Быццё 26 разьдзел
Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І была галадоў у зямлі, апрача першае галадові, што была за дзён Абрагамавых; і пайшоў Ісак да Авімелеха, караля Пілісцкага, да Ґерару.
Быў голад на зямлі, звыш ранейшага голаду, які быў у дні Абрагамавыя; і пайшоў Ісаак да Авімэлэха, цара Філістымскага, у Герар.
І зьявіўся яму СПАДАР, і сказаў: «Ня зыходзь да Ягіпту; жыві ў зямлі, праз каторую скажу табе.
Гасподзь явіўся яму і сказаў: ня йдзі ў Егіпет; жыві ў зямлі, пра якую Я скажу табе;
Падарожжуй у зямлі гэтай; і Я буду з табою, і дабраслаўлю цябе; бо табе а насеньню твайму дам усі землі гэтыя, і споўню прысягу, каторай я прысяг Абрагаму, айцу твайму.
вандруй па зямлі гэтай; і Я буду з табою і дабраслаўлю цябе, бо табе і нашчадкам тваім усе землі гэтыя, і спраўджу прысягу, якою Я прысягаўся Абрагаму, бацьку твайму;
І памнажу насеньне твае, як гвезды нябёсныя; і дам насеньню твайму ўсі землі гэтыя; і дабраславяцца ў насеньню тваім усі народы зямлі,
памножу нашчадкаў тваіх, як зоркі нябесныя, і дам нашчадкам тваім усе землі гэтыя; дабраславяцца ў семені тваім усе народы зямныя,
За тое, што Абрагам паслухаў голасу Майго і дзяржаў, што Я расказаў дзяржаць: расказаньні мае, уставы Мае а правы Мае».
за тое, што Абрагам паслухаўся голасу Майго і выконваў, што Мною наказана было выконваць: загады Мае, пастановы Мае і законы Мае.
І асяліўся Ісак у Ґерару.
Ісаак пасяліўся ў Герары.
І пыталіся людзі месца праз жонку ягоную, і ён сказаў: «Сястра мая яна», бо баяўся сказаць: «жонка мая», «каб не забілі мяне жыхары месца таго за Рэвеку», бо пазаркая яна.
Жыхары месца таго спыталіся пра жонку ягоную, і ён сказаў: «гэта сястра мая», бо баяўся сказаць: «жонка мая», каб не забілі мяне, думаў ён, жыхары месца гэтага за Рэбэку, бо яна прыгожая з выгляду.
І было, як працягнуліся там дні ягоныя, і глянуў далоў Авімелех, кароль Пілісцкі, пераз акно, і абачыў, і во, Ісак гуляў з Рэвекаю, жонкаю сваёй.
Але калі ўжо шмат часу ён там пражыў, Авімэлэх, цар Філістымскі, паглядзеў у акно, убачыў, што Ісаак гуляе з Рэбэкаю, жонкаю сваёю.
І гукнуў Авімелех Ісака, і сказаў: «Гэта ж жонка твая яна; і як жа ты казаў: "Яна сястра мая?"» І сказаў яму Ісак: «Бо я сказаў: "Каб не памерці імне дзеля яе"».
І паклікаў Авімэлэх Ісаака і сказаў: вось, гэта жонка твая: як жа ты сказаў: яна сястра мая? Ісаак сказаў яму: бо я думаў, каб жа не памерці мне дзеля яе.
І сказаў Авімелех: «Што гэта ты ўчыніў із намі? Ледзь не ляжаў адзін ізь люду із жонкаю тваею, і ты прывёў бы на нас віну».
Але Авімэлэх сказаў: што гэта ты зрабіў з намі? адзін з народу ледзь не злучыўся з жонкаю тваёю, і ты ўвёў бы нас у грэх.
І расказаў Авімелех усяму люду, сказаўшы: «Хто дакранецца да гэтага чалавека і да жонкі ягонае, тый сьмерцю памрэць».
І даў Авімэлэх загад усяму народу, сказаўшы: хто кране гэтага чалавека і жонку ягоную, той аддадзены будзе сьмерці.
І сеяў Ісак у зямлі тэй, і знайшоў у тым годзе сто разоў толькі. І дабраславіў яго СПАДАР.
І сеў Ісаак у зямлі той і меў у той год ячменю стакроць: так дабраславіў яго Гасподзь.
І павялічыўся тый чалавек, і рос болей а болей, і павялічыўся так, што стаў вельмі вялікі.
І стаўся вялікім чалавек гэты і ўзьвялічваўся болей і болей да таго, што зрабіўся вельмі вялікі.
І былі ў яго стады драбнога а стады буйнога статку, і множасьць слугаў, і завідавалі яму Пілішчане.
У яго былі статкі дробнага і статкі буйнога быдла і мноства ральлі, і Філістымляне пачалі зайздросьціць яму.
І ўсі студні, каторыя выкапалі слугі айца ягонага за дзён Абрагама, айца ягонага, засыпалі Пілішчане і запоўнілі пылам.
І ўсе калодзежы, якія выкапалі рабы бацькі ягонага пры жыцьці бацькі ягонага Абрагама, Філістымляне завалілі і засыпалі зямлёю.
І сказаў Авімелех Ісаку: «Адыйдзі ад нас, бо ты стаў шмат дужшы за нас».
І Авімэлэх сказаў Ісааку: адыдзі ад нас, бо ты зрабіўся намнога мацнейшы за нас.
І адыйшоў стуль Ісак, і разьлёгся табарам у даліне Ґерарскай, і жыў там.
І Ісаак сышоў адтуль, і разьмясьціўся з намётамі ў даліне Герарскай, і пасяліўся там.
