1 Гэта кніга1 пачатку людзей, ад дня, у які стварыў Бог Ада́ма, паводле вобразу Божага стварыў яго.
2 Мужчынам і жанчынай стварыў іх. І дабрасловіў іх. І назваў іх імем Ада́м2 у той дзень, калі стварыў іх.
3 Пражыў жа Ада́м дзвесце трыццаць гадоў,3 і нарадзіў паводле выгляду4 свайго і паводле вобразу свайго. І даў імя яму Сэт.
4 Былі ж дні Ада́ма ад нараджэння Сэ́та семсот гадоў.5 І нарадзіў яшчэ сыноў і дачок.
5 І былі ўсе дні Ада́ма, якія пражыў, дзевяцьсот трыццаць гадоў, і памёр.
6 Пражыў жа Сэт дзвесце пяць гадоў і нарадзіў Эно́са.
7 І жыў Сэт ад нараджэння ім Эно́са семсот сем гадоў. І нарадзіў яшчэ сыноў і дачок.
8 І былі ўсе дні Сэ́та дзевяцьсот дванаццаць гадоў, і памёр.
9 І жыў Эно́с сто дзевяноста гадоў, і нарадзіў Каіна́на.
10 І жыў Эно́с ад нараджэння ім Каіна́на семсот пятнаццаць гадоў. І нарадзіў яшчэ сыноў і дачок.
11 І былі ўсе дні Эно́са дзевяцьсот пяць гадоў, і памёр.
12 І жыў Каіна́н сто семдзесят гадоў, і нарадзіў Малелеэ́ля.
13 І жыў Каіна́н ад нараджэння ім Малелеэ́ля семсот сорак гадоў. І нарадзіў яшчэ сыноў і дачок.
14 І былі ўсе дні Каіна́на дзевяцьсот дзесяць гадоў, і памёр.
15 І жыў Малелеэ́ль сто шэсцьдзесят пяць гадоў, і нарадзіў Ярэ́да.6
16 І жыў Малелеэ́ль ад нараджэння ім Ярэ́да семсот трыццаць гадоў. І нарадзіў яшчэ сыноў і дачок.
17 І былі ўсе дні Малелеэ́ля восемсот дзевяноста пяць гадоў, і памёр.
18 І жыў Ярэ́д сто шэсцьдзесят два гады, і нарадзіў Эно́ха.
19 І жыў Ярэ́д ад нараджэння ім Эно́ха восемсот гадоў. І нарадзіў яшчэ сыноў і дачок.
20 І былі ўсе дні Ярэ́да дзевяцьсот шэсцьдзесят два гады, і памёр.
21 І жыў Эно́х сто шэсцьдзесят пяць гадоў, і нарадзіў Матуса́лу.
22 Дагадзіў жа Эно́х Богу. І жыў пасля нараджэння ім Матуса́лы дзвесце гадоў. І нарадзіў сыноў і дачок.
23 І былі ўсе дні Эно́ха трыста шэсцьдзесят пяць гадоў.
24 І дагадзіў Эно́х Богу, і быў не выяўлены, бо ўзнёс7 яго Бог.
25 І жыў Матуса́ла сто шэсцьдзесят сем гадоў, і нарадзіў Ла́меха.
26 І жыў Матуса́ла ад нараджэння ім Ла́меха восемсот два гады. І нарадзіў яшчэ сыноў і дачок.
27 І былі ўсе дні Матуса́лы, што пражыў, дзевяцьсот шэсцьдзесят дзевяць гадоў, і памёр.
28 І жыў Ла́мех сто восемдзесят восем гадоў, і нарадзіў сына,
29 і назваў яго імем Ной, кажучы: ён вызваліць нас ад цяжараў нашых, і ад боляў рук нашых, і ад зямлі, якую Госпад Бог пракляў.
30 І жыў Ла́мех ад нараджэння ім Ноя пяцьсот шэсцьдзесят пяць гадоў. І нарадзіў яшчэ сыноў і дачок.
31 І былі ўсе дні Ла́меха семсот пяцьдзясят тры гады, і памёр.
32 І было Ною пяцьсот гадоў, і нарадзіў Ной трох сыноў: Сэ́ма, Ха́ма, Яфе́та.
Каментары ці зноскі:
1 1: Гл. 2:4.
2 2: Імя ўласнае Ада́м у арыгінальнай версіі Бібліі з’яўляецца толькі ў 4:25, да гэтага часу слова “адам” мае значэнне людзей (чалавека), як Ада́ма так і Э́ву, менавіта на гэта ўказвае множны лік займенніка “назваў іх імем Ада́м”. У Септуагінце ад самага пачатку, дзе з’яўляецца гэтае слова, стаіць імя ўласнае.
3 3: У гбр. Бібліі, таксама ў Вульгаце, падаецца лічба на сто гадоў меншая, чым у Септуагінце. Паводле экзегетаў, павялічаныя тут і ў іншых месцах лічбы жыцця, вядомыя па-за Бібліяй у бабілонскай традыцыі, ужываюцца дзеля падкрэслення значнага (вялікага) адрэзку часу ад Ада́ма да Ноя.
3 4: Грэц. ἰδέα літ. “ідэя”; “паводле выгляду і вобразу” — прамое аднясенне да стварэння чалавека Богам, гл. 1:26.
4 5: У гбр. Бібліі, таксама ў Вульгаце, падаецца лічба восемсот, адрозненні ў лічбах у Септуагінце будуць прысутныя і ў іншых месцах.
15 6: У НЗ — Ярэт.
24 7: Бог яго ўзнёс з целам і душою; паводле слоў апостала Паўла (Гбр. 11:5), ён не памёр.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016