Быццё 21 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І СПАДАР даведаўся да Сорры, як сказаў; і ўчыніў СПАДАР Сорры, як казаў.
 
І паглядзеў Гасподзь на Сарру, як сказаў; і зрабіў Гасподзь Сарры, як казаў.

І зачала а нарадзіла Сорра Абрагаму сына ў старасьці яго, у часе, праз каторы казаў яму Бог.
 
Сарра зачала і нарадзіла Абрагаму сына ў старасьці ягонай у час, пра які казаў яму Бог;

І назваў Абрагам сына свайго, што нарадзіўся яму, каторага нарадзіла яму Сорра: Ісак.
 
і даў Абрагам імя свайму сыну, які нарадзіўся ў яго, якога нарадзіла яму Сарра: Ісаак;

І абрэзаў Абрагам Ісака, сына свайго, на восьмы дзень, як расказаў яму Бог.
 
і абрэзаў Абрагам Ісаака сына свайго, на восьмы дзень, як наказаў яму Бог.

Абрагаму было сто год, як нарадзіўся ў яго Ісак, сын ягоны.
 
Абрагаму было сто гадоў, калі нарадзіўся яму Ісаак, сын ягоны.

І сказала Сорра: «Сьмех учыніў імне Бог; хто не пачуе, засьмяецца зь мяне».
 
І сказала Сарра: сьмех учыніў мне Бог; хто ні пачуе пра мяне, засьмяецца.

І сказала: «Хто сказаў бы Абрагаму: "Будзе саіць дзеці Сорра", бо я нарадзіла сына ў старасьці яго».
 
І сказала; хто сказаў бы Абрагаму: Сарра будзе карміць дзяцей грудзьмі? бо ў старасьці яго я нарадзіла сына.

І вырасла дзяцё, і адвучана, і ўчыніў Абрагам вялікую чэсьць таго дня, як Ісак быў адвучаны.
 
Дзіця вырасла і аднята ад грудзей; і Абрагам наладзіў вялікую гасьціну ў той дзень, калі Ісаак адняты быў ад грудзей.

І абачыла Сорра сына Гаґары Ягіпцянкі, каторага яна нарадзіла Абрагаму, што ён насьміхаецца,
 
І ўбачыла Сарра, што сын Агары Егіпцянкі, якога яна нарадзіла Абрагаму, насьміхаецца,

І сказала Абрагаму: «Выжані гэтую служэбку а сына ейнага, бо не спадзець сыну нявольніцы гэтае із сынам маім, з Ісаком».
 
і сказала Абрагаму: выгані гэтую рабыню і сына яе, бо ня спадкуе рабынін сын гэты з сынам маім Ісаакам.

І было гэта нягодным у ваччу Абрагамовым дзеля сына ягонага.
 
І здалося гэта Абрагаму даволі няпрыемным дзеля сына ягонага.

І Бог сказаў Абрагаму: «Няхай ня будзе гэта нягодным у ваччу тваім дзеля хлопчыка і дзеля служэбкі свае; усе, што скажа табе Сорра, слухай голасу ейнага; бо ў Ісаку будзе названа табе насеньне.
 
Але Бог сказаў Абрагаму: не засмучайся за хлопчыка і рабыню тваю; ва ўсім, што скажа табе Сарра, слухайся голасу яе, бо ў Ісааку назавецца табе семя;

Таксама й сына нявольніцы народам учыню, бо ён твае насеньне».
 
і ад сына рабынінага Я выведу народ, бо ён семя тваё.

Абрагам устаў нараніцы, і ўзяў хлеба а мех вады, і даў Гаґары, і палажыў ёй на плечы, і дзецянё, і выслаў яе. Яна пайшла і заблудзіла ў пустыні Бэер Шаве.
 
Абрагам устаў з самае раніцы, і ўзяў хлеба і мех вады, і даў Агары, паклаўшы ёй на плечы, і хлопчыка, і адпусьціў яе. Яна пайшла і заблудзілася ў пустыні Вірсавіі;

І скончылася вада ў мяху, і яна заставіла дзецянё пад адным із кустоў.
 
і ня стала вады ў меху, і яна пакінула хлопчыка пад адным кустом

І пайшла, і села насупроці так далёка, як із луку дастрэліць; бо яна сказала: «Хай не гляджу на сьмерць дзецяняці». І села насупроці, і ўзьняла голас свой, і плакала.
 
і пайшла, села зводдаль, на аддалі аднаго стрэлу з лука. Бо яна сказала: не хачу бачыць сьмерці хлопчыка. І яна села насупраць, і заенчыла, і плакала;

І пачуў Бог голас хлопчыкаў; і гукнуў ангіл Божы да Гаґары зь нябёсаў, і сказаў ёй: «Што з табою, Гаґар? ня бойся; бо пачуў Бог голас хлопчыка стуль, ідзе ён ё.
 