І зьвярнуўся Ісак, і адкапаў студні вады, каторыя выкапаны былі за дзён Абрагамавых, айца ягонага, і каторыя заткнулі Пілішчане па сьмерці Абрагама; і назваў іх тымі ж назовамі, каторымі назваў іх ацец ягоны.
І зноў выкапаў Ісаак калодзежы вады, якія выкапаны былі ў дні Абрагама, бацькі ягонага, і якія завалілі Філістымляне пасьля сьмерці Абрагама: і назваў іх тымі самымі назовамі, якімі назваў іх бацька ягоны.
І капалі слугі Ісаковы ў даліне, і знайшлі там студню вады жывое.
І капалі рабы Ісаакавыя ў даліне і знайшлі там калодзеж вады жывой.
І сьперачаліся пастухі ґерарскія з пастухамі Ісаковымі, кажучы: «Наша вада»; і ён назваў імя студні: Есек (Вада), бо вадзіліся зь ім.
І спрачаліся пастухі Герарскія з пастухамі Ісаакавымі, кажучы: наша вада. І ён даў калодзежу імя: Эсэк, бо спрачаліся зь ім.
І выкапалі другую студню; і сьперачаліся таксама за яе; і ён назваў яе імя: Сітна (Абвінаваньне).
Выкапалі другі калодзеж; спрачаліся таксама і за яго; і ён даў яму імя: Сітна.
І адсунуўся адтуль, і выкапаў іншую студню, і не сьперачаліся болей за яе; і назваў яе імя: Рэговоф (Прастора); і сказаў ён, бо цяпер даў нам прастору СПАДАР, і мы расплодзімся ў зямлі.
І ён рушыў адсюль і выкапаў іншы калодзеж, за Які ўжо не спрачаліся; і даў яму імя: Рэхавот; бо, сказаў ён, цяпер Гасподзь даў нам прасторнае месца, і мы памножымся на зямлі.
Стуль узыйшоў ён на Бэер Шэву.
Адтуль перайшоў ён у Вірсавію.
І зьявіўся яму СПАДАР тае ночы, і сказаў: «Я Бог Абрагама, айца твайго; ня бойся, бо я з табою; і дабраслаўлю цябе, і памножу насеньне твае, дзеля Абрагама, слугі Свайго».
І ў тую ноч зьявіўся яму Гасподзь і сказаў: Я Бог Абрагама, бацькі твайго: ня бойся, бо Я з табою, і дабраслаўлю цябе і памножу нашчадкаў тваіх, дзеля Абрагама, раба Майго.
І ён збудаваў там аброчнік, і гукаў у імя СПАДАРОВА. І расьпяў там будан свой, і капалі там слугі Ісаковы студню.
І ён спарудзіў там ахвярнік і заклікаў імя Госпада. І паставіў там намёт свой, і выкапалі там рабы Ісаакавыя калодзеж.
І Авімелех прышоў да яго з Ґерару а Агузаф, з прыяцеляў ягоных, а Фіхол, вайводца ягоны.
Прыйшоў да яго зь Герара Авімэлэх, і Ахузат, сябар ягоны, і Фіхол, ваеначальнік ягоны.
І сказаў ім Ісак: «Чаму вы прышлі да мяне, вы ж зьненавідзілі мяне і выслалі мяне ад сябе?»
Ісаак сказаў ім: навошта вы прыйшлі да мяне, калі вы зьненавідзелі мяне і выслалі мяне ад сябе?
І яны сказалі: «Мы ясна пабачылі, што быў СПАДАР із табою, і сказалі мы: "Няхай жа будзе прысяга з праклёнам памеж нас, памеж нас і памеж цябе, і ўчыніма змову з табою;
Яны сказалі: мы ясна пабачылі, што Гасподзь быў з табою, і таму мы сказалі: пастановім паміж намі і табою прысягу і заключым з табою спрымірэнства,
Каб ты не рабіў нам ліха, як і мы не дакрануліся да цябе, і як мы рабілі табе адно дабро і адпусьцілі цябе ў супакою, так ты цяпер дабраславёны СПАДАРОЎ"».
каб ты не рабіў нам ліха, як і мы не кранулі цябе, а рабілі табе толькі добрае і адпусьцілі цябе зь мірам; цяпер ты дабраславёны Госпадам.
Ён зрабіў ім чэсьць, і яны елі а пілі.
Ён зладзіў ім гасьціну, і яны елі і пілі.
І ўсталі нараніцы, і прысягалі адзін аднаму; і адпусьціў іх Ісак, і яны пайшлі ад яго ў супакою.
І ўстаўшы з самае раніцы, прысягнулі адзін аднаму; і адпусьціў іх Ісаак, і яны пайшлі ад яго зь мірам.
І было таго дня: прышлі слугі Ісаковы, і паведамілі яму праз студню, каторую капалі яны, і сказалі яму: «Мы знайшлі ваду!»
У той самы дзень прыйшлі рабы Ісаакавыя і паведамілі яму пра калодзеж, які капалі яны, і сказалі яму: мы знайшлі ваду.
І ён назваў яе Шыва. Затым імя места таго Бэер Шыва (Студня Прысягі) дагэтуль.
І ён назваў яго: Шыва. Таму імя гораду таму Бэер-Шыва да гэтага дня.
І быў Ісаў сараку год; і ўзяў сабе за жонку Егудыфу, дачку Беера Гэціча, і Вісэмафу, дачку Елона Гэціча.
І было Ісаву сорак гадоў, і ўзяў сабе за жонку Егудыту, дачку Бээра Хэтэяніна, і Васэмату, дачку Элона Хэтэяніна.
І яны былі гарчынёю духу Ісаку а Рэвеццы.
І яны былі завадаю Ісааку і Рэбэцы.