Быццё 3 разьдзел
Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
А змей быў хітрэйшы з усіх жывуноў палявых, якіх стварыў Госпад Бог. Ён сказаў жанчыне: «Ці гэта праўда, што Бог забараніў вам, каб вы не елі з кожнага дрэва райскага?»
Змей1 жа быў найбольш кемлівы за ўсіх жывых істотаў на зямлі, якіх стварыў Госпад Бог. І сказаў змей жанчыне: “Дык што мовіў Бог, не скаштуеце з дрэва кожнага ў раі?”
Жанчына адказала яму: «З плода дрэў, якія знаходзяцца ў раі, ямо;
І адказала жанчына змею: “З усялякага дрэва райскага можам есці,
з плода ж дрэва, якое сярод раю, забараніў нам Бог, каб не елі і не дакраналіся да яго, каб не памерлі».
ад плода ж дрэва, што ў сярэдзіне раю, мовіў Бог, — не ешце ад яго і не датыкайцеся да яго, каб не памерці”.
Дык сказаў змей жанчыне: «Ніякім чынам не памраце!
І сказаў змей жанчыне: “Не памрацё,
Бо ведае Бог, што ў дзень, у які будзеце есці з яго, адкрыюцца вочы вашы і будзеце, як багі, ведаць дабро і зло».
бо ведае Бог — таго дня, як з’ясцё з яго, расплюшчацца вочы вашыя і будзеце як багі, што ведаюць дабро і зло”.
Дык убачыла жанчына, што дрэва добрае для ежы і мілае вачам, і прывабнае ёсць дрэва для здабыцця ведаў; і сарвала [адзін] з пладоў яго, і з’ела, і дала таксама мужу свайму, і ён з’еў.
І ўбачыла жанчына, што дрэва прыдатнае для ежы, і вабіць вока, і зору неадхільнае. І ўзяла плод яго, і з’ела. Дала мужу свайму, што быў з ёю, і елі.
І адкрыліся вочы ў абодвух. І калі пазналі, што яны голыя, дык сплялі лісты фігавыя і зрабілі сабе перапаяскі.
І расплюшчыліся абаім вочы, і спазналі, што былі голыя. І сплялі лісце фігі, і зрабілі сабе апаяскі.
І калі пачулі голас Госпада Бога, Які хадзіў па раі апоўдні, схаваўся чалавек і жонка яго ад аблічча Госпада Бога сярод дрэў райскіх.
Калі пачулі голас Госпада Бога, які ішоў па раі вечарам, то схаваліся Ада́м і жонка яго ад аблічча Госпада Бога сярод дрэваў раю.
І паклікаў Госпад Бог чалавека і сказаў яму: «Дзе ты?»
І паклікаў Госпад Бог Ада́ма, і спытаўся: “Ада́ме, дзе ты?”
Ён кажа: «Пачуў голас Твой у раі і спалохаўся, таму што голы я, і схаваўся».
І адказаў яму той: “Голас Твой пачуў, калі ішоў Ты па раі, і забаяўся, бо голы, і схаваўся”.
І сказаў яму: «Хто ж табе паказаў, што ты голы, хіба што з дрэва, з якога Я забараніў табе есці, ты ўсё ж такі еў?»
І сказаў яму: “Хто апавёў табе, што ты голы? Ці не з’еў ты з таго адзінага дрэва, з якога Я загадаў табе не спажываць?”
І сказаў чалавек: «Жанчына, якую Ты мне даў, сама дала мне з дрэва, і я еў».
І сказаў Ада́м: “Жанчына, якую Ты даў для мяне, яна дала з дрэва, і я з’еў”.
Дык сказаў Госпад Бог жанчыне: «Што ты гэта зрабіла?» Яна сказала: «Змей звёў мяне, і я з’ела».
І сказаў Госпад Бог жанчыне: “Чаму гэта зрабіла?” І адказала жанчына: “Змей звёў мяне, і я з’ела”.
