Быццё 21 разьдзел
Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Наастатак наведаў Госпад сваёй ласкай Сару, як абяцаў, і споўніў тое, што сказаў.
І паглядзеў Гасподзь на Сарру, як сказаў; і зрабіў Гасподзь Сарры, як казаў.
І яна пачала, і нарадзіла Абрагаму сына ў старасці, у час, які Бог прызначыў ёй.
Сарра зачала і нарадзіла Абрагаму сына ў старасьці ягонай у час, пра які казаў яму Бог;
І Абрагам даў сыну свайму, якога Сара нарадзіла яму, імя Ізаак.
і даў Абрагам імя свайму сыну, які нарадзіўся ў яго, якога нарадзіла яму Сарра: Ісаак;
І абрэзаў Абрагам Ізаака, калі той меў восем дзён, як яму Бог загадаў.
і абрэзаў Абрагам Ісаака сына свайго, на восьмы дзень, як наказаў яму Бог.
Абрагам меў сто гадоў, калі яму нарадзіўся сын яго, Ізаак.
Абрагаму было сто гадоў, калі нарадзіўся яму Ісаак, сын ягоны.
І Сара сказала: «Прычыну да смеху даў мне Бог, хто ні пачуе, будзе смяяцца з мяне».
І сказала Сарра: сьмех учыніў мне Бог; хто ні пачуе пра мяне, засьмяецца.
І зноў сказала: «Хто б паверыў, пачуўшы ад Абрагама, што Сара будзе грудзьмі карміць дзяцей, бо нарадзіла яму сына ўжо старая?»
І сказала; хто сказаў бы Абрагаму: Сарра будзе карміць дзяцей грудзьмі? бо ў старасьці яго я нарадзіла сына.
І дзіця вырасла, і было аднятае ад грудзей. І Абрагам справіў вялікі баль у той дзень, у які Ізаак быў адняты ад грудзей.
Дзіця вырасла і аднята ад грудзей; і Абрагам наладзіў вялікую гасьціну ў той дзень, калі Ісаак адняты быў ад грудзей.
А Сара, бачачы, што сын егіпцянкі Агар, якога яна нарадзіла Абрагаму, насміхаецца з Ізаака, сказала Абрагаму:
І ўбачыла Сарра, што сын Агары Егіпцянкі, якога яна нарадзіла Абрагаму, насьміхаецца,
«Выгані гэтую паслугачку разам з яе сынам, бо сын гэтай паслугачкі не будзе спадкаемцам з сынам маім, Ізаакам».
і сказала Абрагаму: выгані гэтую рабыню і сына яе, бо ня спадкуе рабынін сын гэты з сынам маім Ісаакам.
Прыкра прыняў гэта Абрагам дзеля сына свайго.
І здалося гэта Абрагаму даволі няпрыемным дзеля сына ягонага.
Але, вось, Бог сказаў яму: «Хай табе не здаецца прыкрым тое, што сказала Сара пра хлопца і пра тваю паслугачку. Паслухай голасу яе, бо толькі ад Ізаака будзе названа патомства тваё.
Але Бог сказаў Абрагаму: не засмучайся за хлопчыка і рабыню тваю; ва ўсім, што скажа табе Сарра, слухайся голасу яе, бо ў Ісааку назавецца табе семя;
Але і з сына паслугачкі Я зраблю вялікі народ, бо ён ёсць тваім нашчадкам».
і ад сына рабынінага Я выведу народ, бо ён семя тваё.
І ўстаў назаўтра Абрагам рана, узяў хлеба і мех вады, і даў Агар, ускладаючы ёй на плечы, і адправіў яе разам з дзіцем. Яна ж пайшла і бадзялася па пустыні Бээр-Сэба.
Абрагам устаў з самае раніцы, і ўзяў хлеба і мех вады, і даў Агары, паклаўшы ёй на плечы, і хлопчыка, і адпусьціў яе. Яна пайшла і заблудзілася ў пустыні Вірсавіі;
А калі не стала вады ў мяху, яна пакінула дзіця пад адным кустом,
і ня стала вады ў меху, і яна пакінула хлопчыка пад адным кустом
потым адышла і села далёка, на адлегласць стрэлу з лука, і сказала: «Няхай не ўбачу смерці дзіцяці». І, седзячы насупраць, узняла лямант, і пачала плакаць.
і пайшла, села зводдаль, на аддалі аднаго стрэлу з лука. Бо яна сказала: не хачу бачыць сьмерці хлопчыка. І яна села насупраць, і заенчыла, і плакала;
І Бог пачуў крык дзіцяці. І Анёл Госпадаў азваўся з неба да Агар, кажучы: «Што табе, Агар? Не бойся, пачуў вось Бог крык дзіцяці адтуль, дзе знаходзіцца.
