1 І прамовіў Бог да Ноя: “Увайдзі ты і ўвесь дом твой у кораб, бо знайшоў толькі цябе справядлівым перад абліччам Маім у родзе гэтым.
2 Са свойскай жывёлы чыстай1 прывядзі да сябе сем: сем самцоў і самак; са свойскай жывёлы нячыстай дзве пары: самца і самку;
3 з птушак нябёсных чыстых сем: сем самцоў і самак; з птушак нячыстых дзве пары: самца і самку, каб выжывіць іх семя для ўсёй зямлі.
4 Бо праз сем дзён Я нашлю залеву на зямлю ў сорак дзён і начэй2 і загублю ўсё жывое, што стварыў, на паверхні зямлі”.
5 І зрабіў Ной усё, што запавёў яму Госпад Бог.
6 Ной жа быў шасцісотгадовы, і стаўся патоп на зямлі.3
7 Увайшоў жа Ной, і сыны яго, і жонка яго, і жонкі сыноў яго разам з ім у кораб, бо быў патоп.
8 І з птушак, і са свойскай жывёлы чыстай, і з усялякіх гадаў, што на зямлі,
9 пары ўвайшлі да Ноя ў кораб, самец і самка, як запавёў Бог.
10 І надарылася праз сем дзён — вада патопу абрынулася на зямлю.
11 У шасцісоты год жыцця Ноя, другога месяца, дваццаць сёмага дня месяца,4 забруіліся ўсе бяздонныя струмяні і жаролы нябёсныя ўскрыліся,5
12 і стала залева на зямлі сорак дзён і сорак начэй.
13 Гэтага ж дня ўвайшлі Ной, Сэм, Хам, Яфе́т, сыны Ноя, і жонка Ноя, і тры жонкі яго сыноў разам з ім у кораб.
14 І ўсялякія звяры паводле роду, і ўсялякая свойская жывёла паводле роду, і ўсялякі гад, што поўзае па зямлі, паводле роду, і ўсялякая птушка паводле роду —
15 увайшлі да Ноя ў кораб па двое ад усялякіх жывых істотаў, хто меў душу жывую.
16 І ўвайшлі самец і самка, з кожнай жывой істоты ўвайшлі, як запавёў Бог Ною. І запячатаў Бог кораб звонку.
17 І быў патоп сорак дзён і сорак начэй на зямлі, і памножылася вада, і падняла кораб высока ад зямлі.
18 І мацнела вада, і надта павялічылася на зямлі, і кораб узносіўся6 над вадою.
19 Вада ж вельмі імкліва прыбывала на зямлі і схавала ўсе высокія горы, што былі пад небам,
20 пятнаццаць локцяў угару паднялася вада і накрыла ўсе высокія горы.
21 І памерла ўсялякае цялеснае стварэнне, што рухалася па зямлі, — птушкі, свойская жывёла, і звяры, і ўсялякі гад, што поўзае па зямлі, і кожны чалавек.
22 І ўсё, што мае душу жывую, што было на сушы, памерла.
23 І загінула ўсё жывое, што было на паверхні ўсёй зямлі, ад чалавека да свойскай жывёлы, і гадаў, і птушак нябёсных, было вынішчана на зямлі. І застаўся адно Ной з тымі, хто ў корабе.
24 І ўздымалася вада на зямлі сто пяцьдзясят дзён.
Каментары ці зноскі:
2 1: Гаворка тут не пра чысціню цела жывёлы, а пра рэлігійна-рытуальнае ачышчэнне. Інструкцыя пра чыстых і нячыстых жывёлаў, якіх могуць спажываць гебраі, змешчана ў Ляв. 11 і Дрг. 14:3−20.
4 2: Сорак — лічба сімвалічная, тут азначае доўгі час.
6 3: Памяць пра патоп у Месапатаміі захавалася не толькі ў Кнізе Роду, але таксама ў акадскім ў эпасе пра Гільгамеша (акад. ša nagba imuru). Гэтыя два апісанні вельмі падобныя, адрозніваюцца толькі ў дэталях.
11 4: Невядома, на які каляндар спасылаецца рэдактар тэксту, магчыма, што падзеі адбываюцца ў другой палове красавіка — пачатку траўня.
11 5: Пра падзел вод на верхнія і ніжнія гл. 1:6−7.
18 6: Грэц. ἐπιφέρω (тут і вышэй перакладзена як насіцца) сустракаецца у Кнізе Роду тры разы: 1:3; 7:18 і 37:22.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 7 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016