1 Дазнаўся ж Яку́б, што ў Егі́пце ідзе гандаль, і сказаў сынам сваім: “Што вы марудзіце?
2 Вось, пачуў, што пшаніца ёсць у Егі́пце, ідзіце туды і прыдбайце трошкі хлеба, каб перажыць нам і не памерці”.
3 Пайшлі дзесяць братоў Язэ́па, каб набыць пшаніцы ў Егі́пце.
4 Беніямі́н жа, брат Язэ́па, не выправіўся з яго братамі, бо казаў [Яку́б]: “Каб не напаткала яго хвароба”.
5 Прыйшлі ж сыны Ізраэ́ля купляць з іншымі прышлымі, бо быў голад у зямлі Ханаа́н.
6 Язэ́п жа быў распараднікам зямлі, тым, хто гандлюе з усімі насельнікамі краіны. Прыйшоўшы ж, браты Язэ́па пакланіліся яму да зямлі.
7 Зірнуўшы, Язэ́п пазнаў братоў сваіх, і адчужыўся ад іх, і размаўляў з імі жорстка, і спытаўся ў іх: “Адкуль прыйшлі?” Адказалі: “З зямлі Ханаа́н, набыць хлеба”.
8 Пазнаў жа Язэ́п братоў сваіх, аднак яны не пазналі яго.
9 І ўзгадаў Язэ́п сны, што ён бачыў, і абвясціў: “Выведнікі вы, дазнацца сляды мясцовасці прыйшлі”.
10 Яны ж адказалі: “Не, гаспадару, мы слугі твае, прыйшлі набыць хлеба.
11 Мы ўсе сыны аднаго мужа, ціхамірлівыя, слугі твае, не выведнікі”.
12 Сказаў жа ім: “Не, але сляды мясцовасці прыйшлі дазнацца”.
13 Яны ж адказалі: “Дванаццаць нас, слугі мы твае, браты ў зямлі Ханаа́н, дык вось, малодшы з бацькам нашым цяпер, а аднаго не стала”.
14 Сказаў жа ім Язэ́п: “Так і ёсць, як я казаў вам, даводзячы, што вы выведнікі.
15 Гэтым вы выкрыліся. Клянуся дабрабытам фараона, не выйсці вам адсюль, пакуль брат ваш малодшы не прыйдзе сюды.
16 Пашліце аднаго з вас і прывядзіце брата вашага, вас жа затрымаюць да часу, пакуль не спраўдзяцца словы вашыя — кажаце праўду альбо не. Калі ж не, то клянуся дабрабытам фараона, вы сапраўды выведнікі”.
17 І пасадзіў іх пад варту на тры дні.
18 Паведаміў ім у трэці дзень: “Зробіце так — і будзеце жыць, таму што я баюся Бога.
19 Калі ж вы ціхамірлівыя, то адзін ваш брат будзе затрыманы пад вартай, самі ж рушце і завязіце набытае зерне вашае.
20 І брата вашага малодшага прывядзіце да мяне, тады паверу словам вашым, а калі не, то памрэце. Учыніце ж так”.
21 І мовіў кожны да брата свайго: “Аджа вінаватыя мы перад братам нашым, бо пагардзілі болем душы яго, калі звязалі яго і не паслухалі яго. Праз тое налучыла нас нядоля гэтая”.
22 Адказваючы ж, Рубэ́н дакараў іх: “Ці ж не папярэджваў вас, кажучы: не крыўдзіце дзіцяці, дык не паслухалі мяне, таму кроў яго спаганяецца”.
23 Яны ж не ведалі, што чуе Язэ́п, бо тлумач быў пры іх.
24 Адвярнуўшыся ж ад іх, Язэ́п заплакаў.
І зноўку наблізіўся да іх ды загаварыў з імі. Потым выхапіў Сямёна ад іх і звязаў яго перад імі.
І зноўку наблізіўся да іх ды загаварыў з імі. Потым выхапіў Сямёна ад іх і звязаў яго перад імі.
25 Загадаў жа Язэ́п напоўніць пасудзіны іхнія пшаніцаю, і вярнуць срэбра1 кожнаму ў торбу іх, і выдаць падмацунак у дарогу. І было зроблена ім так.
26 І, паўскладаўшы пшаніцу на аслоў сваіх, сышлі прэч.
27 Развязаў жа адзін торбу сваю, каб даць ежы аслам сваім, што спыніліся, убачыў жменю срэбра свайго, што было ў гарлавіне торбы.
28 І апавесціў братам сваім: “Вярнулі мне срэбра, вось, яно ў торбе маёй”. І здрыганулася сэрца іхняе, і скалануліся, адзін да другога кажучы: “Што гэта нам зрабіў Бог?”
29 Прыйшлі ж да Яку́ба, бацькі іхняга, у зямлю Ханаа́н, і апавялі яму ўсё, што здарылася з імі, кажучы:
30 “Прамаўляў чалавек да нас, той, што гаспадар краіны, лютыя словы, і змясціў нас у вязніцу, нібы зламыснікаў зямлі.
31 Пераконвалі ж яго: ціхамірлівыя мы, не выведнікі мы,
32 нас дванаццаць братоў, сыноў бацькі нашага. Аднаго няма, а малодшы з бацькам нашым цяпер у зямлі Ханаа́н.
33 Сказаў жа нам чалавек, гаспадар краіны: праз тое даведаюся, што вы ціхамірлівыя, калі брата аднаго пакінеце тут са мною, а ўзяўшы набытае зерне вашае, пойдзеце дадому.
34 І прывядзіце да мяне брата вашага малодшага, і тады даведаюся, што вы не выведнікі, тады вызвалю вам брата вашага, і зможаце гандляваць па ўсёй краіне”.
35 Было ж, як высыпалі торбы свае, то выявілася ў кожнага жменя срэбра ў торбе яго. І пабачылі жмені срэбра свайго, яны і бацька іх, і спалохаліся.
36 Сказаў жа ім Яку́б, бацька іх: “Абяздзецілі вы мяне! Няма Яку́ба, няма Сямёна, і Беніямі́на забераце. Супраць мяне ўсё гэта дзеецца”.
37 Сказаў жа Рубэ́н бацьку свайму, заклікаючы: “Абодвух маіх сыноў забі, калі не прывяду яго да цябе. Аддай яго ў рукі мае, і вярну яго табе”.
38 Ён жа казаў: “Не пойдзе сын мой з вамі, бо яго брат памёр і застаўся ён адзіны. Калі здарыцца яму захварэць па дарозе, якою будзеце ісці, то зрынеце маю старасць праз смутак у апраметную”.
Каментары ці зноскі:
25 1: Срэбра складала плату за набытае збожжа.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 42 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016