсот гадоў, меў яшчэ сыноў і дачок.
 

І быў увесь прамежак часу, што пражыў Адам, дзевяцьсот трыццаць гадоў, і ён памёр.
 

Таксама Сэт пражыў сто пяць гадоў і меў сына Эноса.
 

Па нараджэнні Эноса пражыў Сэт восемсот сем гадоў і меў яшчэ сыноў і дачок.
 

І было ўсіх дзён Сэта дзевяцьсот дванаццаць гадоў, і ён памёр.
 

А Энос пражыў дзевяноста гадоў і меў сына Кенана.
 

І пражыў Энос па нараджэнні Кенана восемсот пятнаццаць гадоў, і меў сыноў і дачок.
 

І было ўсіх дзён Эноса дзевяцьсот пяць гадоў, і ён памёр.
 

Таксама Кенан пражыў семдзесят гадоў і меў сына Малаліэля.
 

І пражыў Кенан па нараджэнні Малаліэля восемсот сорак гадоў, і меў яшчэ сыноў і дачок.
 

І было ўсіх дзён Кенана дзевяцьсот дзесяць гадоў, і ён памёр.
 

Пражыў вось Малаліэль шэсцьдзесят пяць гадоў і меў сына Ярэда.
 

І пражыў Малаліэль па нараджэнні Ярэда восемсот трыццаць гадоў, і меў сыноў і дачок.
 

І было ўсіх дзён Малаліэля восемсот дзевяноста пяць гадоў, і ён памёр.
 

Пражыў Ярэд сто шэсцьдзесят два гады і меў сына Гэноха.
 

І жыў Ярэд па нараджэнні Гэноха восемсот гадоў, і меў сыноў і дачок.
 

І было ўсіх дзён Ярэда дзевяцьсот шэсцьдзесят два гады, і ён памёр.
 

Гэнох жыў шэсцьдзесят пяць гадоў і меў сына Матусала.
 

І хадзіў Гэнох з Богам па нараджэнні Матусала трыста гадоў, і меў сыноў і дачок.
 

І было ўсіх дзён Гэноха трыста шэсцьдзесят пяць гадоў.
 

І хадзіў ён з Богам, і знік, бо забраў яго Бог.
 

Таксама Матусал пражыў сто восемдзесят сем гадоў і меў сына Ламэха.
 

І жыў Матусал па нараджэнні Ламэха семсот восемдзесят два гады і меў сыноў і дачок.
 

І было ўсіх дзён Матусала дзевяцьсот шэсцьдзесят дзевяць гадоў, і ён памёр.
 

Пражыў жа Ламэх сто восемдзесят два гады і меў сына,
 

і даў яму імя Ной, кажучы: «Ён суцешыць нас у рабоце нашай і ў працы рук нашых на зямлі, якую Госпад пракляў».
 

І жыў Ламэх па нараджэнні Ноя пяцьсот дзевяноста пяць гадоў, і меў яшчэ сыноў і дачок.
 

І было ўсіх дзён Ламэха семсот семдзесят сем гадоў, і ён памёр.
 

А калі Ной меў пяцьсот гадоў, нарадзіліся ў яго Сэм, Хам і Яфэт.