1 І пражыла Са́рра сто дваццаць сем гадоў.
2 І памерла Са́рра ў паселішчы Арбок,1 якое знаходзілася ў даліне Хеброн, у зямлі Ханаа́нскай. І прыйшоў Абрага́м аплакваць Са́рру, і смуткаваў.
3 І ўзняўся Абрага́м ад нябожчыцы сваёй, і прамовіў сынам Хе́та,2 кажучы:
4 “Прыхадзень і перасяленец я ў вас, дык дайце мне на ўласнасць магільню сярод вас, і пахаваю я нябожчыцу сваю”.
5 Адказалі ж сыны Хе́тавыя, гаворачы да Абрага́ма:
6 “Не, гаспадару. Пачуй жа нас. Валадар ад Бога ты сярод нас, у магільнях нашых вяльможных пахавай нябожчыцу тваю. Бо ніхто з нас не перашкодзіць табе, каб пахаваць нябожчыцу тваю там”.
7 Устаўшы, Абрага́м пакланіўся народу краіны, сынам Хе́тавым,
8 і сказаў ім Абрага́м, мовячы: “Калі ж згодныя вы, каб пахаваў нябожчыцу маю ад аблічча майго, паслухайце мяне і скажыце пра мяне Эфрону Са́араваму,
9 і няхай дасць мне пячору падвойную, што належыць яму, у межах дзялкі зямлі яго. За вартасць срэбра аддасць мне яе перад вамі ў валоданне магільняю”.
10 Эфрон жа сядзеў спасярод сыноў Хе́та. Адказваючы ж, Эфрон хетэ́й прамовіў да Абрага́ма кажучы, пры сынах Хе́тавых, якія слухалі, і ўсіх, хто ўваходзіў у места:3
11 “Няхай будзе па-мойму, гаспадару, і паслухай мяне. Дзялку зямлі і пячору ў ёй табе аддаю. Перад абліччам усіх суайчыннікаў я перадаю табе. Пахавай нябожчыцу тваю”.
12 І пакланіўся Абрага́м перад абліччам народа краіны,
13 і сказаў Эфрону, уголас народу зямлі: “Паколькі ты са мною, пачуй мяне. Срэбра за дзялку зямлі вазьмі ад мяне, і пахаваю нябожчыцу туды”.
14 Адказаў жа Эфрон Абрага́му, кажучы:
15 “Не гаспадару, чуў, зямля — чатырыста дыдрахмаў срэбра, для мяне і для цябе — што гэта? Ты ж нябожчыцу сваю пахавай”.
16 І паслухаў Абрага́м Эфрона, і даў Абрага́м Эфрону срэбра, пра якое сказаў уголас сынам Хе́тавым, чатырыста дыдрахмаў срэбра, узятага ад гандляроў.
17 І сталася дзялка зямлі Эфронавай, якая ўваходзіла ў падвойную пячору, што насупраць Ма́мбры, поле і пячора, якая на ім, і ўсялякае дрэва, якое было на полі, і ўсё, што было ў яго межах наўкола,
18 Абрага́му на валоданне перад абліччам сыноў Хе́тавых і кожнага, хто ўваходзіў у места.4
19 Пасля гэтага пахаваў Абрага́м Са́рру, жонку сваю, у падвойнай пячоры на полі, што насупраць Ма́мбры,5 той, што Хеброн, на зямлі Ханаа́нскай.
20 Так замацавалася дзялка зямлі і пячора на ёй Абрага́му на валоданне магільні сыноў Хе́тавых.
Каментары ці зноскі:
2 1: Назва “Паселішча Арбок” у Септуагінце — частковы пераклад гбр. уласнай назвы Кірыя́т Арба́, гбр. אַרְבַּע קִרְיַת, літ. “паселішча (места) чатырох. Пазнейшая назва места — Хеброн (гбр., חֶבְרוֹן, Гэброн), яно знаходзілася ў Юдэі, 31 км на поўдзень ад Ерусалі́ма.
3 2: “Сыны Хе́тавыя” — хутчэй за ўсё, гэта хе́ты, якія ў XVII ст. да Н.Х. утварылі магутную імперыю, куды ўвайшла паўночная Месапата́мія, Сі́рыя і Палесты́на.
10 3: Пар. 19:1.
18 4: Хеброн.
19 5: Гэтае поле знаходзілася за 3 км ад Хеброна
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 23 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016
