1 Было ж, як састарэў Ісаа́к і саслаблі вочы яго, каб бачыць, то паклікаў Эса́ва, сына свайго старэйшага, і сказаў яму: “Сыне мой”. І той азваўся: “Вось я”.
2 І прамовіў: “Вось я састарэў і не ведаю дня скону свайго,
3 дык вазьмі цяпер рыштунак твой, тул1 і лук, і выйдзі ў поле, і ўпалюй мне дзічыну,
4 і зрабі мне наедак, што я падабаю, і прынясі мне, каб з’еў, каб дабрасловіла цябе душа мая перш, чым памерці”.
5 Рэбе́ка ж пачула, як прамаўляў Ісаа́к да Эса́ва, сына свайго. Пайшоў Эса́ў у поле ўпаляваць пасілак бацьку свайму.
6 Рэбе́ка ж сказала Яку́бу, сыну свайму малодшаму: «Падслухала2 я бацьку твайго, які гаварыў з Эса́вам, братам тваім, і казаў:
7 “Прынясі мне пасілак і зрабі мне наедак, а як з’ем — дабраслоўлю цябе перад абліччам Госпада перш, чым мне памерці”.
8 Дык цяпер, сыне, паслухайся мяне, як я табе накажу:
9 пойдзеш да авечак, возьмеш мне адтуль двох казлянятаў далікатных і адмысловых, а я згатую стравы бацьку твайму, як смакуе,
10 і занясеш да бацькі твайго, і будзе спажываць, каб дабрасловіў цябе бацька твой перш, чым яму памерці».
11 Адказаў жа Яку́б Рэбе́цы, маці сваёй: “Эса́ў, брат мой — мужчына валасаты, а я мужчына гладкі,
12 калі толькі абмацае мяне бацька мой, то знікчэмнюся я перад абліччам яго, і навяду на сябе праклён, а не дабраслоўленне”.
13 Сказала ж яму маці: “На мяне праклён твой, дзіця, толькі паслухайся наказу майго, ідзі і прынясі мне”.
14 Пайшоўшы ж, узяў і прынёс для маці, і згатавала маці яго страву, як смакаваў бацька яго.
15 І Рэбе́ка, узяўшы вопратку Эса́ва, сына яе старэйшага, найлепшую, што была ў яе доме, апранула Яку́ба, сына свайго малодшага,
16 і скуры казліныя закруціла на рукі яго і на аголенне шыі яго,
17 і дала стравы і хлябы, што згатавала, у рукі Яку́бу, сыну яе.
18 І занёс бацьку свайму. Паклікаў жа: “Бацька”. Азваўся: “Вось я, хто ты, дзіця?”
19 І сказаў Яку́б бацьку свайму: “Я Эса́ў, першародны твой, я зрабіў, як сказаў ты — падыміся, сядзь і з’еш пасілак мой, каб дабрасловіла мяне душа твая”.
20 Спытаў жа Ісаа́к сына свайго: “Як гэта так хутка ты ўпаляваў, о дзіця?” Ён жа адказаў: “Паслаў Госпад Бог твой для мяне”.
21 Сказаў жа Ісаа́к Яку́бу: “Наблізься да мяне і абмацаю цябе, дзіця, ці ты сын мой Эса́ў, ці не”.
22 І наблізіўся Яку́б да Ісаа́ка, бацькі свайго, а ён абмацаў яго і сказаў: “Аднак голас — голас Яку́ба, рукі ж — рукі Эса́ва”.
23 І не пазнаў яго, бо былі рукі яго як рукі Эса́ва, брата яго, і дабрасловіў яго.
24 І сказаў: “Ты сын мой Эса́ў”. Ён жа адказаў яму: “Я”.
25 І прамовіў: “Прынясі мне, і з’ем пасілак твой, дзіця, каб дабрасловіла цябе душа мая”. І падаў яму — і ён з’еў, і падаў віно яму — і піў.
26 І сказаў яму Ісаа́к, бацька яго: “Нахіліся да мяне і пацалуй мяне, дзіця”.
27 І, нахіліўшыся, пацалаваў яго — і адчуў пах вопраткі яго, і дабрасловіў яго, і сказаў:
“Вось пах сына майго,
бы водар поля разлеглага, што дабрасловіў Госпад.
28 Дык няхай спашле табе Бог ад расы нябёснай
і ад поўніцы зямной
безліч пшаніцы і віна.
29 І будуць служыць табе народы,
аддадуць пашану саноўнікі,
і станься гаспадаром брату твайму,
і паклоняцца табе сыны бацькі твайго.
Той, хто праклінае цябе, — пракляты,
а той, хто дабрасловіць цябе, — дабраслоўлены”.