і пачуў Бог голас хлопчыка; і анёл Божы зь неба паклікаў Агар і сказаў ёй: што з табою, Агар? ня бойся; Бог пачуў хлопчыкаў голас адтуль, дзе ён быў;
Устань, падымі дзіця, вазьмі яго рукою сваёй, бо Я з яго зраблю вялікі народ».
устань, падымі хлопчыка і вазьмі яго за руку, бо Я выведу зь яго вялікі народ.
І адкрыў Бог ёй вочы, і ўбачыла яна студню з вадой. Яна пайшла, напоўніла мех і дала хлопцу напіцца.
І Бог адкрыў вочы яе, і яна ўбачыла калодзеж з вадою, і пайшла, наліла ў мех вады і напаіла хлопчыка.
І Бог быў з ім, і ён рос і жыў на пустыні, і зрабіўся стральцом з лука.
І Бог быў з хлопчыкам; і ён вырас, і пачаў жыць у пустыні, і зрабіўся лучнікам.
І пражываў ён на пустыні Паран, а маці яго ўзяла яму жонку з зямлі Егіпецкай.
Ён жыў у пустыні Фаран; і маці ягоная ўзяла яму жонку зь зямлі Егіпецкай.
У той час Абімэлех і Піколь, начальнік яго войска, сказалі Абрагаму: «Бог з табой ва ўсім, што ты робіш.
І было ў той час, Авімэлэх, зь Фіхолам, ваеначальнікам сваім, сказаў Абрагаму: з табою Бог ва ўсім, што ты ні робіш;
Дык тут, на гэтым месцы, прысягні на Бога, што ты ані адносна мяне, ані адносна маіх нашчадкаў бліжэйшых не зробіш благога, але адпаведна даверу, які я ўчыніў табе, учыніш мне і зямлі, у якой жывеш прыхаднем».
і цяпер прысягні мне тут Богам, што ты не пакрыўдзіш ні мяне, ні сына майго, ні ўнука майго; і як добра я паводзіўся з табою, так і ты будзеш паводзіцца са мною і зямлёю, у якой ты гасьцюеш.
Абрагам сказаў: «Я прысягну».
І сказаў Абрагам: я прысягаю.
І ўпікнуў Абрагам Абімэлеха за студню з вадой, якую паслугачы яго забралі сілай.
І Абрагам дакараў Авімэлэха за калодзеж з вадою, які адабралі Авімэлэхавыя рабы.
Адказаў Абімэлех: «Не ведаю, хто гэта зрабіў. Але ані ты мне гэтага не казаў, ані я не чуў аж да сёння».
А Авімэлэх сказаў праўду: ня ведаю, хто гэта зрабіў, і ты не сказаў мне; я нават і ня чуў дагэтуль.
Дык узяў Абрагам авечак і валоў, і даў Абімэлеху, і так абодва заключылі пагадненне.
І ўзяў Абрагам дробнага і буйнога быдла і даў Авімэлэху, і яны абодва спрымірыліся.
І паставіў Абрагам сем ягнят са статка асобна.
І паставіў Абрагам сем ягнят са статку дробнага быдла асобна.
І спытаўся Абімэлех у яго: «Што значаць гэтыя сем ягнят, якіх ты паставіў асобна?»
А Авімэлэх сказаў Абрагаму: навошта тут гэтыя сем ягнят, якіх ты паставіў асобна?
А ён адказаў: «Сем ягнят атрымаеш з рукі маёй, каб былі мне сведчаннем, што я выкапаў гэтую студню».
Абрагам сказаў: сем ягнят гэтых вазьмі з рукі маёй, каб яны былі мне сьведчаньнем, што я выкапаў гэты калодзеж.
Таму месца тое названа Бээр-Сэба, бо тут абодва прысягнулі.
Таму і назваў ён гэтае месца: Вірсавія, бо тут абодва яны прысягнулі
Так у Бээр-Сэбе заключылі яны пагадненне.
і спрымірыліся ў Вірсавіі. І ўстаў Авімэлэх, і Фіхол, ваеначальнік ягоны, і вярнуліся ў зямлю Філістымскую.
Тады ўзняліся Абімэлех і Піколь, начальнік войска яго, і вярнуліся ў зямлю філістынцаў. А Абрагам пасадзіў лес у Бээр-Сэбе, і прызываў там імя Госпада, Бога Вечнага.
І пасадзіў Абрагам каля Вірсавіі гай і заклікаў там імя Госпада, Бога Вечнага.
І быў Абрагам чужынцам у зямлі філістынцаў многія дні.
І жыў Абрагам у зямлі Філістымскай, як прыхадзень, шмат дзён.