Быццё 12 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І сказаў Гасподзь Абраму: ідзі зь зямлі тваёй, ад радзіны тваёй і з дома бацькі твайго ў зямлю, якую Я пакажу табе;
 
І сказаў Госпад Абра́му: “Выйдзі з зямлі тваёй, і ад радні тваёй, з дому бацькі твайго да зямлі, якую табе пакажу.

і Я выведу ад цябе вялікі народ, і дабраслаўлю цябе, і праслаўлю імя тваё, і будзеш ты ў дабраславенстве.
 
Спараджу ад цябе вялікі народ, і буду дабрасловіць цябе, і ўзвялічу імя тваё, і будзеш дабраслоўлены.

Я дабраслаўлю тых, што дабраслаўляюць цябе, і тых, што ліхасловяць цябе, пракляну; і дабраславяцца ў табе ўсе плямёны зямныя.
 
І дабраслоўлю тых, хто дабрасловіць цябе, і тых, хто праклінае цябе, пракляну, і дабрасловяцца праз цябе ўсе плямёны зямныя”.

І пайшоў Абрам, як сказаў яму Гасподзь; і зь ім пайшоў Лот. Абраму было семдзесят пяць гадоў, калі выйшаў з Харана.
 
І пайшоў Абра́м так, як сказаў яму Госпад, і выправіўся разам з ім Лот. Абра́м жа быў сямідзесяці пяці гадоў, калі выйшаў з Хара́на.

І ўзяў з сабою Сару, жонку сваю, Лота, сына брата свайго, і ўсю маёмасьць, якую яны набылі, і ўсіх людзей, якіх яны мелі ў Харане; і выйшлі, каб ісьці ў зямлю Ханаанскую; і прыйшлі ў зямлю Ханаанскую.
 
І ўзяў Абра́м Са́ру, жонку сваю, і Лота, сына брата свайго, і ўвесь іх набытак, які толькі прыдбалі, і кожную душу, што прыдбалі ў Хара́не, і выправіліся ў зямлю Ханаа́н, і сягнулі зямлі Ханаа́нскай.

І прайшоў Абрам па зямлі гэтай да мясьціны Сіхем, да дубровы Марэ: у гэтай зямлі тады жылі Хананэі.
 
І прайшоў Абра́м зямлю ўсцяж яе да паселішча Сіхе́м,1 да высокага дуба. Ханане́і тады засялялі гэтую зямлю.

І явіўся Гасподзь Абраму і сказаў: нашчадкам тваім аддам Я зямлю гэтую. І паставіў там ахвярнік Госпаду, Які явіўся яму.
 
І з’явіўся Госпад Абра́му, і сказаў яму: “Семю твайму дам гэтую зямлю”. І збудаваў там Абра́м ахвярнік Госпаду, які з’явіўся яму.

Адтуль рушыў ён да гары, на ўсход ад Вэтыля; і паставіў намёт свой так, што ад яго Вэтыль быў на захад, а Гай на ўсход; і паставіў ахвярнік Госпаду і заклікаў імя Госпада.
 
І адышоў адтуль да гары на ўсходзе Бетэ́ля,2 і паставіў там свой намёт, у Бетэ́лі з боку мора3 і Анга́я на ўсходзе. І збудаваў там ахвярнік Госпаду, і заклікаў там імя Госпада.

І падаўся Абрам далей і пайшоў на поўдзень.
 
І выправадзіўся Абрам, і пайшоў, атабарыўся ў пустэльні.

І быў голад у той зямлі. І сышоў Абрам у Егіпет, пажыць там, бо памацнеў голад у зямлі той.
 
Калі настаў голад на гэтай зямлі, сышоў Абра́м у Егі́пет, пажыць там, бо ўзмацняўся голад на гэтай зямлі.

Калі ж ён набліжаўся да Егіпта, дык сказаў Сары, жонцы сваёй: вось, я ведаю, што ты жанчына прыгожая з выгляду;
 
Надарылася ж, калі наблізіўся Абра́м, перш чым увайсці ў Егі́пет, сказаў Абра́м Са́ры, жонцы сваёй: “Ведаю, што жанчына ты вельмі прыгожая.

і калі Егіпцяне ўбачаць цябе, дык скажуць: гэта жонка яго; і заб’юць мяне, а цябе пакінуць жывою;
 
Дык будзе, як толькі ўбачаць цябе егіпця́не, скажуць тады: гэта яго жонка, і заб’юць мяне, цябе ж зберагуць для сябе.

скажы ж, што ты мне сястра, каб мне добра было дзеля цябе, і каб жывая была душа мая празь цябе.
 
Дык скажы, што ты мая сястра, каб толькі добра мне было праз цябе і засталася жывою душа мая для цябе”.

І было, калі Абрам прыйшоў у Егіпет, Егіпцяне ўбачылі, што яна жанчына даволі прыгожая;
 
Надарылася ж, калі ўвайшоў Абра́м у Егі́пет, убачылі егіпцяне жанчыну, што яна вельмі прыгожая.

убачылі яе і вяльможы фараонавыя і пахвалілі яе фараону; і была яна ўзятая ў дом фараонаў.
 
І згледзелі яе саноўнікі фараона, і ўсхвалілі яе перад фараонам, і прывялі яе ў дом фараона.

І Абраму добра было празь яе; і было ў яго дробнае і буйное быдла і аслы, і рабы і рабыні, і коні і вярблюды.
 
І Абра́му добра было пры ёй, і былі ў яго авечкі, і цяляты, і аслы, слугі і прыслужніцы, мулы і вярблюды.

Але Гасподзь уразіў цяжкімі ранамі фараона і дом ягоны за Сару, жонку Абрамавую.
 
Але Бог выпрабоўваў фараона і двор яго празмернымі і ліхімі навалокамі праз Са́ру, жонку Абра́ма.

І паклікаў фараон Абрама і сказаў: што гэта ты зрабіў са мною? чаму не сказаў мне, што яна жонка твая?
 
Фараон, паклікаўшы Абра́ма, сказаў: “Навошта гэтак абышоўся са мной? Чаму не папярэдзіў мяне, што гэта жонка твая?

навошта ты сказаў: яна сястра мая? І я ўзяў быў яе сабе за жонку. І цяпер вось жонка твая; вазьмі ды йдзі.
 
Навошта сказаў, што гэта твая сястра? Праз гэта ўзяў я яе сабе за жонку. І цяпер вось жонка твая перад тваім абліччам, вазьмі і сыдзі”.

І даў пра яго фараон загад людзям, і правялі яго, і жонку ягоную, і ўсё, што ў яго было.
 
І наказаў фараон слугам сваім, каб выправадзіць Абра́ма і жонку яго, і ўсё, што толькі было ў яго, і Лота разам з ім.