Быццё 18 разьдзел
Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І зьявіўся яму СПАДАР у дуброве Мамрэ, а ён сядзеў ля ўходу да будана ў дзянны вад.
І зьявіўся яму Гасподзь каля дубровы Мамрэ, калі ён сядзеў каля ўваходу ў намёт свой, у час дзённае сьпёкі.
Ён узьняў вочы свае, і глянуў, і во, тры мужы стаяць перад ім. І абачыў, і пабег ад уходу да будана наўпярэймы ім, і пакланіўся да зямлі.
Ён узьвёў вочы свае і зірнуў, і вось, тры мужы стаяць насупраць яго. Угледзеўшы, ён пабег насустрач ім ад уваходу ў намёт і пакланіўся да зямлі,
І сказаў: «Спадару! калі ж я знайшоў ласку ў ваччу Тваім, калі ласка, ня мінай слугі Свайго.
і сказаў: Валадару, калі я здабыў добрае ўпадабаньне прад вачамі Тваімі, не прайдзі міма раба Твайго;
І возьмуць троху вады, і абмыюць ногі вашыя; і прыхініцеся пад гэтым дзервам.
і прынясуць крыху вады, і абмыюць ногі вашыя; і адпачнеце пад гэтым дрэвам,
А я вазьму лусту хлеба, і вы пасілкуеце сэрцы вашыя; потым пройдзеце; бо дзеля гэтага вы прайшлі міма слугі вашага». Яны сказалі: «Рабі так, як казаў».
а я прынясу хлеба, і вы падмацуеце сэрцы вашыя; пасьля ідзеце; як бо вы ідзяце міма раба вашага. Яны сказалі: зрабі так, як кажаш.
І пабарзьдзіў Абрагам да будана, да Сорры, і сказаў: «Барзьдзей тры меркі мукі найлепшае рашчыні, і сьпячы сачнёў».
І пасьпяшаўся Абрагам у намёт да Сарры і сказаў: хутчэй замясі тры саты найлепшай мукі і зрабі праснакі.
І да стады пабег Абрагам, і ўзяў цялё кунежнае а добрае, і даў малцу, і пабарзьдзіў прыгатаваць яго.
І пабег Абрагам да статку, і ўзяў цялятка ласкавае і добрае, і даў хлопчыку, і той пасьпяшаўся прыгатаваць яго.
І ўзяў масла а малака, і цялё, якое прыгатаваў, і пастанавіў перад імі, і сам стаяў ля іх пад дзервам. І яны елі.
І ўзяў масла і малака і цялятка прыгатаванае і паставіў перад імі; а сам стаяў каля іх пад дрэвам. І яны елі.
І сказалі яму: «Ідзе Сорра, жонка твая?» Ён адказаў: «Тут, у будане».
І сказалі яму: дзе Сарра, жонка твая? Ён адказаў: тут, у намёце.
І сказаў: «Я напэўна зьвярнуся да цябе згодна з парою жыцьця, і во, сын у Сорры, жонкі твае». А Сорра слухала ля ўходу да будана, а гэта было адзаду яго.
І сказаў адзін зь іх: я зноў буду ў цябе ў гэты самы час, і будзе сын у Сарры, жонкі тваёй. А Сарра слухала каля ўваходу ў намёт, за ім.
Абрагам жа й Сорра былі старыя, увыйшлі ў гады; перастала быць у Сорры звычайнае жаноцкае.
А Абрагам і Сарра былі старыя і ў веку сталым, і звычайнае ў жанчын у Сарры спынілася.
І сьміялася Сорра ў нутру, кажучы: «Просьле тога, як я зьвяла, будзе імне любата? і спадар мой стары».
Сарра ўнутрана засьмяялася, сказаўшы: ці мне, калі я пастарэла, мець гэтую ўцеху? і гаспадар мой стары.
І сказаў СПАДАР Абрагаму: «Чаму сьміялася Сорра, сказаўшы: "Нягож я запраўды нараджу — а я ж старая?"
І сказаў Гасподзь Абрагаму: чаго гэта засьмяялася Сарра, сказаўшы: няўжо я сапраўды магу нарадзіць, калі я пастарэла?
Ці ё што цяжкое СПАДАРУ? У прызначаным часе Я зьвярнуся да цябе подле пары жыцьця, і ў Сорры сын».
Ці ёсьць што цяжкае Госпаду? У назначаны час буду Я ў цябе на другі год, і будзе ў Сарры сын.
І заперачыла Сорра, кажучы: «Я ня сьміялася», бо яна лякалася. Але Ён сказаў: «Не, ты сьміялася».
А Сарра ня прызналася, а сказала: я не сьмяялася. Бо яна спалохалася. Але Ён сказаў: не, ты сьмяялася.
І ўсталі стуль тыя мужы, і глядзелі на від Содомы. Абрагам жа пайшоў ізь імі, каб прапусьціць іх.
І ўсталі тыя мужы і адтуль выправіліся да Садомы; а Абрагам пайшоў зь імі правесьці іх.
І СПАДАР сказаў: «Ці схаваю Я ад Абрагама, што Я раблю?
І сказаў Гасподзь: ці ўтою Я ад Абрагама, што хачу рабіць?
