Быццё 2 разьдзел
Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Такім чынам былі закончаны нябёсы і зямля, і ўсё воінства іх.
Так створаны неба і зямля і ўсё войска іх.
У сёмы дзень скончыў Бог тварэнне Сваё, што ўчыніў, і ў дзень сёмы супачыў ад усякага тварэння, што выканаў.
І закончыў Бог да сёмага дня ўсе дзеі Свае, якія Ён учыняў,
І дабраславіў Бог дзень сёмы і ўсвяціў яго, бо ў ім супачыў ад усякай працы Сваёй, якую зрабіў Бог, творачы.
і дабраславіў Бог сёмы дзень і асьвяціў яго; бо ў той дзень спачыў ад усіх дзеяў Сваіх, якія Бог тварыў і ствараў.
Такое вось паходжанне неба і зямлі, калі былі яны створаны. У дзень, калі Госпад Бог стварыў зямлю і неба,
Вось паходжаньне неба і зямлі, пры стварэньні іх, у той час, калі Гасподзь Бог стварыў зямлю і неба,
не было яшчэ ніводнага куста палявога на зямлі, аніводнай палявой траўкі не ўзышло, бо Госпад Бог не спасылаў дажджу на зямлю ды не было чалавека, які б абрабляў глебу,
і ўсякі польны хмызьняк, якога яшчэ ня было на зямлі, і ўсякую польную траву, якая яшчэ не расла; бо Гасподзь Бог не пасылаў дажджу на зямлю, і ня было чалавека, каб урабляць зямлю;
але пара ўздымалася ад зямлі, арашаючы ўсю паверхню зямлі.
але пара падымалася зь зямлі і расіла ўсё ўлоньне зямлі.
Тады стварыў Госпад Бог чалавека з пылу зямлі і ўдыхнуў у ноздры яго подых жыцця, і чалавек стаўся жывою душою.
І стварыў Гасподзь Бог чалавека з пылу зямнога і ўдыхнуў у твар ягоны дыханьне жыцьця, і зрабіўся чалавек душою жывою.
І насадзіў Госпад Бог рай у Эдэне, на ўсходзе, у якім памясціў чалавека, якога ўфармаваў.
І пасадзіў Гасподзь Бог рай у Эдэме на ўсходзе, і зьмясьціў там чалавека, якога стварыў.
І вырасціў Госпад Бог з зямлі ўсякае дрэва, прыгожае на від і салодкае для ежы, таксама дрэва жыцця ў сярэдзіне раю і дрэва пазнання дабра і зла.
І выгадаваў Гасподзь Бог зь зямлі кожнае дрэва прыемнае з выгляду і добрае ў ежу, і дрэва жыцьця пасярод раю, і дрэва спазнаньня дабра і зла.
І рака выцякала з Эдэна для абваднення раю, якая адтуль раздзяляецца на чатыры ракі.
З Эдэма выплывала рака на арашэньне раю; і потым разьдзялялася на чатыры ракі.
Назва адной Пішон. Яна тая, што акружае ўсю зямлю Хавіла, дзе знаходзіцца золата.
Імя адной Фісон: яна абцякае ўсю зямлю Хавіла, тую, дзе золата;
А золата той зямлі найлепшае, там знаходзяць бдалах і онікс.
і золата той зямлі добрае; там бдолах і камень анікс.
А назва другой ракі Гіхон; яна тая, што акружае ўсю зямлю Куш.
Імя другой ракі Гіхон (Геон): яна абцякае ўсю зямлю Куш.
Назва ж трэцяй ракі Тыгр: цячэ яна на ўсход Асірыі, чацвёртая рака — Эўфрат.
Імя трэцяй ракі Хідэкель (Тыгр): яна працякае перад Асірыяй. Чацьвёртая рака Еўфрат.
Вось жа ўзяў Госпад Бог чалавека і памясціў яго ў садзе ў Эдэне, каб рупіўся пра яго і сцярог яго.
І ўзяў Гасподзь Бог чалавека, якога стварыў, і пасяліў яго ў садзе Эдэмскім, каб урабляць яго і захоўваць яго.
І загадаў Госпад Бог чалавеку, кажучы: «З кожнага райскага дрэва еж,
І наказаў Гасподзь Бог чалавеку, кажучы: з кожнага дрэва ў садзе ты будзеш есьці;
а з дрэва пазнання дабра і зла не еж! Бо ў які-колечы дзень будзеш есці з яго — смерцю памрэш».
а з дрэва спазнаньня дабра і зла, ня еж зь яго; бо ў дзень, калі ты пакаштуеш зь яго, сьмерцю памрэш.
Таксама сказаў Госпад Бог: «Не добра быць чалавеку аднаму: зробім яму памочніка, падобнага да яго».
І сказаў Гасподзь Бог: нядобра быць чалавеку аднаму; створым яму памочніка, адпаведнага яму.
І стварыў Госпад Бог з зямлі ўсіх жывуноў палявых і ўсіх птушак паднебных і прывёў іх да чалавека, каб пабачыць, як ён назаве іх; і як чалавек назваў кожную істоту жывую, такое і імя ёй уласцівае.
Гасподзь Бог утварыў зь зямлі ўсіх жывёл польных і ўсіх птушак нябесных, і прывёў іх да чалавека, каб бачыць, як ён іх назаве, і каб, як назаве чалавек кожную душу жывую, так і было імя ёй.
І так чалавек назваў сваімі імёнамі ўсіх жывёл, і ўсіх птушак паднебных, і ўсіх звяроў палявых. Аднак чалавеку не знаходзіўся памочнік, падобны да яго.
І назваў чалавек імёны ўсяму быдлу і птушкам нябесным і ўсім зьвярам польным; але чалавеку не знайшлося памочніка, падобнага да яго.
Дык наслаў Госпад Бог сон на чалавека. Калі ён заснуў, выняў адну з яго рабрын, і запоўніў целам замест яе.
І навёў Гасподзь Бог на чалавека моцны сон; і, калі ён заснуў, узяў адну рабрыну ягоную, і закрыў тое месца плоцьцю.
А з рабрыны, якую выняў з чалавека, Госпад Бог стварыў жанчыну і прывёў яе да чалавека.
І стварыў Гасподзь Бог з рабрыны, узятай у чалавека, жанчыну, і прывёў яе да чалавека.
І сказаў чалавек: «Гэта цяпер косць з касцей маіх ды цела з цела майго. Яна будзе называцца жонкаю, бо ўзята яна ад мужа».
І сказаў чалавек: вось, гэта костка ад касьцей маіх і плоць ад плоці маёй; яна будзе называцца жонкаю, бо ўзятая ад мужа свайго.
Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкаю сваёй; і будуць адным целам.
Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй; і будуць адна плоць.
І былі абодва голыя, чалавек, значыць, і жонка яго, але не адчувалі сораму.
І былі абое голыя, Адам і жонка ягоная, і не саромеліся.