1 Паклікаў Ісаа́к Яку́ба, дабрасловіў яго і наказаў яму, прамовіўшы: “Не бяры жонкі сабе з дачок Ханаа́на.
2 Збярыся, ідзі ў Месапата́мію, у дом Батуэ́ля, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе адтуль жонку з дачок Ла́бана, брата маці тваёй.
3 Мой жа Бог няхай дабрасловіць цябе, і павялічыць цябе, і памножыць цябе, і станешся зборам народаў.
4 І адорыць цябе дабраслоўленнем Абрага́ма, бацькі майго, цябе і нашчадкаў тваіх пасля цябе, каб успадкавалі зямлю тулянняў тваіх, якую Бог даў Абрага́му”.
5 І выправіў Ісаа́к Яку́ба, і накіраваўся ён у Месапата́мію да Ла́бана, сына Батуэ́ля сіры́йца, брата Рэбе́кі, маці Яку́ба і Эса́ва.
6 Убачыў жа Эса́ў, што дабрасловіў Ісаа́к Яку́ба і выправіў у Месапата́мію сіры́йскую ўзяць сабе адтуль жонку, дабрасловіў яго і наказаў яму: “Не бяры жонкі сабе з дачок Ханаа́на“,
7 і паслухаўся Яку́б бацькі і маці сваёй, і накіраваўся ў Месапата́мію сіры́йскую,
8 і даведаўся Эса́ў, што агідныя дочкі Ханаа́на Ісаа́ку, бацьку яго,
9 дык падаўся Эса́ў да Ісмаэ́ля і ўзяў Маяле́т, дачку Ісмаэ́ля, сына Абрага́ма, сястру Набаёта, апрача сваіх жонак, сабе за жонку.
10 І выправіўся Яку́б ад калодзежа Зароку, і рушыў у Хара́н,
11 і прыйшоў у пэўнае месца, і спыніўся там начаваць, бо зайшло сонца, і ўзяў адзін камень з таго месца, і падклаў пад галаву сваю, і заснуў на тым месцы.
12 І ўбачыў ён ува сне: вось лесвіца пастаўленая на зямлю, якой верхавіна сягае неба, і анёлы Божыя ўзыходзяць і сыходзяць па ёй.
13 Госпад жа стаў на ёй і прамовіў: “Я Госпад, Бог Абрага́ма, бацькі твайго, і Бог Ісаа́ка. Не бойся. Зямлю, на якой ты спіш, дам табе і нашчадкам тваім.
14 І будуць нашчадкі твае як пясчынкі зямныя, і пашырышся да мора,1 і на паўднёвы захад, і на поўнач, і на ўсход, і дабрасловяцца праз цябе і нашчадкаў тваіх усе народы зямныя.
15 Вось, Я буду з табою, каб засцерагчы цябе на кожнай дарозе, якой толькі пойдзеш, і павярну цябе адусюль у зямлю гэтую, і не пакіну цябе, пакуль не зраблю Я ўсяго, пра што сказаў табе”.
16 І абудзіўся Яку́б ад сну, і сказаў: “Прысутны Госпад у гэтым месцы, я ж не ведаў”.
17 І спужаўся, і сказаў: “Якое вусцішнае месца гэтае, не што іншае, як дом Бога і брама нябёсная”.
18 І падняўся Яку́б зранку, і ўзяў камень, які падклаў пад галаву, і паставіў яго стаўпом, і выліў алей на макавіну яго.
19 І назваў Яку́б мясцовасць тую Дом Бога,2 перш імя места таго было Уламлу́с.
20 І склаў Яку́б зарок, кажучы: “Калі будзе Госпад Бог са мною, і засцеражэ мяне на дарозе гэтай, якой я іду, і падасць мне хлеб з’есці і плашч, каб ахінуцца,
21 і паверне мяне ў бяспецы ў дом бацькі майго, і будзе Госпад назаўжды маім Богам,
22 тады камень гэты, што паставіў стаўпом, станецца для мяне Домам Бога, а з усяго, што-кольвечы Ён дасць мне, аддам дзесяціну Яму”.

Каментары ці зноскі:

14 1: Выраз “да (у кірунку) мора” ў Бібліі з’яўляецца трывалым акрэсленнем заходняга напрамку.
19 2: Маецца на ўвазе Бэтэ́ль (гл. 12:8), адно з галоўных местаў Старажытнага Ізра́эля, у якім каля 930 г. да Н.Х. знаходзіўся ізраільскі храм і які складаў канкурэнцыю Ерусалі́мскай святыні.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Роду, 28 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016