Быццё 27 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Калі Ісаак састарыўся, і прытупіўся зрок вачэй ягоных, ён паклікаў старэйшага сына свайго Ісава і сказаў яму: сыне мой! Той сказаў яму: вось я.
 
Было ж, як састарэў Ісаа́к і саслаблі вочы яго, каб бачыць, то паклікаў Эса́ва, сына свайго старэйшага, і сказаў яму: “Сыне мой”. І той азваўся: “Вось я”.

Сказаў: вось, я састарыўся; ня ведаю дня сьмерці маёй;
 
І прамовіў: “Вось я састарэў і не ведаю дня скону свайго,

вазьмі цяпер прылады твае, калчан твой і лук твой, выйдзі ў поле і ўпалюй мне дзічыны,
 
дык вазьмі цяпер рыштунак твой, тул1 і лук, і выйдзі ў поле, і ўпалюй мне дзічыну,

і згатуй мне страву, якую я люблю, і прынясі мне есьці, каб дабраславіла цябе душа мая, перш чым я памру.
 
і зрабі мне наедак, што я падабаю, і прынясі мне, каб з’еў, каб дабрасловіла цябе душа мая перш, чым памерці”.

Рэбэка чула, як Ісаак гаварыў сыну свайму Ісаву. І пайшоў Ісаў у поле дастаць і згатаваць дзічыны;
 
Рэбе́ка ж пачула, як прамаўляў Ісаа́к да Эса́ва, сына свайго. Пайшоў Эса́ў у поле ўпаляваць пасілак бацьку свайму.

А Рэбэка сказала сыну свайму Якаву: вось, я чула, як бацька казаў брату твайму Ісаву:
 
Рэбе́ка ж сказала Яку́бу, сыну свайму малодшаму: «Падслухала2 я бацьку твайго, які гаварыў з Эса́вам, братам тваім, і казаў:

прынясі мне дзічыны і згатуй мне страву; я паем і дабраслаўлю цябе прад абліччам Гасподнім, перад сьмерцю маёю.
 
“Прынясі мне пасілак і зрабі мне наедак, а як з’ем — дабраслоўлю цябе перад абліччам Госпада перш, чым мне памерці”.

Цяпер, сыне мой, паслухайся слоў маіх у тым, што я загадаю табе:
 
Дык цяпер, сыне, паслухайся мяне, як я табе накажу:

выйдзі ў статак і вазьмі мне адтуль два казьляняткі добрыя: і я згатую зь іх бацьку твайму страву, якую ён любіць:
 
пойдзеш да авечак, возьмеш мне адтуль двох казлянятаў далікатных і адмысловых, а я згатую стравы бацьку твайму, як смакуе,

а ты прынясеш бацьку твайму, і ён паесьць, каб дабраславіць цябе перад сьмерцю сваёю.
 
і занясеш да бацькі твайго, і будзе спажываць, каб дабрасловіў цябе бацька твой перш, чым яму памерці».

Якаў сказаў Рэбэцы, маці сваёй: Ісаў, брат мой, чалавек касматы, а я чалавек гладкі;
 
Адказаў жа Яку́б Рэбе́цы, маці сваёй: “Эса́ў, брат мой — мужчына валасаты, а я мужчына гладкі,

можа стацца, абмацае мяне бацька мой, і я буду ў вачах у яго ашуканец і навяду на сябе праклён, а не дабраславеньне.
 
калі толькі абмацае мяне бацька мой, то знікчэмнюся я перад абліччам яго, і навяду на сябе праклён, а не дабраслоўленне”.

Маці ягоная сказала яму: на мне хай будзе праклён твой, сыне мой; толькі паслухайся слоў маіх і выйдзі, прынясі мне.
 
Сказала ж яму маці: “На мяне праклён твой, дзіця, толькі паслухайся наказу майго, ідзі і прынясі мне”.

Ён пайшоў, і ўзяў, і прынёс маці сваёй; і маці ягоная зрабіла страву, якую любіў бацька ягоны.
 
