1 І вырушыў адтуль Абрага́м на паўднёвы захад, і засяліўся ў зямлі паміж Кадэ́сам і Су́рам, і жыў у Ге́рары.
2 Сказаў жа Абрага́м пра Са́рру, жонку сваю, каб сястрой яго назвалася, бо забаяўся прызнацца, што жонка яго, каб не забілі яго мужы з паселішча праз яе. Паслаў жа Абіме́лех, валадар Ге́рарскі, сватоў і забраў Са́рру.
3 І ўвайшоў Бог да Абіме́леха ў сне ноччу, і абвесціў: “Вось, загінеш ты праз жанчыну, якую забраў, бо жыла яна разам з мужам”.
4 Абіме́лех жа не крануў яе, таму сказаў: “Госпадзе, ці загубіш народ неабазнаны, але праведны?
5 Ці не ён мне сказаў: яна сястра мая? І яна мне сказала: ён мне за брата. З чыстым сэрцам зрабіў гэта, захоўваючы справядлівасць на руках маіх1”.
6 Сказаў жа яму Бог у сне: “Я ведаю, што з чыстым сэрцам учыніў гэта. Таму злітаваўся над табою, каб не зграшыў ты перада Мною, дзеля гэтага не дапусціў табе яе крануцца.
7 Цяпер жа аддай жанчыну мужу, бо ён прарок, і памоліцца за цябе, і будзеш жыць. Калі ж не аддасі, ведай, што памрэш ты і ўсе твае”.
8 І ўстаў на досвецці Абіме́лех, і паклікаў усіх слугаў сваіх, і пераказаў усе словы гэтыя ў вушы іхнія — усе мужы вельмі перапалохаліся.
9 І паклікаў Абіме́лех Абрага́ма, і дакараў яго: “Навошта так зрабіў нам? У чым правініліся перад табою, што спрабаваў навесці на мяне і на валадарства маё такі вялікі грэх? Ты ўчыніў мне так, як ніхто не ўчыніў бы”.
10 Спытаў Абіме́лех Абрага́ма: “Што задумаўшы, зрабіў гэта?”
11 Адказаў Абрага́м: “Дык жа думаў, што няма страху Божага ў паселішчы гэтым, каб не забілі мяне дзеля жонкі маёй”.
12 Бо і сапраўды яна сястра мая праз бацьку, але не праз маці, стала мне жонкаю.
13 Надарылася ж, калі вывеў мяне Бог з дому бацькі майго, я сказаў ёй: зрабі мне дабро, згодна з правам — у кожнай мясцовасці, куды толькі ўвойдзем, скажы пра мяне, што я твой брат”.
14 Узяў жа Абіме́лех тысячу дыдрахмаў,2 авечак і цялят, слугаў і прыслужніцаў, і даў Абрага́му, і вярнуў Са́рру, жонку яго.
15 І сказаў Абіме́лех Абрага́му: “Вось, зямля мая перад абліччам тваім, дзе толькі жадаеш, пасяліся”.
16 Са́рры ж сказаў: “Вось, даў тысячу дыдрахмаў брату твайму, няхай гэта будзе вынагародай табе і ўсім, хто з табою, ва ўсім трымайся праўды”.
17 Памаліўся ж Абрага́м да Бога — і ацаліў Бог Абіме́леха, і жонку яго, і яго прыслужніцаў, і пачалі нараджаць.
18 Госпад быў замкнуў кожнае ўлонне ў доме Абіме́леха праз Са́рру, жонку Абрага́ма.
Каментары ці зноскі:
5 1: Вобразнае акрэсленне праведнасці ўчынкаў чалавека.
14 2: У тэксце Септуагінты ўжыты анахранізм, грэц. δίδραχμον, срэбная грэцкая манета, якая належала да пазнейшай па часе манетарнай сістэмы. Тысяча дыдрахмаў адпавядала 11,42 кг срэбра альбо золата.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 20 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016