30 І як толькі склаў Ісаа́к дабраслоўленне сыну свайму Яку́бу, і сталася, як адышоў Яку́б ад аблічча бацькі свайго Ісаа́ка, то вярнуўся з палявання брат яго Эса́ў.
31 Прыгатаваў таксама і ён ежу, і прынёс бацьку свайму, і сказаў: “Устань, мой бацька, і з’еш дзічыну сына твайго, каб дабрасловіла мяне душа твая”.
32 І спытаў яго Ісаа́к, бацька яго: “Хто ты?” Ён жа адказаў: “Я сын твой першародны, Эса́ў”.
33 Разгубіўся Ісаа́к у здзіўленні вельмі вялікім і сказаў: “Дык хто ўпаляваў мне дзічыну, і прынёс мне, і я з’еў тое ўсё перш, чым ты прыйшоў, і я дабрасловіў яго, і будзе дабраслоўлены?”
34 Было ж, калі пачуў Эса́ў словы бацькі свайго Ісаа́ка, то загарлаў крыкам шалым і вельмі злосным і сказаў: “Дабраслоў жа і мяне, бацька”.
35 Адказаў жа яму: “Твой брат, які быў прыйшоў, праз падступства атрымаў дабраслоўленне тваё”.
36 І сказаў [Эса́ў]: “Слушна названы ён імем Яку́б,3 бо абмінуў мяне ўжо двойчы: правы першародства майго адабраў і цяпер забраў маё дабраслоўленне”. Спытаўся Эса́ў у бацькі свайго: “Бацька, няўжо не пакінуў ты мне дабраслоўлення?”
37 Адказваючы ж, Ісаа́к прамовіў Эса́ву: “Калі яго паставіў гаспадаром над табою, а ўсіх братоў яго ўчыніў слугамі яго, пшаніцай і віном узбагаціў яго, што ж мог пакінуць табе, дзіця?”
38 Спытаў жа Эса́ў у бацькі свайго: “Няўжо толькі адно дабраслоўленне ў цябе, бацька? Таму дабраслоў і мяне, бацька!” Ад маўчання Ісаа́ка залямантаваў Эса́ў і заплакаў.
39 Адказваючы ж, Ісаа́к, бацька яго, сказаў яму:
“Вось, ад поўніцы зямлі ўзалежніцца існаванне тваё
і ад расы з неба.
40 З мяча твайго жыцьмеш
і паслугавацьмеш брату твайму.
Станецца ж, што зрынеш яго
і паслабіш ярмо яго на карку тваім”.
41 І разгневаўся Эса́ў на Яку́ба праз дабраслоўленне, якім дабрасловіў яго бацька. Надумаў жа Эса́ў: “Няхай толькі наблізяцца дні жалобы па бацьку маім, і я заб’ю Яку́ба, брата майго”.
42 Пераказалі ж Рэбе́цы словы Эса́ва, сына яе старэйшага, і, паслаўшы, паклікала Яку́ба, сына свайго малодшага, і паведаміла яму: “Вось, Эса́ў, брат твой, пагражае забіць цябе,
43 дык цяпер, дзіця, паслухай словаў маіх, і, сабраўшыся, ідзі ў Месапата́мію да Ла́бана, брата майго, у Хара́н,
44 і жыві ў яго некаторы час, пакуль не адыдзе ад лютасці
45 і гневу брат твой на цябе, і забудзецца, што ты зрабіў яму, і паслаўшы, паклічу цябе адтуль. Хай не страчу вас абодвух у адзін дзень”.
46 Сказала ж Рэбе́ка Ісаа́́ку: “Зненавідзела я жыццё сваё праз дачок сыноў Хе́тавых, калі ж яшчэ Яку́б возьме жонку з дачок зямлі гэтай, то навошта мне жыць?”

Каментары ці зноскі:

3 1: Грэц. φαρέτρα — “футарал” альбо “калчан” для захоўвання і нашэння стрэл ці кароткіх кідальных дзідаў, які разам з тахтуем і лукам з налуччам складаў сагайдак (сайдак).
6 2: Грэц. ἰδὲ ἐγὼ ἤκουσα — літ. “глядзі, я (была) пачула”.
36 3: Значэнне імя Яку́б можна аднесці да гбр. עֲקִיבָא, літ. “Госпад ахоўвае”, таксама яно інтэрпрэтуецца як вытворнае ад гбр. עָקֵב, літ. “пята”, бо Яку́б выйшаў з улоння маці, ухапіўшыся за пятку старэйшага брата Эса́ва (пар. Быц. 25:26), праз што тлумачыцца хітрасць, уласцівая яго характару.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Роду, 27 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016