Пайшоўшы ж, узяў і прынёс для маці, і згатавала маці яго страву, як смакаваў бацька яго.

І ўзяла Рэбэка багатую вопратку старэйшага сына свайго Ісава, якая была ў яе ў доме, і апранула малодшага сына свайго Якава;
 
І Рэбе́ка, узяўшы вопратку Эса́ва, сына яе старэйшага, найлепшую, што была ў яе доме, апранула Яку́ба, сына свайго малодшага,

а рукі яго і гладкую шыю яго абклала скураю казьлянят,
 
і скуры казліныя закруціла на рукі яго і на аголенне шыі яго,

і дала страву і хлеб, якія яна згатавала, у рукі Якаву, сыну свайму.
 
і дала стравы і хлябы, што згатавала, у рукі Яку́бу, сыну яе.

Ён увайшоў да бацькі свайго і сказаў: бацька мой! Той сказаў: вось я; хто ты, сыне мой?
 
І занёс бацьку свайму. Паклікаў жа: “Бацька”. Азваўся: “Вось я, хто ты, дзіця?”

Якаў сказаў бацьку свайму: я, Ісаў, першынец твой, я зрабіў, як ты сказаў мне; устань, сядзь і паеж дзічыны маёй, каб дабраславіла мяне душа твая.
 
І сказаў Яку́б бацьку свайму: “Я Эса́ў, першародны твой, я зрабіў, як сказаў ты — падыміся, сядзь і з’еш пасілак мой, каб дабрасловіла мяне душа твая”.

І сказаў Ісаак сыну свайму: што так хутка знайшоў ты, сыне мой? Ён сказаў: бо Гасподзь Бог твой паслаў мне насустрач.
 
Спытаў жа Ісаа́к сына свайго: “Як гэта так хутка ты ўпаляваў, о дзіця?” Ён жа адказаў: “Паслаў Госпад Бог твой для мяне”.

І сказаў Ісаак Якаву: падыдзі, я абмацаю цябе, сыне мой, ці ты сын мой Ісаў, ці не?
 
Сказаў жа Ісаа́к Яку́бу: “Наблізься да мяне і абмацаю цябе, дзіця, ці ты сын мой Эса́ў, ці не”.

Якаў падышоў да Ісаака, бацькі свайго; і ён абмацаў яго і сказаў: голас, голас Якаваў; а рукі, рукі Ісававыя.
 
І наблізіўся Яку́б да Ісаа́ка, бацькі свайго, а ён абмацаў яго і сказаў: “Аднак голас — голас Яку́ба, рукі ж — рукі Эса́ва”.

І не пазнаў яго, бо рукі ў яго былі, як рукі ў Ісава, брата ягонага, калматыя. І дабраславіў яго
 
І не пазнаў яго, бо былі рукі яго як рукі Эса́ва, брата яго, і дабрасловіў яго.

і сказаў: ці ты сын мой Ісаў? Ён адказаў: я.
 
І сказаў: “Ты сын мой Эса́ў”. Ён жа адказаў яму: “Я”.

Ісаак сказаў: падай мне, я паем дзічыны сына майго, каб дабраславіла цябе душа мая. Якаў падаў яму, і ён еў; прынёс яму і віна, і ён піў.
 
І прамовіў: “Прынясі мне, і з’ем пасілак твой, дзіця, каб дабрасловіла цябе душа мая”. І падаў яму — і ён з’еў, і падаў віно яму — і піў.

Ісаак, бацька ягоны, сказаў яму: падыдзі, пацалуй мяне, сыне мой.
 
І сказаў яму Ісаа́к, бацька яго: “Нахіліся да мяне і пацалуй мяне, дзіця”.

Ён падышоў і пацалаваў яго і сказаў: вось, пах ад сына майго, як пах ад поля, якое дабраславіў Гасподзь;
 
І, нахіліўшыся, пацалаваў яго — і адчуў пах вопраткі яго, і дабрасловіў яго, і сказаў: “Вось пах сына майго, бы водар поля разлеглага, што дабрасловіў Госпад.

