1 І быў Абрага́м стары, многіх гадоў, і Госпад дабрасловіў Абрага́му ва ўсім.
2 І сказаў Абрага́м старэйшаму слугу свайму, распарадніку дома свайго, усяго ягонага: “Пакладзі руку пад сцягно маё,1
3 і заклікаю цябе Госпадам Богам неба і Богам зямлі, каб не ўзяў жонкі сыну майму Ісаа́ку з дачок ханане́йскіх, сярод якіх я пасяліўся,
4 але ў зямлю маю, дзе нарадзіўся, і ў племя маё пойдзеш, і возьмеш жонку сыну майму Ісаа́ку адтуль”.
5 Адказаў яму слуга: “Калі ж не пажадае жанчына пайсці ўслед за мною ў зямлю гэтую, ці ж вярнуць сына твайго туды, адкуль ты выйшаў?”
6 Сказаў жа да яго Абрага́м: “Пільнуйся, не вяртай сына майго туды.
7 Госпад Бог неба і Бог зямлі, які ўзяў мяне з дому бацькі майго і з зямлі, дзе нарадзіўся, які гаварыў мне і кляўся мне, кажучы: табе дам зямлю гэтую і семю твайму, пашле анёла свайго перад табою, і ты возьмеш адтуль жонку сыну майму Ісаа́ку.
8 Калі ж не захоча жанчына пайсці з табою ў зямлю гэтую, вольны будзеш ад абяцання гэтага, толькі сына майго не вяртай туды”.
9 І паклаў слуга руку сваю пад сцягно Абрага́ма, гаспадара свайго, і прысягнуў яму аб слове гэтым.
10 І ўзяў слуга дзесяць вярблюдзіцаў з вярблюдаў гаспадара свайго, і з усіх дабротаў гаспадара свайго з сабою, і, устаўшы, пайшоў у Месапата́мію, у места Нахор.2
11 І прыпыніў вярблюдзіцаў блізу места ля калодзежа вады позна вечарам, у той час, калі прыходзяць начэрпаць вады.
12 І сказаў: “Госпадзе Божа гаспадара майго Абрага́ма, ашчасліў мяне сёння і зрабі ласку гаспадару майму Абрага́му.
13 Вось я стаў ля крыніцы вады, а дочкі жыхароў места выходзяць начэрпаць вады,
14 і будзе: калі маладзіца, якой я скажу: нахілі пасудзіну тваю, каб я напіўся, — скажа мне: пі, і вярблюдзіцаў тваіх напаю, пакуль не натоляцца, — гэтую прыгатаваў слугу свайму Ісаа́ку, і праз гэта даведаюся, што зрабіў міласэрнасць гаспадару майму Абрага́му”.
15 І было: перш чым завяршыў ён прамаўляць у думках, вось, Рэбе́ка выходзіць, народжаная Батуэ́лем, сынам Ме́лхі, жонкі Нахора, брата Абрага́ма, трымаючы пасудзіну на плячах яе.
16 Маладзіца ж была вельмі прывабная наўзрок, нявінніца, што была мужам не спазнаная. Сышоўшы да крыніцы, напоўніла пасудзіну і паднялася.
17 Скіраваўся ж слуга ёй насустрач і сказаў: “Напаі мяне кропляй вады з пасудзіны тваёй”.
18 Сказала ж: “Пі, гаспадару”, — і завіхалася апусціць пасудзіну з пляча свайго, і паіла яго,
19 пакуль не наталіўся. І сказала: “І вярблюдзіцам тваім начэрпаю, столькі, пакуль усе не нап’юцца”.
20 І завіхалася выпаражніць пасудзіну ў паілку, і зноў пабегла да калодзежа зачарпнуць вады, і дала піць усім вярблюдзіцам.
21 Чалавек жа аглядаў яе моўчкі, спазнаючы, ці ж ашчаслівіў Госпад дарогу яго, ці не.
22 Было ж, калі вярблюдзіцы наталіліся, узяў чалавек завушніцы залатыя вагою з драхму3 і два бранзалеты на рукі вагою з дзесяць залатых.4
23 І запытаўся ў яе, і казаў: “Чыя ты дачка? Скажы мне, ці ёсць у бацькі твайго месца застацца нам на адпачынак?”
24 І адказала яму: “Дачка Батуэ́ля я, сына Ме́лхі, якога нарадзіла Нахору”.
25 І сказала яму: “І саломы, і ежы шмат у нас, і месца спыніцца”.