і пачуў Бог голас хлопчыка; і анёл Божы зь неба паклікаў Агар і сказаў ёй: што з табою, Агар? ня бойся; Бог пачуў хлопчыкаў голас адтуль, дзе ён быў;

Устань, падыймі хлопчыка і дзяржы моцна рукою сваёю яго, бо ў народ вялікі ўчыню яго».
 
устань, падымі хлопчыка і вазьмі яго за руку, бо Я выведу зь яго вялікі народ.

І адчыніў Бог вочы ейныя, і яна абачыла студню з вадою, і пайшла, і напоўніла мех вады, і дала піць дзецяняці.
 
І Бог адкрыў вочы яе, і яна ўбачыла калодзеж з вадою, і пайшла, наліла ў мех вады і напаіла хлопчыка.

І быў Бог із хлопчыкам; і ён вырас, і жыў на пустыні, і быў стралец із луку.
 
І Бог быў з хлопчыкам; і ён вырас, і пачаў жыць у пустыні, і зрабіўся лучнікам.

Ён жыў на пустыні Фаран; і ўзяла яму маці жонку ізь зямлі Ягіпецкае.
 
Ён жыў у пустыні Фаран; і маці ягоная ўзяла яму жонку зь зямлі Егіпецкай.

І было таго часу, і сказаў Авімелех а Фіхол, вайводца ягоны, Абрагаму, кажучы: «Бог із табою ў вусім, што ты робіш;
 
І было ў той час, Авімэлэх, зь Фіхолам, ваеначальнікам сваім, сказаў Абрагаму: з табою Бог ва ўсім, што ты ні робіш;

І цяпер прысягні імне Богам тут, што ты ня будзеш маніць імне ані пагону майму, ані ўнуку майму; і як я ласку чыніў табе, так будзеш рабіць з імною і ізь зямлёю, што ты падарожжуеш у ёй».
 
і цяпер прысягні мне тут Богам, што ты не пакрыўдзіш ні мяне, ні сына майго, ні ўнука майго; і як добра я паводзіўся з табою, так і ты будзеш паводзіцца са мною і зямлёю, у якой ты гасьцюеш.

І сказаў Абрагам: «Прысягаю».
 
І сказаў Абрагам: я прысягаю.

І ўпікаў Абрагам Авімелеху ўзглядам студні вады, каторую заглабалі слугі Авімелехавы.
 
І Абрагам дакараў Авімэлэха за калодзеж з вадою, які адабралі Авімэлэхавыя рабы.

І сказаў Авімелех: «Ня ведаў я, хто ўчыніў гэта, таксама ты не сказаў імне; таксама я ня чуў, апрача сядняшняга дня».
 
А Авімэлэх сказаў праўду: ня ведаю, хто гэта зрабіў, і ты не сказаў мне; я нават і ня чуў дагэтуль.

І ўзяў Абрагам драбнога й буйнога статку, і даў Авімелеху, і ўчынілі яны абодва змову.
 
І ўзяў Абрагам дробнага і буйнога быдла і даў Авімэлэху, і яны абодва спрымірыліся.

І пастанавіў Абрагам сем тых ягнят із драбнога статку асобна.
 
І паставіў Абрагам сем ягнят са статку дробнага быдла асобна.

І сказаў Авімелех Абрагаму: «А што гэта за сем авец гэтых, каторыя ты пастанавіў асобна?»
 
А Авімэлэх сказаў Абрагаму: навошта тут гэтыя сем ягнят, якіх ты паставіў асобна?

І сказаў: «Бо сем гэтых ягнят возьмеш ад рукі мае, каб яны былі імне сьветчаньням, што я выкапаў гэтую студню».
 
Абрагам сказаў: сем ягнят гэтых вазьмі з рукі маёй, каб яны былі мне сьведчаньнем, што я выкапаў гэты калодзеж.

Затым і назваў гэтае месца: Бэер Шава (Студня Прысягі), бо там яны абодва прысягалі.
 
Таму і назваў ён гэтае месца: Вірсавія, бо тут абодва яны прысягнулі

І ўчынілі змову ў Бэер Шаве. І ўстаў Авімелех а Фіхол, вайводца ягоны, і зьвярнуліся да зямлі Пілісцкае.
 
і спрымірыліся ў Вірсавіі. І ўстаў Авімэлэх, і Фіхол, ваеначальнік ягоны, і вярнуліся ў зямлю Філістымскую.

І засадзіў гай ля Бэер Шавы, і гукаў там у імя СПАДАРА, Бога вечнага.
 
І пасадзіў Абрагам каля Вірсавіі гай і заклікаў там імя Госпада, Бога Вечнага.

І падарожжаваў Абрагам у зямлі Пілісцкай дзён шмат.
 
І жыў Абрагам у зямлі Філістымскай, як прыхадзень, шмат дзён.