хай дасьць табе Бог ад расы нябеснай і ад тлушчу зямлі, і многа хлеба і віна;
 
Дык няхай спашле табе Бог ад расы нябёснай і ад поўніцы зямной безліч пшаніцы і віна.

хай паслужаць табе народы, хай паклоняцца табе плямёны: будзь гаспадаром над братамі тваімі, і хай паклоняцца табе сыны маці тваёй; кляцьбіты твае — праклятыя; і дабраславенцы твае — дабраславёныя.
 
І будуць служыць табе народы, аддадуць пашану саноўнікі, і станься гаспадаром брату твайму, і паклоняцца табе сыны бацькі твайго. Той, хто праклінае цябе, — пракляты, а той, хто дабрасловіць цябе, — дабраслоўлены”.

Як толькі ўчыніў Ісаак дабраславеньне над Якавам, і як толькі выйшаў Якаў ад аблічча Ісаака, бацькі свайго, — Ісаў, брат ягоны, прыйшоў з ловаў сваіх.
 
І як толькі склаў Ісаа́к дабраслоўленне сыну свайму Яку́бу, і сталася, як адышоў Яку́б ад аблічча бацькі свайго Ісаа́ка, то вярнуўся з палявання брат яго Эса́ў.

Згатаваў і ён страву, і прынёс бацьку свайму, і сказаў бацьку свайму: устань, бацька мой, і паеж дзічыны сына твайго, каб дабраславіла мяне душа твая.
 
Прыгатаваў таксама і ён ежу, і прынёс бацьку свайму, і сказаў: “Устань, мой бацька, і з’еш дзічыну сына твайго, каб дабрасловіла мяне душа твая”.

А Ісаак, бацька ягоны, сказаў яму: хто ты? Ён сказаў: я сын твой, першынец твой, Ісаў.
 
І спытаў яго Ісаа́к, бацька яго: “Хто ты?” Ён жа адказаў: “Я сын твой першародны, Эса́ў”.

І задрыжаў Ісаак вельмі вялікім дрыжаньнем і сказаў: хто ж гэта, які дастаў дзічыны і прынёс мне, і я еў з усяго, перш чым ты прыйшоў, і я дабраславіў яго? ён і будзе дабраславёны.
 
Разгубіўся Ісаа́к у здзіўленні вельмі вялікім і сказаў: “Дык хто ўпаляваў мне дзічыну, і прынёс мне, і я з’еў тое ўсё перш, чым ты прыйшоў, і я дабрасловіў яго, і будзе дабраслоўлены?”

Ісаў, выслухаўшы словы бацькі свайго, падняў гучны і вельмі горкі енк, і сказаў бацьку свайму: бацька мой! дабраславі і мяне.
 
Было ж, калі пачуў Эса́ў словы бацькі свайго Ісаа́ка, то загарлаў крыкам шалым і вельмі злосным і сказаў: “Дабраслоў жа і мяне, бацька”.

Але ён сказаў: брат твой прыйшоў з хітрынаю і ўзяў дабраславеньне маё.
 
Адказаў жа яму: “Твой брат, які быў прыйшоў, праз падступства атрымаў дабраслоўленне тваё”.

І сказаў: ці не таму дадзена яму імя: Якаў, што ён запабег мяне ўжо два разы? ён узяў першародства маё, і вось, цяпер узяў дабраславеньне маё. І сказаў: няўжо ты не пакінуў мне дабраславеньня?
 
І сказаў [Эса́ў]: “Слушна названы ён імем Яку́б,3 бо абмінуў мяне ўжо двойчы: правы першародства майго адабраў і цяпер забраў маё дабраслоўленне”. Спытаўся Эса́ў у бацькі свайго: “Бацька, няўжо не пакінуў ты мне дабраслоўлення?”

Ісаак адказаў Ісаву: вось, я паставіў яго гаспадаром над табою і ўсіх братоў ягоных аддаў яму ў рабы; адарыў яго хлебам і віном; што ж я зраблю дзеля цябе, сыне мой?
 
