Быццё 33 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І ўзьняў Якаў вочы свае, і абачыў, і во, Ісаў прышоў, і зь ім чатырыста чалавекаў. І падзяліў дзеці да Ліі а да Рахілі а да дзьвюх нявольніцаў.
 
Зірнуў Якаў і ўбачыў, і вось, ідзе Ісаў і зь ім чатырыста чалавек. І падзяліў Якаў дзяцей Лііных, Рахіліных і дзьвюх служанак.

І пастанавіў нявольніцы а дзеці іхныя першымі, а Лію а дзеці ейныя за імі, а Рахіль а Язэпа за імі.
 
І паставіў служанак і дзяцей іхніх наперадзе, Лію і дзяцей яе за імі, а Рахіль і Язэпа апошнімі.

А ён перайшоў перад імі, і пакланіўся да зямлі сем разоў пакуль дабліжыўся да брата свайго.
 
А сам пайшоў перад імі і пакланіўся да зямлі сем разоў, падыходзячы да брата свайго.

І пабег Ісаў яму наўпярэймы, і абняў яго, і паў на шыю яму, і цалаваў яго, і плакалі.
 
І пабег Ісаў яму напярэймы і абняў яго, і ўпаў на шыю яму і цалаваў яго, і плакалі.

І ўзьняў вочы свае, і абачыў жанкі а дзеці, і сказаў: «Хто гэтыя ў цябе?» І сказаў: «Дзеці, каторымі Бог падараваў з ласкі слугу твайго».
 
І зірнуў Ісаў і ўбачыў жонак і дзяцей і сказаў: хто гэта ў цябе? Якаў сказаў: дзеці, якіх Бог даў рабу твайму.

І дабліжыліся нявольніцы самы а дзеці іхныя, і пакланіліся.
 
І падышлі служанкі і дзеці іхнія і пакланіліся;

І дабліжылася таксама Лія а дзеці ейныя, і пакланіліся. А потым дабліжыліся Язэп а Рахіль, і пакланіліся.
 
падышла і Лія і дзеці яе і пакланіліся; нарэшце падышлі Язэп і Рахіль і пакланіліся.

І сказаў: «Што ў цябе ўвесь табар гэты, каторы я стрэў?» І сказаў: «Каб знайсьці ласку ў ваччу спадара майго».
 
І сказаў Ісаў: навошта ў цябе гэта мноства, якое я спаткаў? І сказаў Якаў: каб здабыць упадабаньне ў вачах гаспадара майго.

І сказаў Ісаў: «Ёсьць у мяне шмат, браце мой, няхай будзе табе, што ў цябе».
 
Ісаў сказаў: у мяне многа, браце мой; хай будзе тваё ў цябе.

І сказаў Якаў: «Не, я малю цябе, калі ж я знайшоў ласку ў ваччу тваім, і прымі дар мой з рукі мае; бо я, абачыўшы від твой, быццам абачыў від Божы, і ты ласкава прыняў мяне.
 
Якаў сказаў: не, калі я здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, прымі дарунак мой з рукі маёй; бо я ўгледзеў аблічча тваё, як бы хто ўбачыў аблічча Божае, і ты быў прыхільны да мяне;

Прымі дабраславенства мае, каторае я прывёў табе; бо Бог абдараваў мяне ласкаю, і затым што ёсьць у мяне ўсе». І ён упрасіў яго і тый узяў.
 
прымі дабраславеньне маё, якое я прынёс табе, бо Бог даў мне, і ёсьць у мяне ўсё. І ўпрасіў яго. І той узяў

І сказаў: «Кранімася ў дарогу; і пайдзіма, і я буду йсьці перад табою».
 
і сказаў: падымемся і пойдзем; і я пайду перад табою.

І сказаў яму: «Спадар мой ведае, што дзеці кунежныя, а драбны й буйны статак у мяне сьсець; калі пагнаць іх адзін дзень, дык паздыхаюць усі статкі.
 
Якаў сказаў яму: гаспадар мой ведае, што дзеці пяшчотлівыя, а дробнае і буйное быдла ў мяне дойнае: калі гнаць яго цэлы дзень, дык памрэ ўсё быдла;

Няхай спадар мой пярэйдзе сьпераду слугі свайго, а я павяду памалу, подле ходу гэтае працы, каторая перад імною, і подле ходу дзяцей, пакуль прыду да спадара свайго да Сэіру».
 
хай гаспадар мой пойдзе паперадзе раба свайго, а я пайду павольна, як пойдзе быдла, якое перад мною, і як пойдуць дзеці, і прыйду да гаспадара майго ў Сэір.

І сказаў Ісаў: «Пакіну ж я з табою зь люду, што пры імне». І сказаў: «Нашто гэта? абы імне знайсьці ласку ў ваччу спадара майго».
 
Ісаў сказаў: пакіну я з табою людзей, якія пры мне. Якаў сказаў: навошта гэта? толькі б здабыць мне ўпадабаньне ў вачах гаспадара майго!

І зьвярнуўся таго дня Ісаў дарогаю сваёй да Сэіру.
 
І вярнуўся Ісаў таго ж самага дня дарогаю сваёю ў Сэір.

А Якаў крануўся да Сукоф і пабудаваў сабе дом, а статку свайму парабіў буды. Затым ён назваў імя месца Сукоф.
 
І Якаў рушыў у Сакот, і пабудаваў сабе дом, і быдлу свайму парабіў кашары. Ад гэтага даў ён імя месцу: Сакот.

І прышоў Якаў у супакою да места Сыхем, каторае ў зямлі Канаанскай, як прышоў з Падан-Араму, і лёг табарам перад местам.
 
Якаў, вярнуўшыся зь Месапатамі, шчасьліва прыйшоў у горад Сіхем, які ў зямлі Ханаанскай, і разьмясьціўся перад горадам.

І купіў часьць поля ў сыноў Гаморавых, айца Сыхемавага, за сто кесытаў (манэтаў), на каторым пастанавіў будан свой.
 
І купіў дзялянку поля, на якім паставіў намёт свой, у сыноў Эмора, бацькі Сіхемавага, за сто манет.

І пастанавіў там аброчнік; і назваў яго: Магутны Бог Ізраеляў.
 
І паставіў там ахвярнік; і заклікаў імя Госпада, Бога Ізраілевага.