1 Змей1 жа быў найбольш кемлівы за ўсіх жывых істотаў на зямлі, якіх стварыў Госпад Бог. І сказаў змей жанчыне: “Дык што мовіў Бог, не скаштуеце з дрэва кожнага ў раі?”
2 І адказала жанчына змею: “З усялякага дрэва райскага можам есці,
3 ад плода ж дрэва, што ў сярэдзіне раю, мовіў Бог, — не ешце ад яго і не датыкайцеся да яго, каб не памерці”.
4 І сказаў змей жанчыне: “Не памрацё,
5 бо ведае Бог — таго дня, як з’ясцё з яго, расплюшчацца вочы вашыя і будзеце як багі, што ведаюць дабро і зло”.
6 І ўбачыла жанчына, што дрэва прыдатнае для ежы, і вабіць вока, і зору неадхільнае. І ўзяла плод яго, і з’ела. Дала мужу свайму, што быў з ёю, і елі.
7 І расплюшчыліся абаім вочы, і спазналі, што былі голыя. І сплялі лісце фігі, і зрабілі сабе апаяскі.
8 Калі пачулі голас Госпада Бога, які ішоў па раі вечарам, то схаваліся Ада́м і жонка яго ад аблічча Госпада Бога сярод дрэваў раю.
9 І паклікаў Госпад Бог Ада́ма, і спытаўся: “Ада́ме, дзе ты?”
10 І адказаў яму той: “Голас Твой пачуў, калі ішоў Ты па раі, і забаяўся, бо голы, і схаваўся”.
11 І сказаў яму: “Хто апавёў табе, што ты голы? Ці не з’еў ты з таго адзінага дрэва, з якога Я загадаў табе не спажываць?”
12 І сказаў Ада́м: “Жанчына, якую Ты даў для мяне, яна дала з дрэва, і я з’еў”.
13 І сказаў Госпад Бог жанчыне: “Чаму гэта зрабіла?” І адказала жанчына: “Змей звёў мяне, і я з’ела”.
14 І сказаў Госпад Бог змею: “За тое, што зрабіў гэта, пракляты ты ад усіх свойскіх жывёлаў і ад усіх дзікіх звяроў: на грудзях тваіх і жываце будзеш поўзаць і зямлю будзеш спажываць ва ўсе дні твайго жыцця.
15 І варожасць устанаўлю паміж табою і жанчынай, і паміж семем тваім, і семем яе.2 Яно будзе гнесці3 тваю галаву, а ты будзеш жмаць яго пяту”.
16 І сказаў жанчыне: “Шматкроць памножу болі твае і енкі твае. У болях будзеш нараджаць дзяцей. У мужа твайго будзеш шукаць прыстанішча, а ён будзе апякаць цябе”.
17 Ада́му ж сказаў: “Раз паслухаўся жонкі тваёй і з’еў з таго адзінага дрэва, з якога запавёў табе не есці, праклятая зямля праз цябе, у маркоце будзеш спажываць з яе ўсе дні жыцця свайго.
18 Церні і быллё праросціць табе, і будзеш спажываць траву палявую.
19 У поце з твару свайго будзеш спажываць хлеб свой, пакуль не вернешся ў зямлю, з якой ты ўзяты, бо ты прах і ў прах адыдзеш4”.
20 І назваў Ада́м жонку сваю імем Жыццё,5 бо сталася маці ўсіх жывых.
21 І зрабіў Госпад Бог Ада́му і жонцы яго скураную апратку,6 і адзеў іх.
22 І сказаў Бог: “Вось, Ада́м стаў як адзін з нас, спазнае дабро і зло. Каб жа цяпер не працягнуў рукі, і не ўзяў з Дрэва Жыцця, і не з’еў бы, то жыў бы вечна”.
23 І выгнаў Госпад Бог яго з раю дабротаў абрабляць зямлю, з якой узяты.
24 І зрынуў Ада́ма, і пасяліў яго наўпроці раю дабротаў. Паставіў Херубі́маў7 і вогненны меч, што абарочваецца так, каб вартаваць шлях да Дрэва Жыцця.

Каментары ці зноскі:

1 1: У алегарычных інтэрпрэтацыях Бібліі змей азначае злога духа, шатана.
15 2: У хрысціянскай інтэрпрэтацыі тут гаворка ідзе пра Багародзіцу, Яе ж нашчадак — Ісус Хрыстос, пераможца шатана, зла і смерці.
15 3: Грэц. τηρέω (зберагаць) у форме дзеяслова будучага часу, падвойна ўжытага ў дадзеным вершы, тут перакладзена праз дзеясловы “гнесці” і “жмаць” (грэц. τείρω), бо на меркаванне крытыкаў тэксту, грэцкія дзеясловы былі амыльна заменены ў рукапісах Септуагінты з прычыны фанетычнага падабенства.
19 4: Гл. 2:7.
20 5: У арыгінальнай версіі тут падаецца імя ўласнае Э́ва (гбр. חַוָּה), якое азначае “Маці ўсіх, хто жыве”, Септуагінта падае ў гэтым месцы Ζωή, што азначае Жыццё.
21 6: Грэц. χιτών, слова з грэцкай культуры, ужытае ў Септуагінце, азначае палатно, якое ўскладалася непасрэдна на голае цела.
24 7: Назва адных з родаў анёлаў, якія служаць Богу.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Роду, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016