І Абрагам запраўды стане народам вялікім а магутным, і будуць дабраславёныя ў ім усі народы зямлі;
Ад Абрагама, праўда, пойдзе народ вялікі і моцны, і дабраславяцца ў ім усе народы зямлі,
Бо Я знаю яго, што раскажа ён дзяцём сваім і дамове сваёй просьле сябе, і будуць дзяржаць дарогу СПАДАРОВУ, чыніць справядлівасьць а суд, каб мог здойсьніць СПАДАР Абрагаму, што гукаў празь яго».
бо Я выбраў яго на тое, каб ён наказаў сынам сваім і дому свайму пасьля сябе, хадзіць шляхам Гасподнім, чынячы праўду і суд; і спраўдзіць Гасподзь над Абрагамам, што сказаў пра яго.
І сказаў СПАДАР: «Во крык Содомы а Ґоморы, бо вялікі ён, і грахі іхныя, бо вельмі яны цяжкія.
І сказаў Гасподзь: лямант Садомскі і Гаморскі, вялікі ён, і грэх іхні, цяжкі ён вельмі;
Зыйду ж а пагляджу, ці згодна з крыкам, каторы прыходзе да Мяне, учынілі яны супоўна, а калі ня так, дык буду ведаць».
сыду і пагляджу, ці праўда яны паводзяцца так, які лямант на іх, што ўзыходзіць да Мяне, ці не; даведаюся.
І абярнуліся мужы адгэнуль, і пайшлі да Содомы. Абрагам жа яшчэ стаяў перад СПАДАРОМ.
І павярнуліся мужы адтуль і пайшлі ў Садому; а Абрагам яшчэ стаяў прад абліччам Госпада.
І дабліжыўся Абрагам, і сказаў: «Нягож Ты загубіш справядлівага зь нявернікам?
І падышоў Абрагам і сказаў: няўжо ты загубіш праведнага зь бязбожным?
Можа ё пяцьдзясят справядлівых сярод места? Нягож Ты загубіш, і не даруеш месту дзеля пяцьдзясят справядлівых, што ўнутры ў яго?
магчыма, ёсьць у гэтым горадзе пяцьдзясят праведнікаў? няўжо Ты загубіш і не пашкадуеш месца гэтага дзеля пяцідзесяці праведнікаў?
Крый Божа, каб Ты ўчыніў такі ўчынак, каб Ты зрабіў сьмерць справядліваму зь нявернікам, і будзе як справядлівы так і няверны: Крый Божа! Ціж Судзьдзя ўсяе зямлі ня ўчыне суду?»
ня можа быць, каб Ты зрабіў так, каб Ты загубіў праведнага зь бязбожным, каб тое самае было з праведнікам, што і зь бязбожнікам, ня можа быць ад Цябе! Ці ж Судзьдзя ўсёй зямлі ўчыніць неправасудна?
І СПАДАР сказаў: «Калі я знайду ў Содоме пяцьдзясят справядлівых унутры места, то Я дарую ўсяму месцу дзеля іх».
Гасподзь сказаў: калі Я знайду ў горадзе Садоме пяцьдзясят праведнікаў, дык я дзеля іх пашкадую ўсё месца гэта.
І адказаў Абрагам, і сказаў: «Вось жа я быў адважыўшыся гукаць Валадару, а я — пыл а попел.
Абрагам сказаў у адказ: вось, я адважыўся казаць Валадару, я, пыл і попел:
Можа ня стане пяцёх да пяцьдзясят справядлівых, нягож Ты выгубіш дзеля пяцёх усё места?» Ён сказаў: «Ня выгублю, калі знайду там сараку пяцёх».
можа быць, да пяцідзесяці праведнікаў ня хопіць пяці, няўжо за недахоп пяці Ты вынішчыш увесь горад? Ён сказаў: ня вынішчу, калі знайду там сорак пяць.
І далей яшчэ гукае да Яго, і сказаў: «Можа знойдзецца там сорак». Ён сказаў: «Ня ўчыню і дзеля сараку».
Абрагам гаварыў далей зь Ім і сказаў: можа быць, знойдзецца там сорак. Ён сказаў: не зраблю таго і дзеля сарака.
І сказаў: «Няхай ня гневаецца Валадар, і я буду гукаць: можа знойдзецца там трыццацёх». Ён сказаў: «Ня ўчыню, калі знайду там трыццацёх».
І сказаў Абрагам: хай ня ўгневаецца Валадар, што я буду гаварыць: можа быць, знойдзецца там трыццаць? Ён сказаў: не зраблю, калі знойдзецца там трыццаць.
І сказаў: «Вось жа, я важыўся гукаць Валадару: можа знойдзецца там дваццацёх?» Ён сказаў: «Ня выгублю дзеля дваццацёх».
Абрагам сказаў: вось, я адважыўся казаць Валадару: можа быць, знойдзецца там дваццаць? Ён сказаў: ня вынішчу дзеля дваццаці.
І сказаў: «Няхай жа ня гневаецца Валадар, і я буду гукаць яшчэ адно гэты раз: можа знойдзецца там дзесяцёх?» Ён сказаў: «Ня выгублю дзеля дзесяцёх».
Абрагам сказаў: хай ня ўгневаецца Валадар, што я скажу яшчэ адзін раз: можа быць, знойдзецца там дзесяць? Ён сказаў: ня вынішчу дзеля дзесяці.
І адышоў СПАДАР, скончыўшы гутарыць із Абрагамом, і Абрагам зьвярнуўся на свае месца.
І пайшоў Гасподзь, перастаўшы гаварыць з Абрагамам: а Абрагам вярнуўся ў месца сваё.