Быццё 8 разьдзел
Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
І Бог, успомніўшы пра Ноя, і пра ўсіх жывуноў, і пра ўсіх жывёл, якія былі з ім у арцы, прывёў вецер на зямлю, і зменшыліся воды.
І ўспомніў Бог пра Ноя, і пра ўсю жывёлу, і пра ўсё быдла, якія былі зь ім у каўчэзе; і навёў Бог вецер на зямлю, і воды спыніліся.
І закрыліся крыніцы бяздоння і вокны нябесныя, і былі спынены дажджы з неба.
І зачыніліся крыніцы бездані і вокны нябесныя, і перастаў дождж зь неба.
І вярнуліся воды з зямлі, сцякаючы і сплываючы, і пачалі памяншацца па ста пяцідзесяці днях.
А вада спакваля вярталася зь зямлі, і пачала ўбываць вада праз сто пяцьдзясят дзён.
У сёмы месяц, семнаццатага дня месяца, затрымалася арка на гарах Арарат.
І спыніўся каўчэг на сёмым месяцы, на сямнаццаты дзень месяца, на гарах Арарацкіх.
Але воды плылі і спадалі аж да дзесятага месяца; бо дзесятага месяца, у першы дзень месяца, паказаліся вяршыні гор.
Вада спакваля ўбывала да дзясятага месяца; у першы дзень дзясятага месяца паказаліся вярхі гор.
Калі мінула сорак дзён, Ной, адчыніўшы акно аркі, якое зрабіў, выпусціў крука,
Праз сорак дзён Ной адчыніў зробленае ім акно ў каўчэзе
які вылятаў, аддаляючыся і вяртаючыся, пакуль не высахла вада на зямлі.
і выпусьціў крумкача, які, вылецеўшы, адлятаў і прылятаў, пакуль не абсохла зямля ад вады.
Выпусціў ён таксама галубку ад сябе, каб пераканацца, ці спалі ўжо воды з паверхні зямлі.
Потым выпусьціў ад сябе голуба, каб бачыць, ці сышла вада з улоньня зямлі;
Яна, паколькі не знайшла, дзе б адпачылі яе ногі, вярнулася да яго ў арку; бо воды пакрывалі яшчэ ўсю зямлю. Тады ён выцягнуў руку і, злавіўшы яе, забраў у арку.
але голуб не знайшоў месца спакою нагам сваім і вярнуўся да яго ў каўчэг; бо вада была яшчэ на паверхні ўсёй зямлі; і ён працягнуў руку сваю, і ўзяў яго, і прыняў да сябе ў каўчэг.
Пачакаўшы яшчэ сем дзён, зноў выпусціў галубку з аркі.
І патрываў яшчэ сем дзён і зноў выпусьціў голуба з каўчэга.
І вось, яна вярнулася да яго пад вечар, несучы ў дзюбе сваёй аліўную галінку з зялёнымі лісткамі. І зразумеў Ной, што сплылі ўжо воды з зямлі.
Голуб вярнуўся да яго вечаровай парою, і вось, сьвежы аліўкавы ліст у дзюбе ў яго: і Ной даведаўся, што вада сышла зь зямлі.
А ўсё ж такі прачакаў ён сем іншых дзён; і выпусціў галубку, якая не вярнулася болей да яго.
Ён патрываў яшчэ сем дзён далей і выпусьціў голуба; і ён ужо не вярнуўся да яго.
У шэсцьсот першым годзе, у першым месяцы, у першы дзень месяца, воды на зямлі павысыхалі. І Ной, адкрыўшы дах аркі, глянуў і, вось, убачыў, што ўжо абсохла паверхня зямлі.
На шэсьцьсот першым годзе пад першы дзень першага месяца счэзла вада на зямлі; і адкрыў Ной дах каўчэга і паглядзеў, і вось, абсохла паверхня зямлі.
У другім месяцы, у дваццаць сёмы дзень месяца, зямля зусім высахла.
І на другім месяцы, да дваццаць сёмага дня месяца, зямля высахла.
І прамовіў Бог да Ноя, кажучы:
І сказаў Бог Ною:
«Выходзь з аркі ты і жонка твая, сыны твае і жонкі сыноў тваіх разам з табой.
выйдзі з каўчэга ты і жонка твая, і сыны твае і жонкі сыноў тваіх з табою;
Усіх жывуноў, якія ёсць у цябе ад кожнага цела, як з птушак, так і з жывёл, і з усіх паўзуноў, якія поўзаюць па зямлі, выводзь разам з сабою, каб пладзіліся на зямлі ды каб раслі і размнажаліся на ёй».
выведзі з сабою ўсе жывёлы, якія з табою, ад усякае плоці, з птушак, і быдла, і ўсіх гадаў, якія поўзаюць па зямлі: хай разыдуцца яны па зямлі, і хай плодзяцца і множацца на зямлі.
Дык выйшаў Ной і сыны яго, жонка яго і жонкі сыноў яго разам з ім.
І выйшаў Ной і сыны яго, і жонка яго і жонкі сыноў ягоных зь ім;
Ды таксама і ўсе жывуны, жывёлы, птушкі і паўзуны, якія поўзаюць па зямлі паводле роду свайго, павыходзілі з аркі.
усе жывёлы, і ўсе гады, і ўсе птушкі, усё, што рухаецца па зямлі, паводле родаў сваіх, выйшлі з каўчэга.
І збудаваў Ной ахвярнік Госпаду, і, узяўшы з усіх жывёлін чыстых і птушак чыстых, прынёс ахвяру цэласпалення на ахвярніку.
І зладзіў Ной ахвярнік Госпаду; і ўзяў з усякага быдла чыстага і з усіх птушак чыстых і прынёс на цэласпаленьне на ахвярнік.
І Госпад пачуў пах найпрыемнейшы, і сказаў Госпад сэрцу Свайму: «Ніколі больш не буду праклінаць зямлю з-за людзей, бо намер сэрца чалавечага схільны да зла ад юнацтва яго. Дык ужо болей не будзе пагібелі на кожную душу жывую, як Я зрабіў.
І нюхаў Гасподзь прыемныя пахошчы, і сказаў Гасподзь у сэрцы Сваім: ня буду больш праклінаць зямлю за чалавека, бо намысел сэрца чалавечага — зло ад маладосьці ягонай; і ня буду болей пабіваць усё жывое, як Я зрабіў:
Ва ўсе дні зямлі не спыняцца сяўба і жніво, холад і спякота, лета і зіма, дзень і ноч».
наперад ва ўсе дні зямлі сяўба і жніво, холад і сьпёка, лета і зіма, дзень і ноч ня спыняцца.