Быццё 45 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Язэп ня мог болей стрымлівацца пры ўсіх, што стаялі каля яго, і закрычаў: выведзіце ад мяне ўсіх. І не заставалася каля Язэпа нікога, калі ён адкрыўся братам сваім.
І не мог Язэ́п стрымлівацца перад усімі, хто стаяў ля яго, таму сказаў: “Адвядзіце ўсіх ад мяне!” І не засталося нікога ля Язэ́па ў той час, калі прызнаўся братам сваім.
І моцна загаласіў ён, і пачулі Егіпцяне, і пачуў дом фараонаў.
І загаласіў з плачам, так што чулі яго ўсе егіпця́не, бо было чуваць ва ўсім доме фараона.
І сказаў Язэп братам сваім: я — Язэп, ці жывы яшчэ бацька мой? Але браты ягоныя не маглі адказваць яму, бо яны сумеліся перад ім.
І вымавіў Язэ́п да братоў сваіх: “Я — Язэ́п! Ці сапраўды бацька мой жывы?” Але не маглі браты адказаць яму, бо спалохаліся.
І сказаў Язэп братам сваім: падыдзеце да мяне. Яны падышлі. Ён сказаў: я — Язэп, брат ваш, якога вы прадалі ў Егіпет;
Сказаў жа Язэ́п да братоў сваіх: “Падыдзіце да мяне!” І дадаў: “Я — Язэ́п, брат ваш, якога прадалі ў Егі́пет.
але цяпер не маркоцьцеся і не шкадуйце пра тое, што вы прадалі мяне сюды, бо паслаў мяне Бог перад вамі, каб захаваць вам жыцьцё;
Не засмучайцеся больш, і ганебным няхай больш не будзе тое, што прадалі мяне сюды, бо дзеля выжывання паслаў мяне Бог наперад вас.
бо цяпер два гады голаду на зямлі: яшчэ пяць гадоў, калі ні араць, ні жаць ня будуць;
Гэта толькі другі год голаду на зямлі, а надыдуць яшчэ наступныя пяць гадоў, калі не стануць ні араць, ані сеяць.
Бог паслаў мяне перад вамі, каб пакінуць вас на зямлі і захаваць ваша жыцьцё вялікім збавеньнем.
Таму паслаў мяне Бог наперад вас, каб зберагчы вас, рэшту, на зямлі і пракарміць вас, вялікую астачу.
Дык вось, ня вы паслалі мяне сюды, а Бог, Які і паставіў мяне бацькам фараону і гаспадаром ва ўсім доме ягоным і валадаром ва ўсёй зямлі Егіпецкай.
Таму не вы мяне даслалі сюды, але перш Бог, і зрабіў мяне бацькам1 фараона, і гаспадаром усяго дому яго, і распараднікам усёй зямлі Егі́пта.
Ідзеце хутчэй да бацькі майго і скажэце яму: так кажа сын твой Язэп: Бог паставіў мяне гаспадаром над усім Егіптам: прыйдзі да мяне, не марудзь;
Прыспешцеся, кіруючыся да бацькі майго і паведамце яму: гэтак кажа сын твой Язэ́п — зрабіў мяне Бог гаспадаром усёй зямлі Егі́пта, таму прыйдзі да мяне і застанься.
ты будзеш жыць у зямлі Гесэм і будзеш блізка ад мяне, ты і сыны твае, і сыны сыноў тваіх, і дробнае і буйное быдла тваё, і ўсё тваё;
І паселішся ў зямлі Ге́сем у Ара́біі.2 Будзеш блізка да мяне, ты, і сыны твае, і сыны сыноў тваіх, авечкі твае, і каровы твае, і тое, што маеш.
і пракармлю цябе там, бо голад будзе яшчэ пяць гадоў, каб не згалеў ты і дом твой і ўсё тваё.
І накармлю цябе там, бо яшчэ пяць гадоў голаду. Дзеля таго, каб не змарнеў ты, і сыны твае, і ўсё майно тваё.
І вось вочы вашыя і вочы брата майго Веньяміна бачаць, што гэта мае вусны гавораць з вамі:
Вось, вочы вашыя і вочы Беніямі́на, брата майго, бачаць, што вусны мае прамаўляюць да вас.
скажэце ж бацьку майму пра ўсю славу маю ў Егіпце і пра ўсё, што вы бачылі, і прывядзеце хутчэй бацьку майго сюды.
Апавядзіце бацьку майму пра ўсю веліч маю ў Егі́пце і пра тое, што бачыце. Дык паспяшайцеся, прывядзіце бацьку майго сюды”.
І ўпаў ён на шыю Веньяміну, брату свайму, і плакаў, і Веньямін плакаў на шыі ў яго.
