Быццё 8 разьдзел
Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
І Бог, успомніўшы пра Ноя, і пра ўсіх жывуноў, і пра ўсіх жывёл, якія былі з ім у арцы, прывёў вецер на зямлю, і зменшыліся воды.
І ўзгадаў Бог Ноя, і ўсіх звяроў, і ўсю свойскую жывёлу, і ўсіх птушак, і ўсіх гадаў, якія толькі былі разам з ім у корабе, і навёў Бог вецер на зямлю, і сцішылася вада.
І закрыліся крыніцы бяздоння і вокны нябесныя, і былі спынены дажджы з неба.
І запячаталіся бяздонныя струмені і жаролы нябёсныя, і сунялася залева з неба.
І вярнуліся воды з зямлі, сцякаючы і сплываючы, і пачалі памяншацца па ста пяцідзесяці днях.
І адступіла вада, сыходзячы з зямлі. Адступіла і спала вада пасля ста пяцідзесяці дзён.
У сёмы месяц, семнаццатага дня месяца, затрымалася арка на гарах Арарат.
І сеў кораб у сёмы месяц, дваццаць сёмага дня месяца, на горы Арара́цкія.1
Але воды плылі і спадалі аж да дзесятага месяца; бо дзесятага месяца, у першы дзень месяца, паказаліся вяршыні гор.
Вада ж, сцякаючы, спадала да дзявятага месяца. У адзінаццаты ж месяц, першага дня месяца, сталі бачныя вяршыні гораў.
Калі мінула сорак дзён, Ной, адчыніўшы акно аркі, якое зрабіў, выпусціў крука,
І было: пасля сарака дзён расчыніў Ной акенца кораба, якое зрабіў,
які вылятаў, аддаляючыся і вяртаючыся, пакуль не высахла вада на зямлі.
і выпусціў крумкача, каб зірнуў, ці сцішылася вада. І адляцеўшы, той не вярнуўся да таго часу, пакуль не сышла вада на зямлі.
Выпусціў ён таксама галубку ад сябе, каб пераканацца, ці спалі ўжо воды з паверхні зямлі.
І паслаў пасля яго галубку, каб зірнула, ці зменшылася вада на паверхні зямлі.
Яна, паколькі не знайшла, дзе б адпачылі яе ногі, вярнулася да яго ў арку; бо воды пакрывалі яшчэ ўсю зямлю. Тады ён выцягнуў руку і, злавіўшы яе, забраў у арку.
І галубка, не знайшоўшы спачынку для ног сваіх, вярнулася ў кораб, бо вада была на ўсёй паверхні зямлі. І, працягнуўшы руку сваю, узяў яе, і ўнёс яе да сябе ў кораб.
Пачакаўшы яшчэ сем дзён, зноў выпусціў галубку з аркі.
І пачакаўшы яшчэ другія сем дзён, ізноў паслаў галубку з кораба.
І вось, яна вярнулася да яго пад вечар, несучы ў дзюбе сваёй аліўную галінку з зялёнымі лісткамі. І зразумеў Ной, што сплылі ўжо воды з зямлі.
І вярнулася да яго галубка ўвечары, і мела ў дзюбе галінку аліўкавую з лісцем. І спазнаў Ной, што спала вада на зямлі.
А ўсё ж такі прачакаў ён сем іншых дзён; і выпусціў галубку, якая не вярнулася болей да яго.
І, пачакаўшы яшчэ сем дзён, ізноў выпусціў галубку, і тая ўжо не вярталася да яго.
У шэсцьсот першым годзе, у першым месяцы, у першы дзень месяца, воды на зямлі павысыхалі. І Ной, адкрыўшы дах аркі, глянуў і, вось, убачыў, што ўжо абсохла паверхня зямлі.
І надарылася ў шасцісот першым годзе жыцця Ноя, першага месяца, першага дня гэтага месяца, знікла вада на зямлі. І расчыніў Ной дах кораба, які зрабіў, і ўбачыў, што адступіла вада з паверхні зямлі.
У другім месяцы, у дваццаць сёмы дзень месяца, зямля зусім высахла.
У другі ж месяц, дваццаць сёмага дня гэтага месяца, высахла зямля.
І прамовіў Бог да Ноя, кажучы:
І сказаў Госпад Бог Ною, прамаўляючы:
«Выходзь з аркі ты і жонка твая, сыны твае і жонкі сыноў тваіх разам з табой.
“Выйдзі з кораба, ты, і жонка твая, і сыны твае, і жонкі тваіх сыноў з табою,
Усіх жывуноў, якія ёсць у цябе ад кожнага цела, як з птушак, так і з жывёл, і з усіх паўзуноў, якія поўзаюць па зямлі, выводзь разам з сабою, каб пладзіліся на зямлі ды каб раслі і размнажаліся на ёй».
усіх звяроў, якія з табою, і кожную істоту ад птушак да свойскай жывёлы, і кожнага гада, што поўзае па зямлі, выведзі з сабою. І няхай плодзяцца і множацца па зямлі”.
Дык выйшаў Ной і сыны яго, жонка яго і жонкі сыноў яго разам з ім.
І выйшаў Ной, і яго жонка, і сыны яго, і іх жонкі з ім.
Ды таксама і ўсе жывуны, жывёлы, птушкі і паўзуны, якія поўзаюць па зямлі паводле роду свайго, павыходзілі з аркі.
І ўсе звяры, і ўся свойская жывёла, і кожная птушка, і кожны гад, што поўзае па зямлі, паводле роду свайго, выйшлі з кораба.
І збудаваў Ной ахвярнік Госпаду, і, узяўшы з усіх жывёлін чыстых і птушак чыстых, прынёс ахвяру цэласпалення на ахвярніку.
Збудаваў Ной ахвярнік Богу, і ўзяў ад кожнай свойскай жывёлы чыстай, і ад усіх птушак чыстых, і склаў ахвяру цэласпалення на ахвярніку.
І Госпад пачуў пах найпрыемнейшы, і сказаў Госпад сэрцу Свайму: «Ніколі больш не буду праклінаць зямлю з-за людзей, бо намер сэрца чалавечага схільны да зла ад юнацтва яго. Дык ужо болей не будзе пагібелі на кожную душу жывую, як Я зрабіў.
Калі пачуў Госпад Бог духмяны пах, разважыўшы, прамовіў Госпад Бог: “Не буду больш праклінаць зямлю з-за дзеяў чалавека. Ужо ад самай маладосці думка чалавечая мае схільнасць да зла. Не буду больш уражаць кожнае жывое цялеснае стварэнне, як учыніў.
Ва ўсе дні зямлі не спыняцца сяўба і жніво, холад і спякота, лета і зіма, дзень і ноч».
Ва ўсе дні зямныя не праміне сяўба і жніво, холад і спёка, лета і вясна, дзень і ноч”.