26 І задаволены, чалавек пакланіўся Госпаду,
27 і сказаў: “Дабраслоўлены Госпад Бог гаспадара майго Абрага́ма, які не абдзяліў справядлівасцю сваёю і праўдай гаспадара майго, мяне ашчаслівіў Госпад у доме брата гаспадара майго”.
28 І пабегла маладзіца ў дом маці сваёй па слове гэтым.
29 У Рэбе́кі ж быў брат, імя якога Ла́бан, і пабег Ла́бан да чалавека знадворку ля крыніцы.
30 І сталася, калі ўбачыў завушніцы і бранзалеты на руках сястры сваёй і калі пачуў словы Рэбе́кі, сястры сваёй, якая казала: так гаварыў мне чалавек, — то прыйшоў да чалавека, які стаяў з вярблюдамі ля крыніцы,
31 і сказаў яму: “Увайдзі сюды, дабраслоўлены Госпадам! Чаму стаіш знадворку? Я ж падрыхтаваў дом і месца вярблюдам”.
32 Увайшоў жа чалавек у дом, і раскрыў5 яму вярблюдаў, і даў саломы і ежы вярблюдам, і ваду абмыць ногі яму і ногі мужам, што з ім.
33 І паднёс хлеб з’есці. І той сказаў: не з’ем, пакуль не скажу слова майго. І мовілі: “Кажы”.
34 І апавядаў: “Слуга Абрага́ма я.
35 Госпад жа дабрасловіў гаспадара майго шчодра, і ўзвысіўся, і даў яму авечак і цялятаў, срэбра і золата, слугаў і прыслужніцаў, вярблюдаў і аслоў.
36 І нарадзіла Са́рра, жонка гаспадара майго, аднаго сына гаспадару майму, як састарэла яна, і ён аддаў яму ўсё, што было ў яго.
37 І запавёў мне гаспадар мой, кажучы: не бяры жонкі сыну майму з дачок ханане́йскіх, сярод якіх я жыву ў зямлі іх,
38 але ў дом бацькі майго пойдзеш хутчэй, і ў племя маё, і возьмеш жонку сыну майму адтуль.
39 Сказаў жа гаспадару майму: калі не пойдзе жанчына са мною?
40 І сказаў мне: Госпад, якому дагаджаў перад абліччам Яго, Ён пашле анёла свайго перад табою, і ашчаслівіцца дарога твая, і возьмеш жонку сыну майму з племені майго і з дому бацькі майго.
41 Тады нявінным станешся ад запавяданага мной, калі прыйдзеш у племя маё і не дадуць табе, то станешся вольным ад запавяданага мной.
42 І, прыйшоўшы сёння да крыніцы, сказаў: Госпадзе Божа гаспадара майго Абрага́ма, калі Ты ашчасліўліваеш шлях мой, якім цяпер кіруюся,
43 вось я стану ля крыніцы вады, дочкі жыхароў места выходзяць начэрпаць вады, і будзе — маладзіца, якой я скажу: напаі мяне кропляй вады з пасудзіны тваёй,
44 — скажа мне: пі, і вярблюдзіцаў тваіх напаю, пакуль не натоляцца, — гэта жонка, якую падрыхтаваў Госпад слугу свайму Ісаа́ку, і праз гэта спазнаю, што зрабіў міласэрнасць гаспадару майму Абрага́му.
45 І было: перш чым завяршыў я прамаўляць у думках, адразу Рэбе́ка выйшла, трымаючы пасудзіну на плячах сваіх, сышла да крыніцы і зачарпнула. Сказаў жа ёй: напаі мяне.
46 І завіхаючыся, апусціла пасудзіну з сябе і сказала: напіся ты, і вярблюдзіцаў тваіх напаю. І напіўся, і вярблюдзіцаў напаіла.
47 І спытаўся яе, і сказаў: чыя ты дачка? Гаварыла ж: дачка Батуэ́ля, сына Нахора, якога нарадзіла Ме́лха. І надзеў завушніцы ёй і бранзалеты на рукі яе.
48 І ашчаслівіўшыся, пакланіўся Госпаду, і дабрасловіў Госпада, Бога гаспадара майго Абрага́ма, які ашчаслівіў мяне на шляху праведным, -узяць дачку брата гаспадара майго сыну яго.
49 Дык ці зробіце вы міласэрнасць і справядлівасць гаспадару майму, апавясціце мне, калі ж не, апавясціце мне, каб павярнуўся управа ці ўлева”.
50 Адказалі жа Ла́бан і Батуэ́ль, кажучы: “Ад Госпада выйшаў наказ гэты, дык не можам табе пярэчыць, благое ці добрае.
51 Вось Рэбе́ка перад табою, узяўшы, зыходзь, і няхай будзе жонкаю сыну гаспадара твайго, як сказаў Госпад”.