І кінуўся на шыю Беніямі́на, брата свайго, і заплакаў, і Беніямі́н заплакаў на шыі яго.
І цалаваў усіх братоў сваіх і плакаў, абдымаючы іх. Потым гутарылі зь ім браты ягоныя.
І цалуючы ўсіх братоў сваіх, заплакаў пры іх. Пасля гэтага гаварылі з ім браты яго.
Прайшла ў доме фараонавым чутка, што прыйшлі браты Язэпавы; і прыемна было фараону і рабам ягоным.
І разнеслася чутка па доме фараона, весцячы: “Прыйшлі браты Язэ́па”. Узрадаваўся фараон і слугі яго.
І сказаў фараон Язэпу: скажы братам тваім: вось, што зрабеце: наўючце быдла ваша і ступайце ў зямлю Ханаанскую;
І звярнуўся фараон да Язэ́па: “Скажы братам тваім, каб зрабілі так: напоўніце вазы́ вашыя, і ідзіце ў зямлю Ханаа́н,
і вазьмеце бацьку вашага і прыйдзеце да мяне; я дам вам дабро ў зямлі Егіпецкай, і вы будзеце есьці тлушч зямлі.
і, забраўшы бацьку вашага і майно вашае, вярніцеся да мяне, і дам вам усе даброты Егі́пта, і будзеце спажываць з заможнасці зямлі.
Табе ж загадваю сказаць ім: зрабеце гэта; вазьмеце сабе зь зямлі Егіпецкай калясьніц дзецям вашым і жонкам вашым, і прывязеце бацьку вашага і прыйдзеце;
Ты ж перакажы ім гэта, няхай возьмуць яны рыдваны з зямлі Егі́пта для дзяцей сваіх і жонак сваіх, а забраўшы бацьку свайго, вяртаюцца.
і не шкадуйце рэчаў вашых, бо дабро з усёй зямлі Егіпецкай дам вам.
І не затрымаюць вас вочы вашыя праз майно вашае, бо ўсе даброты Егі́пта стануцца вашымі”.
Так і зрабілі сыны Ізраілевыя. І даў ім Язэп калясьніцы, загадам фараона, і даў ім запас на дарогу;
І зрабілі так сыны Ізраэ́ля. Даў жа Язэ́п ім рыдваны, як наказаў цар фараон, і даў ім пасілак у дарогу,
кожнаму зь іх ён даў зьмену вопраткі, а Веньяміну даў трыста срэбранікаў і пяць зьмен вопраткі;
усім даў па дзве вопраткі, а Беніямі́ну — трыста залатых і пяць пераменаў адзення.
і бацьку свайму таксама паслаў дзесяць аслоў, наўючаных дабром Егіпецкім, і дзесяць асьліц, наўючаных зернем, хлебам і прыпасамі бацьку свайму на дарогу.
І бацьку свайму дадаў услед дзесяць аслоў, каб везлі ўсялякія дары з Егі́пта, і дзесяць мулаў, каб везлі хлеб бацьку дарогаю.
І адпусьціў братоў сваіх, і яны пайшлі. І сказаў ім: не сварэцеся ў дарозе.
Выправіў братоў сваіх, і яны пайшлі. І наказаў ім: “Не маркоцьцеся ў дарозе!”
І пайшлі яны зь Егіпта, і прыйшлі ў зямлю Ханаанскую да Якава, бацькі свайго,
І выйшлі з Егі́пта, і пакіраваліся ў зямлю Ханаа́н да Яку́ба, бацькі свайго,
і паведамілі яму, сказаўшы: Язэп жывы і цяпер валадарыць над усёю зямлёю Егіпецкаю. Але сэрца ягонае сумелася, бо ён ня верыў ім.
і апавялі яму, кажучы, што сын яго Язэ́п жывы і ён кіруе ўсёй зямлёй Егі́пта. І завагаўся Яку́б, бо не паверыў ім.
А калі яны пераказалі яму словы Язэпа, якія ён казаў ім, і калі ўбачыў калясьніцы, якія прыслаў Язэп, каб везьці яго, тады ажыў дух Якава, бацькі іхняга,
Апавялі ж яму ўсё, сказанае Язэ́пам, колькі мовіў ім. Пабачыўшы ж рыдваны, што выслаў Язэ́п, каб прыняць яго, узгарэўся духам Яку́б, іх бацька.
і сказаў Ізраіль: досыць, яшчэ жывы сын мой Язэп; пайду і ўбачу яго, пакуль не памру.
Сказаў жа Ізраэ́ль: “Неверагоднае сталася мне, што Язэ́п, сын мой, жывы. Пайду і пабачу яго, перш чым мне памерці”.