Тады кажа Госпад Бог змею: «За тое, што ты зрабіў гэта, пракляты будзеш між усіх жывёл і ўсіх звяроў палявых! На жываце сваім поўзаць будзеш і будзеш пыл есці ва ўсе дні жыцця свайго.
І сказаў Госпад Бог змею: “За тое, што зрабіў гэта, пракляты ты ад усіх свойскіх жывёлаў і ад усіх дзікіх звяроў: на грудзях тваіх і жываце будзеш поўзаць і зямлю будзеш спажываць ва ўсе дні твайго жыцця.
Пакладу варожасць між табой і жанчынай, і нашчадкамі тваімі і яе нашчадкам; ён сатрэ галаву тваю, а ты будзеш джаліць пяту яго».
І варожасць устанаўлю паміж табою і жанчынай, і паміж семем тваім, і семем яе.2 Яно будзе гнесці3 тваю галаву, а ты будзеш жмаць яго пяту”.
Жанчыне ж сказаў: «Памножу мучэнні твае ў родах тваіх: у пакутах будзеш нараджаць дзяцей, і да мужа твайго будзе пажада твая, ён жа будзе панаваць над табою».
І сказаў жанчыне: “Шматкроць памножу болі твае і енкі твае. У болях будзеш нараджаць дзяцей. У мужа твайго будзеш шукаць прыстанішча, а ён будзе апякаць цябе”.
Чалавеку вось што сказаў: «За тое, што ты паслухаў голасу жонкі сваёй і еў з дрэва, з якога Я табе забараніў есці, будзе праклятая зямля дзеля цябе. У цяжкай працы будзеш жывіцца з яе ва ўсе дні жыцця твайго.
Ада́му ж сказаў: “Раз паслухаўся жонкі тваёй і з’еў з таго адзінага дрэва, з якога запавёў табе не есці, праклятая зямля праз цябе, у маркоце будзеш спажываць з яе ўсе дні жыцця свайго.
Пустазелле і бадзякі будзе радзіць яна табе, і будзеш карміцца раслінамі зямлі.
Церні і быллё праросціць табе, і будзеш спажываць траву палявую.
У поце твару твайго будзеш есці хлеб, аж пакуль не вернешся ў зямлю, з якой ты ўзяты, бо ты пыл і ў пыл вернешся».
У поце з твару свайго будзеш спажываць хлеб свой, пакуль не вернешся ў зямлю, з якой ты ўзяты, бо ты прах і ў прах адыдзеш4”.
Чалавек даў імя сваёй жонцы Ева, таму што яна была маці ўсіх жывых.
І назваў Ада́м жонку сваю імем Жыццё,5 бо сталася маці ўсіх жывых.
І зрабіў Госпад Бог чалавеку, а таксама і жонцы яго адзенне са скуры і адзеў іх.
І зрабіў Госпад Бог Ада́му і жонцы яго скураную апратку,6 і адзеў іх.
Потым сказаў Госпад Бог: «Вось жа, чалавек стаўся, як адзін з Нас, што ведае дабро і зло. Дык цяпер хай не выцягне рукі сваёй і не возьме таксама плода з дрэва жыцця, не з’есць яго і не будзе жыць вечна».
І сказаў Бог: “Вось, Ада́м стаў як адзін з нас, спазнае дабро і зло. Каб жа цяпер не працягнуў рукі, і не ўзяў з Дрэва Жыцця, і не з’еў бы, то жыў бы вечна”.
Выдаліў яго Госпад Бог з раю Эдэн, каб абрабляў ён зямлю, з якой быў узяты.
І выгнаў Госпад Бог яго з раю дабротаў абрабляць зямлю, з якой узяты.
І выгнаў чалавека, і паставіў перад раем Эдэн херубіна з агністым мечам, які верціцца, каб сцерагчы дарогу да дрэва жыцця.
І зрынуў Ада́ма, і пасяліў яго наўпроці раю дабротаў. Паставіў Херубі́маў7 і вогненны меч, што абарочваецца так, каб вартаваць шлях да Дрэва Жыцця.