Быццё 20 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Абрагам падняўся адтуль на поўдзень і пасяліўся паміж Кадэсам і Сурам; і быў часова ў Герары.
І вырушыў адтуль Абрага́м на паўднёвы захад, і засяліўся ў зямлі паміж Кадэ́сам і Су́рам, і жыў у Ге́рары.
І сказаў Абрагам пра Сарру, жонку сваю: яна сястра мая. І паслаў Авімэлэх, цар Герарскі, і ўзяў Сарру.
Сказаў жа Абрага́м пра Са́рру, жонку сваю, каб сястрой яго назвалася, бо забаяўся прызнацца, што жонка яго, каб не забілі яго мужы з паселішча праз яе. Паслаў жа Абіме́лех, валадар Ге́рарскі, сватоў і забраў Са́рру.
І прыйшоў Бог да Авімэлэха ўначы ў сьне і сказаў яму: вось, ты памрэш за жанчыну, якую ты ўзяў, бо яна мае мужа.
І ўвайшоў Бог да Абіме́леха ў сне ноччу, і абвесціў: “Вось, загінеш ты праз жанчыну, якую забраў, бо жыла яна разам з мужам”.
Авімэлэх жа не кранаў яе і сказаў: Уладару, няўжо Ты загубіш і невінаваты народ?
Абіме́лех жа не крануў яе, таму сказаў: “Госпадзе, ці загубіш народ неабазнаны, але праведны?
ці ня сам ён сказаў мне: яна сястра мая? І яна сама сказала: ён брат мой. Я зрабіў гэта ў шчырасьці сэрца майго і ў чысьціні рук маіх.
Ці не ён мне сказаў: яна сястра мая? І яна мне сказала: ён мне за брата. З чыстым сэрцам зрабіў гэта, захоўваючы справядлівасць на руках маіх1”.
І сказаў яму Бог у сьне: і Я ведаю, што ты зрабіў гэта ў шчырасьці сэрца твайго, і ўтрымаў цябе ад грэху прад Мною, таму і не дапусьціў цябе дакрануцца да яе;
Сказаў жа яму Бог у сне: “Я ведаю, што з чыстым сэрцам учыніў гэта. Таму злітаваўся над табою, каб не зграшыў ты перада Мною, дзеля гэтага не дапусціў табе яе крануцца.
а цяпер вярні жонку мужу, бо ён прарок і памоліцца за цябе, і ты будзеш жывы; а калі ня вернеш, дык ведай, што канечне памрэш ты і ўсе твае.
Цяпер жа аддай жанчыну мужу, бо ён прарок, і памоліцца за цябе, і будзеш жыць. Калі ж не аддасі, ведай, што памрэш ты і ўсе твае”.
І ўстаў Авімэлэх рана раніцай, і паклікаў усіх рабоў сваіх, і пераказаў усе словы гэтыя ў вушы іхнія; і людзі гэтыя вельмі напалохаліся.
І ўстаў на досвецці Абіме́лех, і паклікаў усіх слугаў сваіх, і пераказаў усе словы гэтыя ў вушы іхнія — усе мужы вельмі перапалохаліся.
І паклікаў Авімэлэх Абрагама і сказаў яму: што ты з намі зрабіў? чым зграшыў я супроць цябе, што навёў быў на мяне і на царства маё вялікі грэх? ты ўчыніў мне дзеі, якіх ня ўчыняюць.
І паклікаў Абіме́лех Абрага́ма, і дакараў яго: “Навошта так зрабіў нам? У чым правініліся перад табою, што спрабаваў навесці на мяне і на валадарства маё такі вялікі грэх? Ты ўчыніў мне так, як ніхто не ўчыніў бы”.
І сказаў Авімэлэх Абрагаму: які ты меў намер, калі ўчыняў гэтую дзею?
Спытаў Абіме́лех Абрага́ма: “Што задумаўшы, зрабіў гэта?”
Абрагам сказаў: я падумаў, што няма ў месцы гэтым страху Божага, і заб’юць мяне за жонку маю;
Адказаў Абрага́м: “Дык жа думаў, што няма страху Божага ў паселішчы гэтым, каб не забілі мяне дзеля жонкі маёй”.
ды яна і сапраўды сястра мне: яна дачка бацькі майго, толькі не дачка маці маёй; і зрабілася маёю жонкаю;
Бо і сапраўды яна сястра мая праз бацьку, але не праз маці, стала мне жонкаю.
калі Бог павёў мяне вандраваць з дому бацькі майго, дык я сказаў ёй: зрабі мне гэтую ласку, у якое ні прыйдзем мы месца, усюды кажы пры мне: гэта брат мой.
Надарылася ж, калі вывеў мяне Бог з дому бацькі майго, я сказаў ёй: зрабі мне дабро, згодна з правам — у кожнай мясцовасці, куды толькі ўвойдзем, скажы пра мяне, што я твой брат”.
І ўзяў Авімэлэх дробнага і буйнога быдла, і рабоў і рабыняў, і даў Абрагаму; і вярнуў яму Сарру, жонку ягоную.
Узяў жа Абіме́лех тысячу дыдрахмаў,2 авечак і цялят, слугаў і прыслужніцаў, і даў Абрага́му, і вярнуў Са́рру, жонку яго.
І сказаў Авімэлэх: вось, зямля мая перад табою; жыві, дзе табе заўгодна.
І сказаў Абіме́лех Абрага́му: “Вось, зямля мая перад абліччам тваім, дзе толькі жадаеш, пасяліся”.
І Сарры сказаў: вось, я даў брату твайму тысячу сікляў срэбра; вось, гэта табе пакрывала на вочы перад усімі, хто з табою, і перад усімі ты апраўданая.
Са́рры ж сказаў: “Вось, даў тысячу дыдрахмаў брату твайму, няхай гэта будзе вынагародай табе і ўсім, хто з табою, ва ўсім трымайся праўды”.
І памаліўся Абрагам Богу, і ацаліў Бог Авімэлэха, і жонку ягоную, і рабыняў ягоных, і яны пачалі радзіць;
Памаліўся ж Абрага́м да Бога — і ацаліў Бог Абіме́леха, і жонку яго, і яго прыслужніцаў, і пачалі нараджаць.
бо замкнуў Гасподзь кожнае чэрава ў доме Авімэлэха за Сарру, жонку Абрагамаву.
Госпад быў замкнуў кожнае ўлонне ў доме Абіме́леха праз Са́рру, жонку Абрага́ма.