Адказваючы ж, Ісаа́к прамовіў Эса́ву: “Калі яго паставіў гаспадаром над табою, а ўсіх братоў яго ўчыніў слугамі яго, пшаніцай і віном узбагаціў яго, што ж мог пакінуць табе, дзіця?”

Але Ісаў сказаў бацьку свайму: няўжо, бацька мой, адно ў цябе дабраславеньне? дабраславі і мяне, бацька мой! І ўзвысіў Ісаў голас свой і заплакаў.
 
Спытаў жа Эса́ў у бацькі свайго: “Няўжо толькі адно дабраслоўленне ў цябе, бацька? Таму дабраслоў і мяне, бацька!” Ад маўчання Ісаа́ка залямантаваў Эса́ў і заплакаў.

І адказваў Ісаак, бацька ягоны, і сказаў яму: вось, ад тлушчу зямлі будзе пражываньне тваё і ад расы нябеснай згары;
 
Адказваючы ж, Ісаа́к, бацька яго, сказаў яму: “Вось, ад поўніцы зямлі ўзалежніцца існаванне тваё і ад расы з неба.

і ты будзеш жыць мечам тваім і будзеш служыць брату твайму; але будзе час, калі ўсупрацівішся і скінеш ярмо ягонае з шыі тваёй.
 
З мяча твайго жыцьмеш і паслугавацьмеш брату твайму. Станецца ж, што зрынеш яго і паслабіш ярмо яго на карку тваім”.

І зьненавідзеў Ісаў Якава за дабраславеньне, якім дабраславіў яго бацька ягоны; і сказаў Ісаў у сэрцы сваім: набліжаюцца дні плачу па бацьку маім; і я заб’ю Якава, брата майго.
 
І разгневаўся Эса́ў на Яку́ба праз дабраслоўленне, якім дабрасловіў яго бацька. Надумаў жа Эса́ў: “Няхай толькі наблізяцца дні жалобы па бацьку маім, і я заб’ю Яку́ба, брата майго”.

І пераказаны былі Рэбэцы словы Ісава, старэйшага сына яе; і яна паслала, і паклікала малодшага сына свайго Якава, і сказала яму: вось, Ісаў, брат твой, пагражае забіць цябе;
 
Пераказалі ж Рэбе́цы словы Эса́ва, сына яе старэйшага, і, паслаўшы, паклікала Яку́ба, сына свайго малодшага, і паведаміла яму: “Вось, Эса́ў, брат твой, пагражае забіць цябе,

і цяпер, сыне мой, паслухайся слоў маіх, устань, бяжы да Лавана, брата майго, у Харан;
 
дык цяпер, дзіця, паслухай словаў маіх, і, сабраўшыся, ідзі ў Месапата́мію да Ла́бана, брата майго, у Хара́н,

і пажыві ў яго некаторы час, пакуль спатоліцца лютасьць брата твайго,
 
і жыві ў яго некаторы час, пакуль не адыдзе ад лютасці

пакуль спатоліцца гнеў брата твайго на цябе, і ён забудзе, што ты зрабіў яму: тады я пашлю і вазьму цябе адтуль; навошта мне ў адзін дзень страціць абодвух вас?
 
і гневу брат твой на цябе, і забудзецца, што ты зрабіў яму, і паслаўшы, паклічу цябе адтуль. Хай не страчу вас абодвух у адзін дзень”.

І сказала Рэбэка Ісааку: я жыцьцю ня радая ад дачок Хэтэйскіх; калі Якаў возьме жонку з дачок Хэтэйскіх, як гэтыя, з дачок гэтай зямлі, дык навошта мне і жыцьцё?
 
Сказала ж Рэбе́ка Ісаа́́ку: “Зненавідзела я жыццё сваё праз дачок сыноў Хе́тавых, калі ж яшчэ Яку́б возьме жонку з дачок зямлі гэтай, то навошта мне жыць?”