1 І была зямля гаворкі аднае і адналітага для ўсіх маўлення.1
2 І было, калі вандравалі яны з усходу, знайшлі поле ў зямлі Сеннаа́р2 і там пасяліліся.
3 І сказалі адзін аднаму: “Давайце наробім цэглы і паабпальваем агнём”. Калі ж мелі цэглу замест камення, а смала была ім росчынам,
4 сказалі: “Збудуем сабе места і вежу, вяршыня якой будзе сягаць неба. Паклапоцімся пра розгалас аб нашым імі, перш чым рассеемся па ўсёй паверхні зямлі”.
5 І спусціўся Госпад паглядзець места і вежу,3 якую будавалі сыны чалавечыя.
6 І прамовіў Госпад: “Вось племя адзінае і гаворка ўсіх адна, але пачалі будаваць гэта — і цяпер не адмовяцца ад усяго, што наважыліся зрабіць.
7 Змяшайма, спусціўшыся, іх гаворку, каб не зразумелі маўлення адзін аднаго”.
8 І рассеяў іх Госпад адтуль па абліччы ўсёй зямлі, і перасталі будаваць места і вежу.
9 Праз гэта назвалі зямлю тую Змяшэнне,4 бо там змяшаў Госпад гаворкі ўсёй зямлі і адтуль рассеяў людзей Госпад Бог па ўсёй паверхні зямлі.
10 Вось радавод Сэ́ма: Сэм быў стагадовы, калі нарадзіў Арфакса́да, на другі год пасля патопу.
11 І жыў Сэм ад нараджэння Арфакса́да пяцьсот гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок, і памёр.
12 І жыў Арфакса́д сто трыццаць пяць гадоў,5 і нарадзіў Каіна́на.
13 І жыў Арфакса́д ад нараджэння ім Каіна́на чатырыста трыццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок, і памёр.
І жыў Каіна́н сто трыццаць гадоў, і нарадзіў Са́лу. І жыў Каіна́н пасля таго, як нарадзіў ён Са́лу, трыста трыццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок, і памёр.
14 І жыў Са́ла сто трыццаць гадоў, і нарадзіў Э́бера.
15 І жыў Са́ла ад нараджэння ім Э́бера трыста трыццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок, і памёр.
16 І жыў Э́бер сто трыццаць чатыры гады, і нарадзіў Фа́лека.
17 І жыў Э́бер ад нараджэння ім Фа́лека трыста семдзесят гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок, і памёр.
18 І жыў Фа́лек сто трыццаць гадоў, і нарадзіў Рага́ва.
19 І жыў Фа́лек ад нараджэння ім Рага́ва дзвесце дзевяць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок, і памёр.
20 І жыў Рага́ў сто трыццаць два гады, і нарадзіў Сару́ха.
21 І жыў Рага́ў ад нараджэння ім Сару́ха дзвесце сем гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок, і памёр.
22 І жыў Сару́х сто трыццаць гадоў, і нарадзіў Нахора.
23 І жыў Сару́х пасля нараджэння ім Нахора дзвесце гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок, і памёр.
24 І жыў Нахор семдзесят дзевяць гадоў, і нарадзіў Та́ру.
25 І жыў Нахор пасля нараджэння ім Та́ры сто дваццаць дзевяць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок, і памёр.
26 І жыў Та́ра семдзесят гадоў, і нарадзіў Абра́ма,6 і Нахора, і Ара́на.
27 Вось жа радавод Та́ры: Та́ра нарадзіў Абра́ма, Нахора і Ара́на. Ара́н нарадзіў Лота.
28 І памёр Ара́н перш, чым Та́ра, бацька яго, у зямлі, у якой нарадзіўся, у краіне халдэ́яў.7
29 І ўзялі Абра́м і Нахор сабе жонак. Імя жонкі Абра́ма Са́ра, і імя жонкі Нахора Ме́лха, дачка Ара́на, бацькі Ме́лхі і Е́схі.
30 І была Са́ра бясплоднаю, і не нараджала дзяцей.
31 І ўзяў Та́ра Абра́ма, сына свайго, Лота, сына Ара́на, сына свайго сына, Са́ру, нявестку сваю, жонку сына свайго Абра́ма, і вывеў іх з краіны халдэ́яў, каб пайсці ў зямлю Ханаа́н,8 і прыйшоў у Хара́н,9 і пасяліўся там.
32 І былі дні Та́ры ў Хара́не дзвесце пяць гадоў, і памёр Та́ра ў Хара́не.

Каментары ці зноскі:

1 1: Даследаванні паходжання чалавека пацвярджаюць, што ўсе людзі мелі аднаго продка, сённяшняе мовазнаўства, аналізуючы мовы свету (а іх каля 6,5 тысячаў), даводзіць нам пра адзіную прамову чалавецтва.
2 2: Грэц. Σεννααρ (гбр. שִׁנְעָר) — старажытная назва Месапата́міі.
5 3: Ужыванне антрапамарфізмаў, як у гэтым вершы, вельмі часта сустракаецца ў Бібліі.
9 4: У гбр. Бібліі замест назвы Змяшэнне ўжываецца імя ўласнае места — Бабэ́ль (гбр. בָּבֶל). Перакладчык Септуагінты ўжыў у гэтым выпадку гутарковае разуменне назвы Бабэ́ль, якая ўсё ж мае іншае значэнне — Брама Бога.
12 5: У арыгінальнай Бібліі і Вульгаце толькі трыццаць пяць гадоў, падобная розніца будзе і ў наступных вершах.
26 6: Тут першы раз з’яўляецца імя Абра́м, якога потым Бог назаве Абрага́мам. Прабацька ізраільцянаў і іншых семіцкіх плямёнаў. Гады яго жыцця дакладна невядомыя, магчыма 1792 — 1750 перад Н.Х.
28 7: Халдэі першапачаткова сяліліся ля ўтоку Эўфрата ў Персідскі заліў. Заснавалі шэраг пасяленняў у заходняй Бабілоніі, у 625 г. да Н.Х. заваявалі места Бабілон.
31 8: Зямля Ханаа́нская — пазнейшая Палестына.
31 9: Адно з самых старажытных паселішчаў свету ў паўночнай Месапата́міі, дзе памёр і быў пахаваны бацька Абрага́ма Та́ра (11:32), дзе таксама жыў Ла́бан (27:43).

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Роду, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016