Быццё 2 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Такім чынам былі закончаны нябёсы і зямля, і ўсё воінства іх.
 

У сёмы дзень скончыў Бог тварэнне Сваё, што ўчыніў, і ў дзень сёмы супачыў ад усякага тварэння, што выканаў.
 

І дабраславіў Бог дзень сёмы і ўсвяціў яго, бо ў ім супачыў ад усякай працы Сваёй, якую зрабіў Бог, творачы.
 

Такое вось паходжанне неба і зямлі, калі былі яны створаны. У дзень, калі Госпад Бог стварыў зямлю і неба,
 

не было яшчэ ніводнага куста палявога на зямлі, аніводнай палявой траўкі не ўзышло, бо Госпад Бог не спасылаў дажджу на зямлю ды не было чалавека, які б абрабляў глебу,
 

але пара ўздымалася ад зямлі, арашаючы ўсю паверхню зямлі.
 

Тады стварыў Госпад Бог чалавека з пылу зямлі і ўдыхнуў у ноздры яго подых жыцця, і чалавек стаўся жывою душою.
 

І насадзіў Госпад Бог рай у Эдэне, на ўсходзе, у якім памясціў чалавека, якога ўфармаваў.
 

І вырасціў Госпад Бог з зямлі ўсякае дрэва, прыгожае на від і салодкае для ежы, таксама дрэва жыцця ў сярэдзіне раю і дрэва пазнання дабра і зла.
 

І рака выцякала з Эдэна для абваднення раю, якая адтуль раздзяляецца на чатыры ракі.
 

Назва адной Пішон. Яна тая, што акружае ўсю зямлю Хавіла, дзе знаходзіцца золата.
 

А золата той зямлі найлепшае, там знаходзяць бдалах і онікс.
 

А назва другой ракі Гіхон; яна тая, што акружае ўсю зямлю Куш.
 

Назва ж трэцяй ракі Тыгр: цячэ яна на ўсход Асірыі, чацвёртая рака — Эўфрат.
 

Вось жа ўзяў Госпад Бог чалавека і памясціў яго ў садзе ў Эдэне, каб рупіўся пра яго і сцярог яго.
 

І загадаў Госпад Бог чалавеку, кажучы: «З кожнага райскага дрэва еж,
 

а з дрэва пазнання дабра і зла не еж! Бо ў які-колечы дзень будзеш есці з яго — смерцю памрэш».
 

Таксама сказаў Госпад Бог: «Не добра быць чалавеку аднаму: зробім яму памочніка, падобнага да яго».
 

І стварыў Госпад Бог з зямлі ўсіх жывуноў палявых і ўсіх птушак паднебных і прывёў іх да чалавека, каб пабачыць, як ён назаве іх; і як чалавек назваў кожную істоту жывую, такое і імя ёй уласцівае.
 

І так чалавек назваў сваімі імёнамі ўсіх жывёл, і ўсіх птушак паднебных, і ўсіх звяроў палявых. Аднак чалавеку не знаходзіўся памочнік, падобны да яго.
 

Дык наслаў Госпад Бог сон на чалавека. Калі ён заснуў, выняў адну з яго рабрын, і запоўніў целам замест яе.
 

А з рабрыны, якую выняў з чалавека, Госпад Бог стварыў жанчыну і прывёў яе да чалавека.
 

І сказаў чалавек: «Гэта цяпер косць з касцей маіх ды цела з цела майго. Яна будзе называцца жонкаю, бо ўзята яна ад мужа».
 

Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкаю сваёй; і будуць адным целам.
 

І былі абодва голыя, чалавек, значыць, і жонка яго, але не адчувалі сораму.