1 І было, пасля тых падзеяў Бог выпрабоўваў Абрага́ма і сказаў да яго: “Абрага́ме, Абрага́ме”. Ён жа адказаў: “Вось я”.
2 І прамовіў: “Вазьмі сына свайго ўлюбёнага, якога ўмілаваў, Ісаа́ка, і ідзі ў зямлю верхнюю,1 і прынясі яго там у цэласпаленне на адной з гораў, што табе ўкажу”.
3 Устаў жа Абрага́м на досвітку, асядлаў асліцу сваю, і ўзяў з сабою двух слугаў ды Ісаа́ка, сына свайго, і, насекшы дроў для цэласпалення, сабраўшыся, рушыў, і пайшоў на месца, якое ўказаў яму Бог.
4 На трэці дзень Абрага́м, узняўшы вочы, убачыў зводдаль месца.
5 І сказаў Абрага́м слугам сваім: “Сядзьце вы тут з асліцай, я ж і хлопец пойдзем туды і, аддаўшы пашану, вернемся да вас”.
6 Узяў Абрага́м дровы цэласпалення і ўсклаў на Ісаа́ка, сына свайго; узяў і агонь, і нож, і пайшлі абодва разам.
7 Спытаўся Ісаа́к Абрага́ма, бацьку свайго: “Тата”. Адказаў той: “Што сталася?” Дзіця кажа: “Вось агонь і дровы, дзе ж ягня для цэласпалення?”
8 Адказаў Абрага́м: “Бог угледзіць сабе ягня для цэласпалення, дзіця”. Ідучы абодвух разам,
9 прыйшлі на месца, якое паказаў Бог. І збудаваў там Абрага́м ахвярнік, і паклаў дроў, і, звязаўшы Ісаа́ка, сына свайго, паклаў яго на ахвярнік на дровы.
10 І працягнуў Абрага́м руку сваю па нож, каб закалоць сына свайго.
11 І азваўся да яго анёл Гасподні з неба, і сказаў яму: “Абрага́ме, Абрага́ме”. Адказаў той: “Вось я”.
12 І сказаў: “Не накладай рукі тваёй на хлопца і не рабі яму нічога. Бо цяпер даведаўся, што баішся ты Бога і не пашкадаваў сына твайго ўлюбёнага дзеля Яго”.
13 І падняў Абрага́м вочы свае, і ўбачыў — вось, баран адзін заблытаўся ў парастках гушчару рогамі; і пайшоў Абрага́м, і схапіў барана, і ўсклаў яго для цэласпалення замест Ісаа́ка, сына свайго.
14 І назваў Абрага́м месца тое “З’яўленне Госпада”, і кажуць да сёння: на гары, дзе Госпад з’явіўся.
15 І другі раз азваўся анёл Гасподні Абрага́му з неба,
16 кажучы: “Сабою прысягнуў, кажа Госпад, праз тое, што выканаў слова гэтае і не пашкадаваў сына твайго ўмілаванага дзеля Мяне,
17 сапраўды дабрасловячы дабраслоўлю цябе і памнажаючы памножу нашчадкаў тваіх, як зоркі нябёсныя і нібы пясчынкі на беразе мора, і ўспадкуюць нашчадкі твае месты ворагаў.
18 І дабрасловяцца ў нашчадках тваіх усе народы зямныя, бо паслухаўся голасу Майго”.
19 Вярнуўся ж Абрага́м да слугаў сваіх, і ўзняўшыся, пайшлі разам да калодзежа Зароку, і пасяліўся Абрага́м ля калодзежа Зароку.
20 Пасля гэтых падзеяў паведамілі Абрага́му, мовячы: “Вось нарадзіла Ме́лха, і яна, сыноў Нахору, брату твайму.
21 Окса, першынца, і Ба́ўкса, брата яго, і Камуэ́ля, бацьку сіры́йцаў.2
22 І Ха́сада, і Аза́ва, і Фалда́са, і Ядла́фа, і Батуэ́ля”.
23 А Батуэ́ль нарадзіў Рэбе́ку. Васьмёх гэтых сыноў нарадзіла Ме́лха Нахору, брату Абрага́ма.
24 І ўзложніца яго з імем Рэа́ма нарадзіла: Табе́ка, і Гаа́ма, і Тахоса, і Моху.

Каментары ці зноскі:

2 1: У гбр. Бібліі “зямля верхняя” акрэслена імем уласным Марыя́, гбр. מוֹרִיָּה, што літ. азначае: ”абраны праз Я́гвэ”. Мяркуецца, што на гэтым месцы ўзнік Ерусалі́м, аднак існуе іншая думка, што тут маецца на ўвазе гара Гэрызі́м, гбр. ,גְּרִיזִים якая знаходзіцца на тэрыторыі Сама́рыі.
21 2: У Септуагінце ўжыта “сіры́йцы” замест этнічнай назвы “араме́і”, якія ўпершыню згадваюцца ў сярэдзіне III тыс. да Н.Х. У XIV ст. да Н.Х. качавыя плямёны арамеяў рассяліліся ў Сірыйскай пустэльні, пранікаючы адтуль на сярэдні Еўфрат, на мяжы XII — XI стст. да Н.Х. яны засялілі амаль усю Пярэднюю Азію (Месапата́мію). У шэрагу месцаў (напрыклад, на ўсход ад ракі Ярдан) арамеі ператварыліся ў аселае насельніцтва. Арамейская мова да пачатку нашай эры стала асноўнай гутарковай мовай Пярэдняй Азіі. Сірыяй у часы стварэння Септуагінты была называная тэрыторыя верхняй Месапата́міі, даўняя Ара́м, гбр. אֲרָם.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Роду, 22 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016