52 Было ж, калі пачуў слуга Абрага́ма словы гэтыя, пакланіўся да зямлі Госпаду.
53 І паднёс слуга вырабы срэбныя і залатыя, і шаты даў Рэбе́цы, і прынашэнні даў брату яе і маці яе.
54 І з’елі, і выпілі яны, і мужы, што з ім былі, і ночылі.
Устаўшы на досвітку, сказаў: выпраўце мяне, каб пайшоў да гаспадара майго.
Устаўшы на досвітку, сказаў: выпраўце мяне, каб пайшоў да гаспадара майго.
55 Сказалі ж браты яе і маці: “Застанецца маладзіца з намі каля дзесяці дзён і пасля гэтага адыдзе”.
56 Сказаў жа да іх: “Не стрымлівайце мяне, і Госпад ашчаслівіць шлях мой, выпраўце мяне, каб адышоў да гаспадара майго”.
57 Сказалі ж: “Паклічам дзяўчыну і спытаемся з вуснаў яе”.
58 І паклікалі Рэбе́ку, і спыталіся ў яе: “Пойдзеш з чалавекам гэтым?”, — адказала: “Пайду”.
59 І выправілі Рэбе́ку, сястру сваю, і набыткі яе, і слугу Абрага́ма, і хто быў з ім.
60 І дабрасловілі Рэбе́ку, сястру іхнюю, і сказалі ёй: “Ты сястра нашая, няхай народзяцца ад цябе тысячы, дзясяткі тысячаў, і ўспадкуюць нашчадкі твае месты ворагаў”.
61 Сабраўшыся ж, Рэбе́ка і прыслужніцы яе селі на вярблюдзіцаў і накіраваліся за чалавекам, і слуга, што забраў Рэбе́ку, пайшоў.
62 Ісаа́к жа вандраваў пустэльняю ў ваколіцах калодзежа З’яўлення,6 ён жа пасяліўся ў паўднёва-заходняй зямлі.
63 І выйшаў Ісаа́к паразважаць на поле пад вечар, і глянуўшы вачыма, убачыў вярблюдзіцаў, якія набліжаліся.
64 І, узняўшы вочы, Рэбе́ка ўбачыла Ісаа́ка, і саскочыла з вярблюдзіцы,
65 і сказала слугу: “Хто гэты чалавек, які ідзе па полі нам насустрач?” Адказаў слуга: “Гэта гаспадар мой”. Узяўшы ж покрыва, захінулася.
66 І апавёў слуга Ісаа́ку ўсё словамі, што зрабіў.
67 Увайшоў жа Ісаа́к у дом маці сваёй, і ўзяў Рэбе́ку, і сталася яна жонкаю, і пакахаў яе, і суцешыўся Ісаа́к па Са́рры, маці сваёй.
Каментары ці зноскі:
2 1: Тут узгадваецца малавядомая для нас традыцыя, які адносіўся да ўрачыстага абяцання (прысягі). Тое самае з прысяганнем выкарыстана таксама ў 47:29.
10 2: Знаходзілася ў верхняй Месапата́міі, іншая назва — Ара́м.
22 3: Тут ужыты анахранізм. Драхма — асноўная распаўсюджаная старажытнагрэцкая манетная адзінка (грэц. δραχμή; ад асірыйскага “дараг-мана” — шасцідзясятая міны; іншая версія этымалогіі — ад “схопленых рукой”), а таксама адзінка вымярэння масы, першапачаткова складалася са злітка срэбра вагой 1/60 міны. У залежнасці ад месца чаканкі драхма мела розную вагу: атычная драхма — 4,35 грама срэбра, эгінская — 6,3 грама. У розны час вага манеты і яе кошт вагаліся.
22 4: Маецца на ўвазе вага золата, акрэсленая шэкелем. Шэкель (корань слова — שֶׁקֶל — мае значэнне “вага”). Згадка пра шэкель як меру вагі ўзыходзіць да другога тысячагоддзя да Н.Х., шумеры выкарыстоўвалі за эталон вагі масу аднаго зерня пшаніцы (0,046 г) — “шэ” або “шэвум” (літ. “зерне”), 180 шэ складалі шэкель (8,28 г). Шэкель як меру вагі выкарыстоўвалі гебраі, маавіцяне, эдаміцяне, фінікійцы і іншыя народы.
32 5: Дзеяслоў ἀποσάττω, перакладзены як “раскрываць”, апісвае вызваленне вярблюдаў ад збруі і паклады.
62 6: Пар. 16:14.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 24 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016
